Заўтра трэба будзе зноў пайсці ў музей ды распытацца ў нашых кніжнікаў і фарысеяў, дзе знайсці матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага. Чуў, што ў Віленскім архіве захаваліся ўсе судовыя акты, паказанні сведак і прыгавор з рэзалюцыяй Мураўёва: "Согласен, повесить". Трэба будзе неяк да гэтых матэрыялаў дабрацца. Тут прыйдзецца звярнуцца па дапамогу да польскіх сяброў. Але чаму ўсім гэтым зацікавіўся Гарасім? Няўжо ён не чытаў разгромных артыкулаў пра паўстанне 1863 года, пра Каліноўскага, якія друкаваліся ў Мінску? Не чытаць ён іх не мог. Асабліва я рады быў, што ў нас пачынаюць такія людзі, як Паўлік, Гарасім, больш удумліва ставіцца да мінуўшчыны. Ранейшы нігілізм да гісторыі народа шкадліва адбіўся на нашай літаратуры, якая – як ніводная літаратура на свеце – стала агістарычнай. Тыя ж творы пра розных князёў і князёўнаў, магнатаў і мужыкоў настолькі лубачныя і схематычныя, што пра іх можа быць гаворка толькі як пра нейкі тэатральны рэквізіт.
26/VII
Друкар Багаткевіч пад палой прынёс мне некалькі экземпляраў майго зборніка "На этапах", якія ўдалося яму прыхаваць. Перагортваю старонкі сваёй першай кнігі. Яны яшчэ пахнуць свежай друкарскай фарбай. Ды і вершы, надрукаваныя, мне здаюцца лепшымі. Цэнзура, чуваць, канфіскавала і вокладку мастака Сеўрука. I так, мае "На этапах" зноў пайшлі па этапах.
Два экземпляры "На этапах" паслаў у Мінск на адрас Акадэміі навук. Адзін – Я. Купалу, другі – Я. Коласу.
Вечарам засеў за сваю паэму "Нарач". Апошнія дні шмат пішу, перакрэсліваю, перарабляю напісанае раней. Але ў вачах стаяць радкі вершаў. Я іх нават бачу на чыстым лісце паперы. Кажуць, другая кніга паэта часта бывае горшая. Трэба будзе пастарацца даказаць, што гэта не так.
30/VII
Каля ратушы сустрэў старога Самойлу. Ён чуў пра лёс майго зборніка. Думае чамусьці, што яго канфіскавалі за прадмову дзядзькі Рыгора.
Пасля першага захаплення сваёй кнігай пачынаю крытычна перагортваць яе старонкі. Відаць, трэба было больш строга падысці да выбару вершаў і працэнтаў трыццаць слабейшых выкінуць. Зборнік ад гэтага толькі выйграў бы.
Закончыў трэцюю частку паэмы "Нарач". Трэба было б узяцца за апавяданне. Некаторыя ўгаворваюць спрабаваць напісаць п’есу. Толькі баюся, што нічога талковага пакуль што ў мяне не выйдзе. Пісаць жа такія бездапаможныя п’есы, як некаторыя з нашых драмаклёпаў, не варта. Заўтра трэба будзе напісаць для "Нашай волі" нарыс пра падарожжа па Навагрудчыне.
31/VII
Поўнач. Нехта доўга звоніць да дворнічыхі. Напэўна – паліцыя. За акном – мігатлівае святло электрычных ліхтарыкаў. Бачу: ідуць два паліцыянты, нехта ў цывільнай вопратцы і дворнічыха. Пэўна, ідуць шукаць мой канфіскаваны зборнік. Здаецца, нічога недазволенага ў мяне і ў Сашкі няма.
Чуваць, як падымаюцца па лесвіцы на наш паверх. Грукаюць у дзверы. Усёй гурбою ўваліліся ў пакой. Ператрэслі мае кнігі, паперы. Нічога не знайшлі. Шпіцаль, апрануты па-цывільнаму, спытаў толькі, калі пісалі пратакол рэвізіі, якія народнафрантавыя газеты я выпісваю і як даўно працую ў рэдакцыі "Нашай волі". Пасля рэвізіі чуюся нейкі разбіты, хоць, здаецца, пара было б прызвычаіцца да падобных візітаў. Цікава, у каго яшчэ былі рэвізіі?
Узяўся за верш пра Іспанію. Толькі што я знаю пра гэту краіну? Каб напісаць добры твор – мала газетных звестак. Калісьці Н. і К. абяцалі з Мадрыда напісаць, але, можа, ці лісты, ці яны самі недзе загінулі.
Іспанія! Нават калі іду па вуліцы, прыслухоўваюся да крыку газетчыкаў. Кожная вестка з іспанскага фронту ўсіх нас хвалюе.
1/VIII
У газеце "Наша воля" цэнзура канфіскавала мой верш. Дзіўная рэч! Мацнейшыя вершы праходзілі, а тут – прычапіліся. Быў у старостве, куды выклікалі па справе майго канфіскаванага зборніка "На этапах". Сказалі, каб яшчэ прыйшоў да іх у аўторак.
7/VIII
Атрымаў на рэцэнзію вершы Я. Каліны, М. Званара і нейкага безнадзейнага графамана М. Тулейкі. А. Мікулка пытаўся, ці чытаў я апублікаваныя ім у "Папросту" лісты Б. Ясенскага, прысланыя з Парыжа. Як я прапусціў гэты нумар газеты? У лістах ёсць цікавыя звесткі пра яго выдатную паэму "Якуб Шэля", якую я калісьці недаацэньваў і пераацэньваў "Палю Парыж". 3 апошняга нумара "Сігналаў" пераклаў дзве вострыя палітычныя эпіграмы: першая – Т. Галендара, другая – С. Е. Леца.
Фронтам да Лоппа*, фронтам да хлопа,
Фронтам і фронтам. Няма як дыхнуць.
Паны, даруйце, – што ж рабіць з попай,
У які бок попу нам павярнуць.
***
Цяжка з галоў вашых выкрасіць мыслі,
Калі яны, мохам пакрытыя, звіслі.