На Нобелеўскую прэмію міру вылучаны Карл Асецкі. Толькі ніхто не знае, у якім лагеры трымаюць яго фашысты і нават ці жывы ён. Пра Асецкага надрукаваны ў 19 нумары "Сігналаў" цікавы артыкул аўстрыйскай паэтэсы Віндобаненсіс. I скандальны факт падаецца ў зносцы: што Саюз польскіх пісьменнікаў адмовіўся падтрымаць гэту кандыдатуру. Многаму маглі б мы навучыцца ў Дантэ, як пісаць пра сучаснае пекла, а ў Міцкевіча – як змагацца з творцамі гэтага пекла. Цікава, што ў нас да гэтага часу папулярызавалася і перакладалася творчасць пасрэдных паэтаў, а не гэтых волатаў.

10/VII

На 7–10 дзён з Вільні выязджае ў турысцкі паход па Навагрудчыне група беларускіх студэнтаў. Група складаецца з людзей з рознымі палітычнымі перакананнямі; яны, напэўна, едуць не толькі з краязнаўчымі, але і з прапагандысцкімі мэтамі. Паўлік раіў і мне адправіцца ў гэты паход. "З нашых, – казаў, – будзе там яшчэ адзін дужа сімпатычны таварыш К. – студэнт праваслаўнай духоўнай акадэміі. Удвух вам будзе весялей…". Я ахвотна згадзіўся на гэта падарожжа, бо хацелася пабываць на радзіме двух Міцкевічаў і яшчэ раз наведаць знаёмыя мясціны, дзе шмат было ў мяне харошых і сардэчных сяброў па школе, па супольнай працы, па цяжкіх этапных шляхах.

12/VII

У Валеўцы – зборны пункт усіх удзельнікаў нашага турысцкага паходу. Дарога, якой мы вандравалі з Навагрудка, цягнулася паміж узгоркаў і ўзлескаў. Яны доўга хавалі ад нашага зроку і гэта маляўнічае сяло, якое неспадзявана з’явілася перад намі толькі тады, калі мы амаль упрытык наблізіліся да яго агародаў, садоў і хат. Дзень быў святочны, пагожы, гарачы. На вуліцы – натоўп, коні, вазы. А над усім – густы і цяжкі гул царкоўных званоў, які, не маючы сіл узняцца вышэй абступаючых Валеўку пагоркаў і разліцца ў далечыні палёў, кружыў і вірыў на месцы.

Адгэтуль да Свіцязі – падаць рукой. Але мы тут змушаны былі крыху спыніцца, бо толькі паспела сабрацца каля царквы наша турысцкая група, як з’явілася паліцыя. Пачалася праверка дакументаў. Думаў, што затрымаюць, але ўсё абышлося мірна. Запісалі толькі маё і яшчэ двух-трох чалавек прозвішчы ды распыталі, куды накіроўваемся. Быццам невядома ім было раней з беларускіх газет, якія пісалі аб нашым турысцкім паходзе. Не прадбачыў пясняр гэтай зямлі, калі пісаў:

Хто ў навагрудскія трапіць мясціны,

У нетры Плужанскага бору,

Помні: спыніцца тут хоць на хвіліну,

Глянуць на хваляў прасторы… –

што сёння, каб і не хацеў, кожнага, нават самога яго, затрымала б паліцыя і праверыла б дакументы.

13/VII

Дарога, спускаючыся ў нізіну, ледзь не збегла ў хвалі Свіцязі. Толькі ў апошнюю хвіліну, убачыўшы глыб возера з ценямі дубоў, вольх і бяроз, ускрыкнуўшы ад страху і захаплення, крута павярнула ўбок. Але і ўцякаючы, яна ўсё аглядалася на возера, да таго яно было прывабнае ў ззянні сонца, у сваей ціхай ранняй задуме. Я прылёг на беразе. Пачаў нешта грымзоліць, у неадлучным нататніку. Нічога ў мяне не атрымлівалася. I я, адчуўшы ўсю недарэчнасць падобных заняткаў, кінуў пісаць і пачаў проста глядзець на хвалі і трыснягі, на неба і аблокі, быццам на гэта можна было наглядзецца на ўсё жыццё.

14/VII

Ідзём на Варончу, на Цырын. Усе ідзём змораныя, нявыспаныя. Учора ў Плужанах, дзе начавалі, сустрэліся з мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі, з якімі прагаварылі амаль да самага світання. Яны далі мне з дзесятак адрасоў. Вярнуўшыся ў Вільню, трэба будзе па іх паслаць нашы газеты, кнігі. Запісаў некалькі народных песень, частушак. Моладзь шкадавала, што толькі на адну ноч мы спыніліся ў Плужанах і яны не змаглі з намі пагаварыць аб усім, што цікавіць, хвалюе. Асабліва наракалі на беспрасветнасць свайго жыцця. Пасля ліквідацыі "Грамады", закрыцця гурткоў Таварыства беларускай школы – усё пад забаронай. Каб паставіць у нейкай адрыне той самы "Мікітаў лапаць", што ўжо надакучыў усім, трэба разоў дваццаць схадзіць у гміну ці аж у староства па дазвол.

Па ўсёй дарозе сустрэлі толькі тры фурманкі. На адной – нейкі вусаты дзядзька ў сіняй маціёўцы з маленькім бліскучым брыльком вёз збітую з аполкаў клетку, у якой звычайна возяць на кірмаш прадаваць свіней; на другой ехаў, хістаючыся на калдобінах, цэлы стог духмянага мурагу; на трэцяй – сям’я цыганоў. Цыганы доўга аглядаліся на нас. Відаць, былі здзіўлены і нашым незвычайным выглядам і стракатым складам усёй нашай кампаніі, якая, расцягнуўшыся на кіламетр, брыла абочынамі дарогі.

15/VII

З кароткімі перапынкамі прайшлі Далматоўшчыну, Турэц, Ярэмічы і выйшлі на маляўнічы бераг Нёмана.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже