Вось дзе можна павучыцца, як трэба ўслаўляць людзей, заслужаных перад сваім народам, і як пісаць оды! Хоць на землях, дзе гэтыя славутыя мужы дзейнічалі, місія іх не была такая хвалебная.

У старым сшытку з 1932 года знайшоў некалькі вельмі слабых сваіх вершаў, якімі трэба будзе падпаліць печ, і цудоўную народную песню. Шкада, што не прыпомню зараз. – дзе, калі і ад каго яе запісаў:

Ах, хіліцеся, зялёныя лозы,

Адкуль вецер вее,

Ды глядзіце, мае сінія вочы,

Адкуль мілы едзе.

Ды хіліліся зялёныя лозы,

Ды на зямлю палі.

Наглядзеліся мае сінія вочы

Ды плакаці сталі.

12/ХІІ

Сёння святкую, хоць без хлеба і без грошай. Атрымаў ад Лю куплены ёю ў варшаўскай кнігарні Гебетнера і Вольфа (аб чым гаворыць пячатка на вокладцы) цудоўны падарунак – аднатомнік вершаў Ул. Маякоўскага. Зараз не трэба будзе хадзіць у чытальню Т. Зана і па перакладах знаёміцца з гэтым палымяным трыбунам рэвалюцыі. Як шкада, што кніга не трапіла да мяне на некалькі год раней. Чытаю і многія рэчы пачынаю бачыць у іншым святле. Справа – не ў перайманні, не ў паўтарэнні Маякоўскага. Адчуваючы яго дужае плячо, мне цяпер будзе лягчэй падняцца на ногі, вызваліцца з палону многіх аджыўшых свой час аўтарытэтаў і манапалістаў хараства і праўды.

15/ХІІ

Ужо другі тыдзень ляжу дома хворы. Страшэнная слабасць. Няма грошай ні на яду, ні на лякарствы, ні на дактароў. Лячуся паэзіяй, якую раней лічыў нейкім ілюстраваным дадаткам да свайго жыцця, да сваёй працы, а зараз – сам у яе на пабягушках. Хочацца хутчэй закончыць "Нарач", а паэма ўсё больш і больш разрастаецца. Каб не згубіліся яе фрагменты ў нейкіх судовых актах, перапісваю і аддаю на перахаванне дзядзьку Рыгору і іншым сваім знаёмым.

У пакоі сцюдзёна. Сёння зайшоў да нас кавалер гаспадынінай дачкі – пан Пётр і аж жахнуўся, убачыўшы ў нас на стале кнігу Панфёрава "Камуна беднякоў", перакладзеную на польскую мову. Відаць, думаў, што гэта нейкая нелегалыпчына, але, перагарнуўшы старонкі і пераканаўшыся, што гэта не падпольная літаратура, паклаў яе, збянтэжаны, на

стол. Потым мы з Сашкам Хадзінскім смяяліся з яго. Мы дагадваліся, што пан Пётр сочыць за намі. Сам ён – беспрацоўны, але досыць прызваіта апранаецца, і мы яго часта бачым на розных патрыятычныхурачыстасцях, дэманстрацыях, дзе ён, разам з падобнымі тыпамі, крычыць, у залежнасці ад палітычных абставін: "Віват!", "Нех жые!", "Прэч!". Відаць, здагадваецца і яго Оленька, чым ён займаецца, бо часта адцягвае яго ад нашых кніг і сшыткаў. Гаспадыня ж наша – руская, прыветная і добразычлівая кабеціна. Жыве з дачкой, якая працуе недалёка ад вакзала ў цырульні. Учора зноў да іх заходзіў Рагозін. Чалавек ён – у гадах, толькі ўсё маладзіцца, хоць і нялёгка даецца яму гэта роля сівога жарэбчыка. Паколькі я быў хворы і не мог нікуды ўцячы, пачаставаў ён мяне неміласэрна вялікай порцыяй сваіх гладкіх, але бездапаможных вершаў, запраўленых сумам Вярцінскага, цыганшчынай, кабарэтным чадам.

17/ХІІ

Пераглядаю і ператрасаю свае старыя сшыткі і чарнавікі. Колькі ў іх – асабліва ў ранейшых – розных касмічных вершаў! I сам не ведаю, адкуль яны ўзяліся ў маёй глухой Шлькаўшчыне, дзе нават не было ніякай там, апроч берасцяной, трубы, каб сачыць за з’явамі ў Сусвеце.

Цікавую думку сустрэў у Каляроса: што жыццё людское павялічваецца на суму зашчаджанага часу. Я вось толькі не ведаю, куды дзяваць мне час, зашчаджаны апошнімі галадоўкамі. Жывём з Сашкам без грошай і без хлеба. У яго толькі – хімія з біялогіяй, а ў мяне – паэзія.

18/ХІІ

Калісьці чытаў, што ў завяшчанні Калумба ёсць два пункты: каб у яго труну не клалі ніякіх адзнакаў і медалёў, а толькі кайданы, у якіх ён быў закуты пад канец свайго жыцця, і каб яго пахавалі ў Сан-Дамінга – на востраве, калісьці ім адкрытым. Цікавы сюжэт для паэмы ці для верша.

Як сцюдзёна сёння ў пакоі! Каб знаў, у каго з маіх знаёмых цёпла ў хаце, пабег бы пагрэцца. А то зноў, як на Лукішках, пачалі набракаць і балець суставы пальцаў.

26/ХІІ

Зноў – у Варшаве. Лю дала мне адрас нейкай знаёмай гандляркі, дзе я за досыць сходную цану займеў начлег. Следам за мной на гэту кватэру яшчэ нехта прывалокся начаваць. Перад сном я пачаў чытаць пазычаны ў Зосі (а яна, здаецца, пазычыла ва універсітэцкай бібліятэцы) часопіс "Полымя". Амаль увесь гэты нумар прысвечаны А. М. Горкаму. Сярод усіх матэрыялаў знайшоў два сапраўдныя высокамастацкія творы: "Люба Лук’янская" К. Чорнага і "Людзі прагнуць" А. Куляшова. Паэма А. Куляшова напісана энергічным, празрыстым і нейкім пругкім вершам, у якім ёсць шмат цікавых знаходак. Што да К. Чорнага, дык я яго пачынаю ўсё больш і больш любіць. У яго многія з нас могуць павучыцца не толькі пісаць, але і думаць па-беларуску.

У суседнім пакоі гадзіннік прабіў поўнач. Добра, што ў гэтую зімовую золь можна ў цяпле адпачыць. Святло з акон суседняй камяніцы падае на рэпрадукцыю карціны Кольвіц "Голад" і на этажэрку з кнігамі, сярод якіх бачу Горкага, Барбюса, Сінклера… I ад таго, што гэтыя кнігі побач са мною, мой часовы прытулак здаецца мне больш надзейным і больш утульным.

27/ХІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже