А Вільня пасля шумнай каранацыі Маткі Боскай усё яшчэ не можа супакоіцца. На вуліцах шмат багамольцаў, турыстаў. Колькі грошай каштавала ўся гэта буфанада! Пачаў складацца нейкі верш:

Маці боская, што ў Вастрабрамскай капліцы,

Як магла ты не пратэставаць і згадзіцца,

Каб табе ўсклалі каты карону на скроні,

алі ўсе нашы маткі ў жалобе сягоння,

Калі звон пут і шыбеніц скрып не сціхае,

Беспрасветная ноч – над зняволеным краем…

Ад Т. пазычыў некалькі нумароў "Лефу". Ён іх атрымаў ад былога пасла клуба "Змаганне" I. Дварчаніна. Калі апошняга арыштавалі, а клуб паліцыя апячатала, часопіс застаўся ў Т. Здзіўляючая ва ўсіх нас цяга да новага. Якому чорту можа прыйсці ў галаву, што ў глухіх і цёмных кутках Заходняй Беларусі нашы паэты пільна сочаць за ўсім тым, што адбываецца на свеце, хоць многія з іх яшчэ не авалодалі нават элементарнай тэхнікай верша.

На рынку, калі купляў абрэзкі кілбасы, сустрэў знаёмага мядзельскага гандляра. Скардзіўся, што сяляне амаль нічога не купляюць. Безграшоўе страшнае. Ашчаджаюць на солі, на газе, на запалках.

– Вы тут – у Вільні – не чулі, чым гэта ўсё можа кончыцца?

У Г. Дэмбінскага пазнаёміўся з рэзалюцыяй Львоўскага з’езда работнікаў культуры (16–17 мая), на якім ён выступаў ад імя працоўных Заходняй Беларусі. З’езд гэты выклікаў магутнае рэха ва ўсёй Польшы. Ён быў баявой дэманстрацыяй адзінства інтэлігенцыі і рабочых мас, патрабуючых стварэння Народнага фронту. На гэты з’езд меўся паехаць і я. Яшчэ ў Пількаўшчыну Зося Асаевіч прывозіла мне некаторыя матэрыялы для выступлення, але мяне затрымалі розныя неадкладныя справы, звязаныя з газетай "Наша воля", з маім зборнікам "На этапах" і асабліва – узмоцненая слежка.

Вечарэе. Калі быў малым, вельмі баяўся цемені. Нават лежачы з дзедам у запечку на нарах, стараўся з галавой схавацца пад коўдру. А зараз – падружыў з начною цеменню, якая ўжо не раз мяне ратавала.

6/V

На адкрыцці помніка на магіле Казіміра Сваяка сустрэў некалькі знаёмых гімназістаў. Яны расказалі мне, што іх выклікаў дырэктар Р. Астроўскі і забараніў ім сустракацца са мною, як чалавекам, які сядзеў за камуну, а зараз знаходзіцца пад наглядам паліцыі і г. д.; таксама забараніў ім заходзіць у рэдакцыю газеты "Наша воля" і ў Таварыства беларускай школы…

Нешта зноў актывізуецца пан дырэктар у старой сваёй ролі памагатага кірціклісаў, бацянскіх, ясінскіх, пятроўскіх… Трэба прызнаць, што нялёгкая справа – служыць столькім гаспадарам. Праўда, сяк-так дагэтуль спраўляўся.

17/VI

Рэклама: "Цукар дае сілу", "Насіце каўнерыкі толькі вядомай фірмы "Штраус"… Гэта вельмі прамаўляе да свядомасці беспрацоўных, якіх, падае Бюро пасрэдніцтва працы, на 15 красавіка ўжо было 458 064 чалавекі.

Каля кінатэатра "Люкс" нейкія п’яныя пачалі бойку. Сабраўся натоўп, наляцела паліцыя.

Занёс у "Нашу волю" артыкул Паўліка "Прачытайце… і будзе ясна". Артыкул напісаны ў адказ на выступленне рэдактара "Беларускай крыніцы" супроць лініі нашай газеты. У гранках пазнаёміўся з артыкулам Якуба Коласа "Аб беларускай паэзіі". Сярод імён паэтаў, якіх ён называе, – Хадыка і Куляшоў. Я, здаецца, яшчэ нічога іх не чытаў. Пайду заўтра шукаць іх вершаў па бібліятэках. А зараз сяджу за прысланымі ў рэдакцыю творамі Я. Сумнага, В. Бурстальгама, А. Чаромхіна, А. Дзіка, Я. Каліны, В. Кісяля, М. Ліста, М. Дубровіча, А. Іверса… Вершы апошніх двух – найбольш цікавыя і арыгінальныя. Трэба будзе іх паказаць Паўліку і дзядзьку Рыгору.

На браме, што вядзе на магільнік Роса, нехта наклеіў абвестку: "Здаецца пакой з асобным уваходам, з дамашнімі абедамі і маладой гаспадыняй". З матрыманіяльнага аддзела адной газеты: "Панна з вадзяным млынам шукае кавалера з ветраком…". Ужо каля месяца не было дажджоў. Шмат дзе, чуваць, не абышла нават ярына. А з зімы вельмі слабае выйшла і жыта. Няўжо і гэты год будзе такі неўраджайны і галодны, як 1928 ці 1933?

18/VI

Прыехаў С. са сваімі вершамі, прэтэнзіямі і рапаўскімі замашкамі. Прыехаў шукаць кантакту з Народным фронтам і каб я яму ў гэтым дапамог. Вечарам бачыўся з Паўлікам. Ён чамусьці вельмі насцярожана аднёсся да прыезду С, прасіў мяне неадкладна папярэдзіць таварышаў з "Папросту" і "Нашай волі", каб яны не ўступалі з ім ні ў якія перагаворы. Нават грошы, якія даў для яго на зваротны білет, раіў, каб я не сам уручаў С, а хто-небудзь з работнікаў рэдакцыі. Не знаю, у чым справа. Распытваць не выпадала.

Сёння атрымаў ад Паўліка цудоўны падарак – два тамы У. I. Леніна, выдадзеныя ў Варшаве "Домам кнігі польскай". Зараз можна будзе, не хвалюючыся, чытаць гэтыя творы.

Заглянуў на Буковую. Думаў, ёсць якія звесткі ад Лю. Але дома застаў толькі яе старога бацьку. Ён сядзеў на кухні і займаўся майстэркай – выразаў драўляныя чарапкі, лыжкі, вілкі. Гэта – адзіны яго заробак, за які купляе сабе папяросы і хлеб. У хаце неяк сумна і ціха. Раней, калі тут жыла цэлая наша грамада, хоць было бедна і голадна, але – весела і шумна. Вечарамі да позняй ночы спрачаліся, спявалі песні, чыталі Горкага, які тады быў неадлучным і найбольш аўтарытэтным нашым настаўнікам і другам.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже