Калі канчаў пісаць пісьмо Машару, зайшоў М. Бурсевіч. Прачытаў я яму новую частку "Нарачы" і перакладзеную "Іспанскую баладу" Э. Шыманскага. Пагаварыць нам з ім не ўдалося, бо да гаспадыні ўваліліся госці. Вечарэла. Я яго крыху правёў, а сам з матэрыяламі пайшоў у рэдакцыю. Каля будынка галоўнай пошты сустрэў Манцэвіча, ад якога даведаўся, што загадам віленскага староства закрыта газета "Наша воля". Я з паўдарогі завярнуў на старую сваю кватэру, думаў, можа, застану Паўліка. Але там яго ўжо не было некалькі дзён. Што за прычына? Чакаць яго – позна. Час і самому вяртацца дамоў. На некаторых вуліцах, за чыгункай, ліхтары былі пагашаны. Цемень – як у тунелі. Толькі недзе ўначы пераклікаліся паравозныя гудкі. Дома ў нас чамусьці гарэла святло. Няўжо яшчэ не разышліся госці? А можа, зноў прыйшлі з рэвізіяй? Памалу, прыслухоўваючыся, падымаюся па лесвіцы. Пазнаю голас знаёмага гаспадыні, афіцэра Рагозіна:
– Олечка, я вам яшчэ прачытаю адзін свой верш, на які ўжо напісана музыка…
Можа, не вяртацца дамоў, а яшчэ паблукаць па апусцелых вуліцах Новага Свету?
21/ІХ
Хадзіў да адваката З. Сукеніцкай. Жыве яна ў цэнтры Вільні, у сваім утульным і зацішным асабняку, акружаным цяністай зелянінай дрэў і дэкаратыўных кустоў. Раіўся з ёю па сваёй справе, звязанай з канфіскацыяй майго зборніка "На этапах". Зборнік мой яна атрымала ад некага з рэдакцыі "Папросту" і ўжо чула пра мой канфлікт з цэнзурай. Абяцала пацікавіцца маёй справай і, калі трэба будзе, выступіць у судзе. Я помню яшчэ па першаму нашаму групавому працэсу яе крыху жаночую, абаяльную, хвалюючую прамову, сказаную ў абарону маіх таварышаў. Мне тады як неабстрэленаму вераб’ю здавалася, што пасля яе слоў суд, расчуліўшыся, павінен даць зусім малое пакаранне, а тады маім таварышам усыпалі па чатыры гады, а мне з С. Лаворам і С. Скурко – па 6 год.
На стале ў яе ляжаў нейкі мастацкі часопіс з рэпрадукцыяй вядомай "Евы" Дунікоўскага, якая выглядала на толькі што вылепленую з гліны біблейным Богам першую жанчыну і патрабавала, як мне здавалася, яшчэ грунтоўнай дапрацоўкі, каб стаць падобнай да гаспадыні дома, што з мілай усмешкай распытвала мяне: як выдаваўся мой зборнік, хто такі выдавец В. Труцка, хто аўтар прадмовы і хто рабіў вокладку.
Гутарыў сёння з некаторымі нашымі старэйшымі дзеячамі аб школьных і іншых справах. Самая страшная рэч – абыякавасць. Калі з ёй не змагацца, яна, як дрыгва, можа загубіць любога чалавека. Відаць, кожная маладая генерацыя ў літаратуры пачынае з атакі сваіх папярэднікаў. I тут няма чаму асабліва дзівіцца. Ніхто яшчэ не стварыў універсальных узораў прыгожага для ўсіх часоў, пакаленняў і народаў. У рэдакцыі "Калосся" Я. Шутовіч паказаў мне некалькі новых вершаў Н. Апошні ўжо даўно нічога не адкрывае. Генезіс яго трагедыі ў тым, што ён паверыў сваім алілуйшчыкам, абвясціўшым яго выдатным, і пачаў пісаць рэчы, якія могуць часамі сабе дазволіць толькі сапраўды выдатныя. Але нам пакуль што гэтага рабіць нельга.
Знаёмячыся з сучаснай авангардысцкай паэзіяй, я ўсё часцей сабе задаю пытанне: чаму авангардысцкай паэзіяй называюць нейкі адзін напрамак, быццам другія нічога новага не адкрываюць? I чамусьці вельмі ахвотна прысвайваецца гэта званне паэзіі, якая ўсё больш і больш адыходзіць ад жыцця шырокіх мас, абмяжоўваючы, звужаючы круг свайго ўздзеяння? Мне цяжка быць прыхільнікам хараства, ключ ад якога я павінен верыць на слова – знаходзіцца у няпэўных руках аўтара. Называлі ж некаторыя авангардысты мастацтва "масавым", калі акрамя іх яго разумела яшчэ некалькі чалавек.
25/ІХ
Пісьмо ад Д. Піша, што зборніка майго не атрымала, што начальнік пошты і солтыс правяраюць усю карэспандэнцыю і хто якія выпісвае газеты. Прыйдзецца паслаць праз некага са знаёмых.
Раніцай на некалькі хвілін забег да мяне Янка Патаповіч. Белы, худы. Вопратка пранізана сырасцю астрожных муроў. Казаў, нажыў на Лукішках катар страўніка, язву. I ўсё ж турма яго не зламала. Які быў, такі і астаўся – бадзёры, няўрымслівы, гатовы зноў прыступіць да працы. Успомнілі нашу першую сустрэчу на Лукішках. Прачытаў ён мне па памяці некалькі астрожных вершаў. Вершы былі значна лепшыя за тыя, што некалі друкаваліся ў "Літаратурнай старонцы". Абяцаў прыслаць іх у "Беларускі летапіс". Я яго правёў на вакзал. Дамовіліся трымаць сувязь, перапісвацца.
Вярнуўшыся дамоў, узяўся трэці раз нанова пісаць пятую частку сваёй паэмы, з якой ніяк не магу справіцца. Усе папярэднія варыянты – нудныя і банальныя.
26/ІХ