Паўлік прачытаў нам цэлую лекцыю аб міжнародным становішчы. Збіраецца, казаў, на нейкі час выехаць з Вільні. Развітваючыся, раіў мне аж да яго прыезду трымаць сувязь з Шурай, хоць з бацькамі яе знаёміцца чамусьці не раіў.
У Паўліка нейкая надзвычайная здольнасць у любым асяроддзі акліматызоўвацца і знаходзіць патрэбных людзей. Я хоць лепш знаю горад і даўжэй у ім жыву, але, напэўна, не маю столькі, як ён, знаёмых.
26/Х
На стале – два незакончаныя вершы: "А ў бары, у бары" і "Рана за парканам". 3 дзядзькам Рыгорам заходзілі да кампазітара К. Галкоўскага. Трэба будзе напісаць словы для кантаты. Не ўпэўнены, што ўдасца мне гэта зрабіць, бо ні ў маіх заказчыкаў, ні ў мяне самога яшчэ няма выразнай ідэі гэтага твора. Гаспадар пачаставаў нас чаем. Цікавы чалавек і выдатны выкладчык. Помню яго яшчэ з часоў сваёй вучобы ў гімназіі імя А. С. Пушкіна. Чытаў ён нам лекцыі па дыкцыі, якія мне вельмі потым прыдаліся, калі я пачаў авалодваць музыкай верша і выступаць на вечарах з чытаннем сваіх твораў. Палову пакоя, у якім працуе К. Галкоўскі, займае раяль, другую палову – рабочы стол і лавы, заваленыя кнігамі, нотамі; на сценах – партрэты кампазітараў, з якіх вылучаецца велізарны партрэт яго любімага настаўніка – Чайкоўскага.
31/Х
Гэты тыдзень жыву без грошай. Кажуць, цыган прывучаў сваю кабылу не есці. Калі тая на сёмы дзень здохла, ён усім казаў: "Каб яна, баця, гэты дзень перажыла – прывыкла б і магла б працаваць не еўшы…". Трэба будзе напісаць дамоў, каб прыслалі якую падмогу. Хацелася б да Новага года закончыць сваю "Нарач" ды ўзяцца за новы зборнік вершаў.
10/ХІ
На хвіліну забег да мяне Макар, каб забраць свае паліто, якое тыдзень таму пакінуў у мяне. Нешта ён вельмі дрэнна выглядае. Можа, хварэў? Прасіў скантактаваць яго з Паўлікам. Чамусьці ён цікавіўся лесам Багданчука, якога ўратавалі рыбакі, а потым нашы хлопцы пераправілі за мяжу. Я хацеў яго пачаставаць чаем, але ён адмовіўся. Пайшоў нейкі ўстрывожаны, сумны. Калі я расказваў пра ўсё гэта Паўліку, той дужа быў незадаволены, што Макар днём бадзяецца па горадзе і заходзіць на нашы легальныя кватэры. Я не распытваўся, у чым справа. Але, відаць, з Макарам здарылася нешта сур’ёзнае.
Вечарам быў на Зарэччы ў Ніны Тарас і Зіны Еўтухоўскай. Думаў, сустрэну ў іх Мікалая Бурсевіча ці Ксеню Федасюк, з якімі неабходна мне было пабачыцца. Але абое чамусьці ўжо больш за тыдзень сюды не паказваліся. 3 гадзіну, відаць, забавіўся ў дзяўчат. Становішча ў іх, хоць яны і не прызнаюцца, проста трагічнае: ні працы, ні грошай, ні хлеба. Паўлік і М. Бурсевіч стараюцца ім памагчы. Ніна, відаць, апошнімі часамі шмат працуе над сваімі вершамі. Піша ўсё лепш і лепш. Не хапае ёй веры ў свае сілы і здольнасці. Але ў такіх умовах можна зусім зняверыцца ва ўсім, а яна яшчэ піша, і ў вершах яе жыве вера ў лепшую будучыню.
На Замкавай у вітрыне перагледзеў газету "Слова", асабліва - звесткі з іспанскага фронту.
Іспанія стала ў кожнага з нас крывавай ранай у сэрцы.
11/ХІ
Дзень – без асаблівых падзей, калі не лічыць маіх самотных вандровак у нявырашаныя тэмы. Ды і тыя, што вырашаны – вырашаны павярхоўна, скараспела. Таму так часта мяняем свае пагляды на шмат якія падзеі – як мінулыя, так і сучасныя. Галоўнае, што ўсё гэта кожны раз пераканаўча і лагічна навучыліся абасноўваць. Неяк сёння хутка пачынае змяркацца. Два радкі з Булата Ішымгулева, якія думаю ўзяць эпіграфам для свайго верша:
Імя яго, нібы сонца ўначы,
Імя яго, як паўстанне, гучыць…
Ад бойні і ад фанернай фабрыкі цэлы дзень дзьме горка-саладкавы ўдушлівы вецер, ад якога задыхаецца ўсё прадмесце Воўча Лапа.
У галаву лезуць нейкія несамавітыя вобразы:
"Узяў змяю, што грэлася на дарозе, і пайшоў, апіраючыся на яе…".
"Толькі літаўры вачэй нашых білі трывогу…".
Апошняе магло б быць заключным радком нейкага лірычна-рамантычнага верша.
11/ХІІ
Калісьці Ф. Дастаеўскі скардзіўся, што Еўропа не знае Пушкіна. Мяне непакоіць другое: мы знаем многіх пасрэдных – я ўжо не гавару пра класікаў – заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, а там – амаль нічога не знаюць і, можа, ніколі не будуць знаць пра нашых самых выдатных.
Спазненне – нацыянальная наша хвароба. А праз сутнасць сваіх школ яна стала хранічнай. Псіхіка маладога пакалення па-за фальклорам і некаторымі жывучымі яшчэ традыцыямі фарміруецца пад уплывам чужой літаратуры, чужога мастацтва.
Ідучы праз універсітэцкі двор, затрымаўся каля дзвюх мемарыяльных дошак, умураваных у сцены касцёла Святога Яна. На адной напісана:
"Ксёндз Пётр Скарга Т. Т. Нар. 1536 - Пам. 1612. Касцёла святога апостал палымяны, народа сумленне і святло вечна жывое, непрыкметных слуга сардэчны, прапаведніцтва ўзор несмяротны, прозы польскай апякун незраўнаны, культуры на рубяжах прапагандыст нястомны, акадэміі Віленскай рэктар першы".
А на другой: "Ксёндз Якуб Вуек Г. I. Нар. 1540. Пам. 1594. Муж вялікай навукі і цноты, святога пісання перакладчык векапомны, веры святой фехтавальшчык трывалы, слова і пяра магістр выдатны, мовы польскай багацця і хараства знаток вялікі, акадэміі Віленскай рэктар другі".