Паганы настрой. Не пішацца, паўтараюся. Сяджу над галашэннямі Шэйна. Столькі ў іх цяжкага і жудаснага, што аж страх чытаць. Прыпомнілася наша пількаўская плакалынчыца Тэкля Калбун, якая не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх аплаквала нябожчыкаў. Колькі ад яе можна было запісаць галашэнняў і па старых і па малых, па дзяўчатах і хлопцах! Колькі ў яе імправізацыях было паэзіі і трагізму, навеянага жыццём нябожчыка, падказанага абставінамі яго асірацелай сям’і! Усё яна ўмела ўлічыць, нічога не забыць, пра ўсё ўспомніць. На пахаванні пастара Данілкі, пералічваючы яго заслугі, успомніла, як ён прыгожа іграў на трубе, якія цудоўныя плёў лапці, вязаў венікі, майстраваў кошыкі і спускаў жалейкі, не забылася ўспомніць, што ён пакінуў недагледжаную на зіму сваю хату і батрачую спадчыну, якую будуць дзяліць яго дзеці:
…А хто ж, мой Данілачка,
Нацягае кастры на шаламя,
Ацепліць у хаце прызбачку,
Пазатыкае ўсе дзірачкі
Каля шулы і на покуці?
А хто ж памірыць дзетачак,
Як паспрачаюцца, дзелячы
Тваю торбу пастырскую.
Пужку-дратаваначку,
Дзесяць пар лапцей пакінутых,
Песню трубы-берасцяначкі,
Скарынку хлеба чэрствага,
Долечку незайздросную…
Шкада, што, як быў там, я не змог запісаць яе галашэння па нашым суседзе – Езупавым Мацеі, галашэнне, якое цягнулася ўсю ноч, або яе галашэнне па майму дзядзьку Ціхану, пра якое і сёння ўспамінаюць пількаўшчане.
27/ІХ
Ад гаспадыні даведаўся, што заходзіў Міхась Машара. Шкада, што мы размінуліся. Хоць бы сказаў, дзе яго шукаць ці ў каго ён спыніўся.
Пасля закрыцця "Нашай волі" ўсе мы сябе адчуваем як без рук. Цэлы вечар утрох – Паўлік, М. Бурсевіч і я – думалі над тым, як бы зноў пачаць выдаваць сваю газету, як бы не растраціць сувязей і адрасоў падпісчыкаў "Нашай волі" і яе супрацоўнікаў. Паўлік рэдактарам новай газеты прапануе таварыша К., з якім я пазнаёміўся падчас турысцкай вандроўкі па Навагрудчыне. Яго як выхадца з духоўнай акадэміі, ёсць надзея, староства зацвердзіць рэдактарам. Толькі б хутчэй зноў узяцца за работу!
30/ІХ
Адзначылі нейкі юбілей М. Машары. Я не быў на гэтай урачыстасці, якая, здаецца, адбывалася ў цесным хадэцкім асяроддзі. Чуў толькі, што М. Машара здорава перасварыўся з арганізатарамі гэтага вечара, а ў рэдактара "Калосся" запусціў пустой бутэлькай. Беларус поўнай бутэлькай не кінецца. Яшчэ не ведаю, што выклікала гэтую бурную сварку. Трэба будзе пры сустрэчы запытацца ў самога юбіляра. Толькі ўсё ніяк не магу яго злавіць.
20/Х
Настрой з кожным днём пагаршаецца. Сёння чытаў у Студэнцкім саюзе свае вершы, а ў мінулую нядзелю ў Беларусаведзе чытаў фрагменты з VI і V частак паэмы "Нарач".
23/Х
Учора ў 10 гадзін вечара прыйшоў паліцыянт і ўручыў мне павестку з’явіцца ў следчы аддзел як западозранаму… Ужо маю дзве павесткі: адна – на сённяшні дзень, другая – на 24 кастрычніка. Усё цягаюць за мой канфіскаваны зборнік. Узяўся чытаць Д. Лондана. Перапісаў вершы, з якімі абяцаў выступіць на студэнцкім вечары. А можа, яшчэ і не давядзецца выступаць, бо чорт ведае чым могуць кончыцца гэтыя няспынныя выклікі на допыты.
24/Х
Болыд за тры гадзіны пратрымалі ў следчым аддзеле на Святаянскай вуліцы. Запрошвалі па справе майго зборніка і канфіскаванага верша ў газеце "Наша воля". Прызнацца, тлумачэнні мае наконт верша былі смехатворныя. Верш заклікаў да рэвалюцыйнага змагання за лепшую будучыню, а я тлумачыў, што гаворка ідзе аб змаганні за родную школу, паколькі гэта пытанне было адным з тых, якія не сыходзілі са старонак газеты "Наша воля".
На літаратурных сустрэчах у рэдакцыі "Калосся" пачалі абмяркоўваць статут будучага Саюза пісьменнікаў. Баюся толькі, што нам не дадуць дазволу залегалізаваць арганізацыю, у якой 90 % членаў – то былыя вязні, то людзі, якія і зараз за кратамі турмы, за дратамі Бярозы. Можа, трэба было б падумаць – на ўсякі выпадак – аб арганізацыі аддзялення нацыянальных меншасцей пры Саюзе польскіх пісьменнікаў у Вільні. Тут маглі б заручыцца дапамогай многіх вядомых польскіх пісьменнікаў і людзей, блізкіх нам сярод літоўцаў, яўрэяў.
Вечарам быў на абмеркаванні "Першых зернетак" Паўловіча. Па-хамску вялі сябе дзеячы з "Роднага краю", "спадар" Янка Станкевіч, Станіслаў Станкевіч і кампанія, якія пад выглядам "зычлівай" крытыкі стараліся скампраметаваць і аўтара гэтага, так неабходнага для беларускіх дзяцей падручніка, і агулам усё, што робіцца зараз супольнымі сіламі на ніве асветы і культуры.
Заўтра з былым рэдактарам "Нашай волі" В. Склубкоўскім пойдзем на нараду да адваката Галіны Заштоўт-Сукеніцкай, якая згадзілася бараніць у судзе "Нашу волю".
25/Х
Быў пад Нова-Вілейкай з Паўлікам, які пазнаёміў мяне з Шурай. Цікавая і досыць прыгожая дзяўчына. Добра знае рускую мову. Напэўна, з нейкай сям’і старавераў, якіх у Вільні і ў ваколіцы жыве шмат. Паўлік казаў, што бацькі выдаюць яе замуж за мясцовага гміннага пісара ці сакратара, хоць яна яго не любіць. Вось яшчэ адзін з апошніх варыянтаў старой, як свет, гісторыі.
Доўга мы блукалі разам па густых верасах, па ўзгорках, засланых золатам лістападу, па маляўнічых берагах Віленкі.