Чытаю апошнія вершы нашых піітаў. Вершы вельмі слабыя. Папулярнасць некаторых з іх магла зарадзіцца, разрасціся і разлапушыцца толькі ў нашым бедным і прымітыўным літаратурным асяроддзі.
Сярод лістоў, якія прыйшлі ў маю адсутнасць у Вільні, мяне асабліва парадавала паштоўка з Лукішак ад майго старога друга Серафіма Давора. Адзін час хадзілі чуткі, што ён недзе каля сваіх Радашковічаў загінуў, напароўшыся на засаду польскіх пагранічнікаў. Але, дзякуй богу, жыў Курылка. Просіць толькі прыслаць яму сякую-такую вопратку, абутак. Некалькі сказаў астрожная цэнзура закрэсліла. Пра што там было напісана? больш трох месяцаў ішла яго паштоўка да мяне, хоць адлегласць ад яго камеры да маёй кануры ўсяго пару кіламетраў. За гэты час маглі яго перавесці ў іншую цытадэль. Хутчэй трэба будзе ўдакладніць яго адрас. Таварышы К. і Л. выйшлі ўчора на волю; яны павінны былі чуць і знаць пра гэтага лукішскага старажыла, якому ў 1932 годзе ледзь удалося вырвацца з пятлі пана Маціеўскага.
20/I
Сёння ўдалося раздабыць апошні нумар "Дзённіка папулярнага" і ад Н. атрымаць адзін экземпляр "Дамброўшчыка", прысланага яму таварышамі з Іспаніі. Якой вялікай нянавісцю да фашызму і верай у перамогу народа дыхаюць старонкі газеты батальёна Дамброўскага! У радах змагароў за свабоду Іспаніі зараз змагаецца шмат беларусаў. У спіску забітых – некалькі знаёмых. Чытаю – і здаецца: у маім пакоі чуецца гром далёкіх баёў.
21/I
На пасяджэнні Беларускага навуковага таварыства, якое сабралася ў інжынера Трэпкі, я ўпершыню сустрэўся з Н. Арсеньевай. Агулам, я – не прыхільнік яе паэзіі, хоць некаторыя яе вершы, прачытаныя на гэтым вечары, мне спадабаліся сваім лірызмам, вобразнасцю. Трэба прызнаць, што са сваіх інтымных пачуццяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі. Зараз пасля доўгага маўчання яна перажывае нейкі стан прабуджэння. Апошнімі часамі пачала актыўна выступаць у друку. Увесь вечар мы сядзелі побач. Гаспадар нават нас сфатаграфаваў. Пасля Н. Арсеньевай папрасілі і мяне прачытаць свае вершы. Я прачытаў прывезеныя з Атвоцка заключныяфрагменты "Нарачы". Нехта, калі разыходзіліся, выказаў думку, каб я напісаў пра Арсеньеву. Ды я і сам збіраўся адклікнуцца вершам аб нашай сустрэчы. Я заўважыў, што сярод прысутных шмат было сватоў, якім хацелася, каб паміж намі завязалася нейкая творчая дружба. Няўжо яны не бачаць, што мы – людзі рознага складу, розных поглядаў? Выпадкова сустрэліся, і не ведаю, ці сустрэнемся больш калі. Дарогі нашы разыходзяцца ў процілеглых напрамках. Відаць, калі буду нешта пісаць, і выкажу гэту сваю думку.
3/ІІ
Сёння закончыў паэму "Нарач", больш дакладна – дапісаў "Эпілог". Пад вечар панёс апошнюю – сёмую – частку дзядзьку Рыгору і іншым сваім знаёмым, а вечарам прачытаў Сашку Хадзінскаму, якому я, відаць, ужо дакучыў сваімі вершамі. Хай выбачае.
Мне неабходна знаць думку сяброў пра тое, што я пішу. "Эпілог" усім спадабаўся. Прызнацца, пісаў я яго пад уражаннем і радасных і сумных падзей апошніх дзён. Мне хацелася, каб ён быў маім палітычным і паэтычным маніфестам. А потым прыйшлі сумненні: ці ўдасца мне ўсё гэта надрукаваць? Праз імглу, як праз сон, пачаў падаць камкамі снег.
4/ІІ
З захапленнем прачытаў у "Сігналах" бліскуча напісаныя Г. Дамбінскім фрагменты яго вялікага артыкула пра Шылера. Потым пайшоў да дзядзькі Рыгора, занёс яму матэрыялы для "Беларускага летапісу". Застаў у яго некалькіх гімназістаў, відаць, яго землякоў, бо ва ўсіх адчуваўся ў мове пружанскі акцэнт.
Дзень творчых няўдач. Усё, што напісаў, прыйшлося забракаваць. Мне здаецца, што беззваротна мінулі часы сельскай-анельскай паэзіі, якой у нас усё яшчэ шмат хто займаецца. Нават фальклор – непаўторная з’ява мінулай эпохі. Трэба шукаць і шукаць новых форм. Мы забываем, што без адкрыцця новага не можа быць сучаснай паэзіі. А пакуль што ходзім, трымаючыся за мыліцы старых традыцый, уяўленняў, густаў, глухія на крык новых дзён у кожным наступным тыдні, новых месяцаў – у годзе. У музейнай бібліятэцы напазычаў розных слоўнікаў і зараз цэлымі днямі і начамі чытаю. Некаторыя словы, якія да гэтага часу не ўжываў, выпісваю. Некалі прыдадуцца. Аж страх узяў – з якім абмежаваным і бедным слоўным багажом выправіўся я на Парнас!
11/II
Сёння ў Саюзе польскіх пісьменнікаў адбыўся вечар, прысвечаны 100-годдзю са дня смерці А. С. Пушкіна. Выступалі К. Гурскі, Т. Буйніцкі,М. Здзяхоўскі…
У літаратуры больш за ўсё шанцавала героям трагічнага лёсу, якія выклікалі ў чытачоў спачуванне і захапленне, жаль і абурэнне на несправядлівасцьу адносінах да іх. Ці так будзе заўсёды? Чытаю нашых ксяндзоў-Бакаў. Столькі ў іх ачмурэлага калтунства, што аж цёмна робіцца ў вачах. У іх зусім адсутнічае ўяўленне, у якія часы яны жывуць, у якія часы яны пішуць. Раздабыў некалькі нумароў "Аколіцы паэтаў", а з гарышча касцёла, дзе перахоўваецца частка тыража "На этапах", прывалок стары гадавік "Ргге§1^с1ц іу^осіпіо’Л’ецо". Пэўна, занёс яго туды нейкі бес, каб спакушаць клеркаў бязбожнай пісанінай А. Свентахоўскага.