Пачынаем рабіць сякія-такія захады, варушым справу арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Справа гэта складаная. Калі нават атрымаем дазвол, дык трэба будзе яшчэ распрацаваць ідэйную платформу, якая магла б аб’яднаць людзей з рознымі палітычнымі поглядамі.

26/VIII

Дождж перакрэсліў усе мае сённяшнія сустрэчы на лоне прыроды. Дачытаў Раманава. Напісаў паштоўку М. Машару пра нашы літаратурныя справы і пра тое, што яго сапраўдныя сябры – не на той старане, дзе арудуюць званары з "Беларускай крыніцы", "Хрысціянскіх думак" і "Шляху моладзі".

27/VIII

У "Нашай волі" надрукаваны артыкул Віча (Р. Р. Шырмы). У ім аўтар здорава высцебаў Я. Найдзюка, які, здаецца, зноў збіраецца супроць мяне друкаваць новую сваю піліпіку. Ну і ёлупень!

Напісаў пісьмо дамоў. У Іспаніі – неразбярыха.

Праз гэту вайну сяджу без хлеба – усе грошы пайшлі на газеты.

29/VIII

Працую над вершам, прысвечаным Я. Коласу, і яшчэ над адным лірычным вершам:

Прайдуць гады разорамі, шляхамі,

Сатруць няволі чорныя сляды…

30/VIII

Працаваў над чацвёртай часткай паэмы "Нарач". Вечарам быў у дзядзькі Рыгора, які расказаў пра закулісныя хадэцкія гутаркі аб маім зборніку. Распускаюць чуткі, што яго выдалі камуністы, што В. Труцка – не выдавец, а падстаўная асоба, і г. д. Відаць, яшчэ трэба будзе выгарбаваць ім скуру – выступіць у "Нашай волі" і параіць, каб не адбіралі яны хлеб ад пракурора і следчага аддзялення.

2/ІХ

Усе гэтыя дні працую над паэмай "Нарач". Прачытаў М. Васілька. Шмат лозунгаўшчыны і палітэканоміі. Найбольш удалыя вершы – лірычныя. На паэзіі яго адчуваецца ўплыў Някрасава. Ад "Шуму баравога" да паловы трыццатых гадоў у яго творчасці быў нейкі застой. Зараз ён зноў выйшаў на сваю дарогу. Апошнія яго вершы вылучаюцца новай вобразнасцю, ідэйнасцю.

4/ІХ

Атрымаў пісьмо ад М. Машары. Адчуваецца, што крытыка "Падарожжа" вельмі глыбока яго закранула. Звар’яцеў чалавек на пункце "вольнага паэта". 3 гэтай даўно абанкручанай пазіцыі і далей адстойвае сваю паэму.

Гаварыў з Паўлікам. Пазнаёміў яго з пісьмом М. Машары. Паўлік крыху пажурыў мяне за востры тон маёй рэцэнзіі. Дамовіліся, каб я ў сваім пісьме запрапанаваў М. Машару прыехаць у Вільню і дагаварыцца з ім аб супрацоўніцтве ў нашых друкаваных органах.

– Калі сустрэнемся, – гаварыў Паўлік, – мы яго ўгаворым пераехаць жыць з яго глухіх Таболаў у Вільню. Тут лепшыя будуць умовы для яго творчага росту.

Паўлік ужо гутарыў на гэту тэму з некаторымі хадэкамі, прапанаваў ім нават пакрыць кошты пераезду, кватэры. Але апошнія нешта ўпіраюцца. Відаць, баяцца, каб паэт, які і так часта бунтуецца супраць іх і Бога, зусім не вызваліўся з-пад іх апекі.

Да позняй ночы засядзеўся ў дзядзькі Рыгора. Да яго зайшоў нейкі валацуга-музыка з-пад Ашмян і іграў на цымбалах. Асабліва прыгожа іграў народныя вясельныя песні.

6/ІХ

Працую над чацвёртай часткай "Нарачы", над новымі вершамі для "Беларускага летапісу", "Руні", "Калосся". Апошнія дні чуюся нейкі змораны. А яшчэ трэба адказаць на шмат лістоў. Добра, што маю два вольныя дні ад розных сустрэч – панядзелак і аўторак (7–8/ІХ), – два вольныя дні ад розных перагавораў і паездак. Прызнацца, надакучыла мне мае цыганскае жыццё. Цягне на вёску. Часамі на вуліцы чую пах свежай раллі, шум лазнякоў на нашых балотах – у Нявераўскім, у Шыпаўцы. Я ўпэўнены, што дома хутка свежы вецер змыў бы з мяне і стому, і пыл, і бруд, які плыве тут з падваротняў "Роднага краю", шавіністычных, фашысцкіх і клерыкальных рэдакцый і задворкаў і асядае на сэрцы.

А тут яшчэ не так лёгка наладзіць працу, завязаць кантакты з некаторымі старэйшымі прагрэсіўнымі дзеячамі, якіх калісьці з лявацкіх пазіцый наш друк абвінаваціў ва ўсіх смяротных грахах.

9/ІХ

Пазнаёміўся з цікавымі хлопцамі, якія прыехалі вучыцца ў Вільню. Атрымаў пісьмо ад Міколы Засіма і жмут яго новых вершаў. Некалькі яго сатырычных вершаў трэба будзе, выправіўшы, даць у газету, а рэшту занесці дзядзьку Рыгору на перахаванне. Канчаю пісаць чацвёртую частку паэмы "Нарач". Яна, здаецца, лепш удалася, як папярэднія. Калі б так пайшло далей, не баяўся б за канец паэмы. Агулам, калі пачынаў пісаць сваю "Нарач", у мяне не было ніякага плана. Перш думаў напісаць верш, але гэты верш разросся пад пяром, як нейкі лазовы куст, ва ўсе бакі даючы атожылкі. Аж дзіўлюся цяпер, як я, без ніякай папярэдняй падрыхтоўкі і параўнаўча без сур’ёзнага творчага багажу, адважыўся ўзяцца за такую рэч. Праўда, усё гэта адчуваецца на фрагментарнай кампазіцыі паэмы, на схематычных вобразах яе герояў. Можа, потым, калі ўсё давяду да канца, выпраўлю. А зараз – за працу!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже