Хутка прыйшла з базару і старая. Даўно ўжо і яна, казала, не мела ад Лю ніякіх звестак. А можа, не хоча казаць, як некалі не хацела перадаваць ёй маіх астрожных пісем, баючыся, каб я і на дачку яе не наклікаў якой бяды. Хоць сама, старая, надзвычайная жанчына. Колькі раз у цяжкія хвіліны яна памагала нашым таварышам і мне!
Ад студні прынёс я ёй два вядры вады. На вуліцы спыніла мяне жонка крамніка Янкеля. Відаць, пра нешта хацела запытаць, але прыйшлі пакупнікі і яна пабегла іх абслугоўваць.
Каля галоўнай управы Таварыства беларускай школы чагосьці круціліся паліцыя і шпікі. Я накіраваўся ў бок Вастрабрамскай, да знаёмага гандляра кнігамі, які абяцаў мне дастаць у букіністаў "Песні" Чачота. Каля ратушы ледзь прабраўся праз натоўп гімназістаў. Чым жыве гэта моладзь? Няўжо ёй не надакучыла гэта рамантыка – шавіністычная жвачка, якой яе штодзень кормяць настаўнікі, ксяндзы, кіно, радыё, друк?.. А самае страшнае – гэта моладзь не знае не толькі ўсёй, але і паловы і нават чвэрці праўды – цяжкай, суровай, трывожнай праўды жыцця.
19/VI
Абышоў добры дзесятак газетных кіёскаў, пакуль на Пагулянцы не знайшоў апошні нумар "Аблічча дня" з вершамі Уладзіміра Слабодніка. Адзін з іх мне найбольш спадабаўся, і я, зайшоўшы ў Бернардынскі парк, пераклаў яго:
Не час спяваць калыханкі,
I я табе заспяваю
Аб тым, што не кожны сёння
Мае і вугаль, і хлеб,
Бо вугаль ляжыць пад зямлёю
I глыбока ў сэрцы нашым
Чорнае, чорнае зло.
Цяпер за акном марозна,
Крычыць вараннё галоднае.
Галосяць адны, а другія
Сціскаюць свае кулакі,
Бо на зямлі здзек і голад,
Бо на зямлі снег і подласць,
I глыбока ў сэрцы нашым
Чорны, чорны гнеў!
На Завальнай сустрэў Я. Шутовіча, ад якога даведаўся аб смерці М. Горкага. Не стала аднаго з самых любімых пісьменнікаў і настаўнікаў.
20/VI
Рыльке лічыў бяздарным таго аўтара, чый твор напісаны мовай, цяжкай для чытання. Тады як жа быць з Дастаеўскім? Сёння I., адстайваючы сваю апалітычнасць, спаслаўся на верш нейкага Ю. Эйсланда пра птушку, якая на пытанне: ці яна на левай, ці на правай старане? – адказала, што яна – па-над партыямі, угары.
Тройчы быў у Д. і не застаў яго дома. На адзін з маіх званкоў з суседніх дзвярэй выйшаў малы хлапчук, паглядзеў на мяне і заявіў: "Мамы няма. Я толькі з Тубікам дома".
Узяўся за газеты, але мусіў іх адкласці. Неяк не мог сабрацца з думкамі. Відаць, грып дабраўся і да мяне. Трэба было б купіць пару парашкоў "Пеўнікаў" ад галаўной болі. У мінулую вайну ў сям’і майго задубенскага дзеда за адзін тыдзень гэты пракляты грып, які тады называлі "іспанкай", сем чалавек адправіў на магільнік. Застаўся толькі дзядзька Ігнась, хоць і таму ўжо былі падрыхтавалі месца спачынку.
Нідзе не магу знайсці (для Гарасіма), які працэнт паноў быў на нашых землях. Пытаўся ў гісторыкаў, але і яны падаюць прыблізную лічбу – 10–15 %. Няўжо столькі было гэтай саранчы? Аж страх падумаць, колькі над мужыцкім каркам стаяла прыганятых!
На стале – пісьмо М. Васілька. Скардзіцца Міхась на бясхлебіцу, нішчымніцу, нястачу…
З захаду, асвятляючы свой шлях бліскавіцай, напаўзае хмара.
Прыйшла гаспадыня. Расказвае, як ля Галяў пабіліся п’яныя рамізнікі. Потым пайшоў блукаць па лабірынце прывакзальных вуліц. Агулам, у Вільні столькі цудоўных закуткаў, дзе можна без дэкарацый лепш, як на тэатральных падмостках, паказваць розныя жанравыя сцэны, ставіць містэрыі, драмы. Толькі на Лукішскай плошчы колькі разыгрывалася трагедый! Пры цару – вешалі паўстанцаў 1863 г., а зараз – разганяюць дэманстрацыі беспрацоўных, пад канвоем пераганяюць асуджаных. На Казюка – некалькі дзён шуміць і грыміць мнагалюдны фэст.
24/VI
Ратуючыся ад дажджу, забег у касцёл Святога Якуба якраз у той час, калі ксёндз гаварыў пропаведзь. Спачатку, разглядаючы алтар і абразы святых, я не прыслухоўваўся да голасу, што ўсё мацней і мацней грымеў з амбону, але потым – а дождж не пераставаў – і я быў змушаны выслухаць яго да канца. Прызнацца, яшчэ ніколі мне не даводзілася чуць такой дзікай пропаведзі тыповага цемрашала ў сутане. Гаворачы аб упадку маралі, веры ў Бога і ў сваю каталіцкую дзяржаву, якой апякуецца сама Матка Боская, ён заклікаў усімі сіламі і сродкамі змагацца супроць вальнадумцаў, масонаў і камуністаў. Бічаваў вялебны і талерантаў, якія стаяць у старане ад барацьбы за святую справу. "Такія неразумныя людзі, – гаварыў з абурэннем, – часцей за ўсё становяцца кладкамі, па якіх найлягчэй у душы іх і другіх веруючых прыходзяць перш грэшныя думкі, потым – розныя спакусы і нарэшце – сам д’ябал…".
Разам з натоўпам я выйшаў з касцёла і падаўся берагам Віллі. Навальніца змыла пыл, асвяжыла паветра і зеляніну дрэў. Лягчэй стала дыхаць. У бібліятэцы імя Урублеўскіх П. даў мне перагледзець апошнія навіны савецкай беларускай літаратуры. д яго ж даведаўся, што ў Вільню прыязджаў Я. Івашкевіч, выступаў з чытаннем сваіх вершаў. Шкада, што я не змог яго паслухаць, хоць паэзія яго мне здаецца нейкай мармуровай, стылізаванай і бязлітасна дасканалай па форме.
6/VII