У дарозе разгарэліся спрэчкі на тэму Народнага фронту ў Польшчы і ўдзелу ў ім нацыянальных меншасцей, аб ролі мастацтва і літаратуры ў жыцці… Больш за ўсё здзівіла нашых ідэйных праціўнікаў, што студэнт духоўнай акадэміі К. стаяў на старане левых і ў спрэчках паказваў сябе глыбокім знаўцам марксісцкай філасофіі і літаратуры, чым не маглі пахваліцца апаненты. Як Паўлік знайшоў гэтага даўгалыгага, як тычка, і надзвычай цікавага чалавека? На адным з прывалаў ён прызнаўся мне, што ў духоўную акадэмію падаўся таму, што ва універсітэце не было за што вучыцца, а там далі стыпендыю ды памаглі крыху падлячыць сухоты – хваробу, якая ўжо некалькі год яго мучыць.

Сапраўды, выгляд у яго быў неважнецкі. Кожную ноч кашаль доўга не даваў яму заснуць. К. нават не пайшоў з намі купацца, хоць было горача і ўсе мы яго ўгаворвалі акунуцца ў свежай бруі Нёмана.

Дык вось ён, наш прыгажун Нёман, апеты ў столькіх песнях, легендах, паданнях! I я яго часта ўспамінаў, хоць толькі сёння змог з ім легальна і па-сапраўднаму пазнаёміцца. Добра, што аж да Шчорсаў будзем ісці яго берагам, бо так хацелася б на яго палюбавацца і пры сонцы, і пры зорах, і на золку, і на змярканні…

17/VII

Толькі пад самы поўдзень мы дабраліся да першых пералескаў, якімі пачынаецца Налібоцкая пушча. Яна непрыкметна ўцягвала нас у сваю ўсё большую і большую засень, зялёную глыбіню і цішыню. I мы не агледзеліся, калі знікла неба і над намі ўзняліся дрымотныя кроны мачтавых сосен. Праўда, нетра хутка скончылася, і неспадзявана пачаліся прасекі – адна, другая, трэцяя. I так да самай Кромані. Мы ўсе, уражаныя, моўчкі ішлі праз гэтыя высечаныя дзялянкі, як праз магільнік. I балюча і крыўдна было глядзець на гэта варварскае знішчэнне велічнай пушчы: толькі навокал возера – каб не абмялела – было пакінута крыху некранутага лесу. Пад вечар мы спыніліся каля сядзібы лесніка і папрасіліся на начлег. Ён досыць гасцінна прыняў нас, нават дазволіў пакарыстацца яго лодкай. Пакуль некаторыя з удзельнікаў пайшлі ўладкоўвацца ў пуні, рыхтаваць вячэру, мы выехалі на возера. Каля трыснягоў заўважылі некалькі дзікіх качак. Яны нават не ўзняліся, калі мы зусім блізка падплылі да іх, а нырнулі і выйшлі з другога боку нашай лодкі. I так паўтаралася, пакуль нам не надакучыла ганяцца за імі.

На другім баку возера, быццам гуляючы ў хованкі, то ўспыхваў, то пагасаў агонь кастра. Хто яго там распаліў? 3 трысця пачала выпаўзаць густая імгла. Яна нізка слалася па вадзе, па карэннях дрэў, абдымаючы іх камлі. Пакуль дайшла да нас, нам здавалася, што пушча ўзнялася і вісіць паміж цёмнай, роснай зямлёй і яшчэ не астылым ад вячэрняй зары небам.

19/VII

Учора пабывалі ў Любчы і Нягневічах. Думаў, можа, каго сустрэну са сваіх старых сяброў. Але, відаць, бурны вецер падзей, які тут бушаваў усе гэтыя гады, паразганяў іх па астрогах і па розных дарогах таго і гэтага свету.

У Навагрудку наведаў на гары Міндоўга руіны замка, з якіх адкрываецца рамантычная мінуўшчына і невясёлая, непрыветная сучаснасць. Да цягніка ў мяне было шмат часу, і я пайшоў блукаць па крутых і гарбатых завулках Навагрудка. Відаць, калісьці гэта быў ціхі і ўтульны гарадок. Амаль такі ён і цяпер застаўся, хоць лёс даў яму як засцянковаму шляхціцу неспадзявана павышэнне – зрабіў яго ваяводскім цэнтрам. I зараз ён – цераз сілу – стараецца быць не горшым ад іншых. Пакуль што яму ўдалося пабудаваць не горшую, як у іншых, турму, даць прыстанішча не горшай, як у іншых, а нават больш азвярэлай плойме паліцыі і шпікоў і незлічонай ардзе чыноўнікаў.

Бывай, Навагрудак! Я знаю, што, не зважаючы на часы пагарды, тут жыве шмат і харошых людзей, якія заўсёды гатовы падзяліцца з кожным, як дзяліліся і са мною, сваім цяплом і хлебам, сваімі думкамі і надзеямі на лепшую будучыню.

20/VII

Вярнуўшыся са сваёй турысцкай вандроўкі, ад дзядзькі Рыгора даведаўся, што цэнзура канфіскавала мой зборнік "На этапах".

Забег у бібліятэку Беларускага музея, дзе пазычаў некалькі фальклорных зборнікаў. М. паказала мне цікавы сшытак Дубяйкоўскага: "Пагаворкі". Я, захапіўшыся, так і не змог адарвацца ад гэтага рукапісу, пакуль не прачытаў і не перапісаў у свой блакнот з паўсотні яго пагаворак. Шкада, што ў нас няма ніякіх сродкаў, ніякіх магчымасцей выдаваць такія

рэчы.

Сустрэўся з Гарасімам. Нейкі ён сёння быў сумны і задумны.

Я яму расказаў пра падарожжа па Навагрудчыне, пагаварыў пра розныя іншыя справы. Неспадзявана ён запытаўся, што я ведаю пра Кастуся Каліноўскага.

– Пацікаўся больш гэтым героем, – параіў мне. – Трэба адбіць яго ў хадэкаў. Каліноўскі – не іх святы, і дарма яны лезуць да яго ў сваякі.

Калі развітваліся, ён падарыў мне сваю ручку-самапіску фірмы "Пелікан". Пажадаў мне напісаць шмат харошых твораў, у тым ліку – і пра Кастуся Каліноўскага. Мы разам з ім выйшлі на вуліцу. Я некалькі хвілін пачакаў пад брамай, пакуль сціхлі ўначы яго крокі, а потым і сам паплёўся на сваё далёкае прадмесце Новы Свет. Цікава, чаму яго так назвалі? Хутчэй яго можна было назваць "Тым светам", бо нідзе не было столькі магільнікаў, як на гэтым прадмесці.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже