Вечарэе. Перад сном прачытаў артыкул у "Калоссі" пра аднаго нашага "класіка" і здзівіўся: які паэт! А потым пачытаў вершы і яшчэ больш здзівіўся: які крытык! У літаратуры і мастацтве няспынна адбываюцца змены, рэвалюцыі, нават тады, калі яшчэ пяюць пануючым манархам і дынастыям "Доўгія леты" ці "Сто год…".
13/IV
Каля рабочага магазіна на вуліцы Трэцяга мая абмінуў старых жанчын, якія скардзіліся адна другой:
– Рыба, панечка, падаражэла… два злотых – кіло.
– Чуваць, сёлета слаба ловіцца…
– Нешта зусім няма сялявы…
I раптам так захацелася паехаць на Мядзельшчыну, дзе, напэўна, ужо Нарач пачала ламаць і крышыць свае ледзяныя аковы.
З "Тыгодніка рольнічаго" даведаўся, што "няма лепшых, як косы Бруна". Трэба будзе параіць дома, каб купілі, а то ў нас не кожная каса возьме на Стралковай сухую свінарку.
16/IV
Быў на старой сваей кватэры. Пакуль прыйшоў М. Бурсевіч, слухаў па радыё канцэрт з Мінска. Перадавалі новую песню "Арлёнак", якую мне нават удалося запісаць. Чуваць, у горадзе пачаліся перадсвяточныя арышты. Прыйшоўшы дамоў, зрабіў чарговую генеральную чыстку ў сваіх паперах: спаліў розныя непатрэбныя нататкі, чарнавікі, сярод якіх былі і дзве мае юнацкія паэмы. Адна паўстала пад уплывам арыентальнай паэзіі Лермантава і была напісана ў рытме яго "Трох пальмаў", другая – больш самастойная – пра Жанну д’Арк. Адну з іх, помню, чытаў свайму дзядзьку Лявону Банькоўскаму, калі той гасціў у Шлькаўшчыне. Дзядзька еў яечню і слухаў. Усе дамашнія глядзелі на яго, што ён скажа, які вынесе прысуд. Калі я кончыў, ён адклаў відэлец, устаў і паціснуў мне руку. Учынак дзядзькі быў нечаканы і шматзначны для ўсіх і асабліва для мяне. Я ад хвалявання забыўся пра ўсе святочныя прысмакі на стале. I зараз, калі я ўжо лічуся аўтарам многіх вершаў і паэмы "Нарач" і знаю, што дзядзька Лявон у паэзіі зусім не разбіраўся, учынак яго мне здаецца надзвычайным. Адным словам, відаць, тады і адбылося афіцыйнае мае пасвячэнне ў паэты. Дакладная дата: Каляды, 1927 год.
18/IV
Дамовіўшыся з П. і іншымі таварышамі, сёння я быў на літаратурным вечары ў адваката Б. Кржыжаноўскага, на якім прысутнічала шмат яго сяброў з судовых і адвакацкіх колаў. Некаторых я ведаў па іх выступленнях на розных палітычных працэсах. У досыць прасторным, утульным гасціным пакоі, завешаным рознымі фатаграфіямі, карцінамі, застаўленым крыху старамоднай мэбляй і асветленым нейкім мяккім вячэрнім святлом, гаспадар пазнаёміў мяне з прысутнымі. Неспадзяванкай была для мяне сустрэча з генералам Л. Жалігоўскім, які пасля майго выступлення – я чытаў не толькі свае вершы, але і М. Машары, М. Васілька, Н. Тарас і іншых, – потым, здзіўлены, пытаў: "Чаму заходнебеларуская літаратура мае такі радыкальны напрамак?.."
1/V
Цэнзура канфіскавала зборнік М. Васілька "Шум баравы", выдадзены яшчэ ў 1929 годзе. I за што? Вершы там болыы памяркоўныя, як тыя, што сёння друкуюцца ў розных газетах і часопісах. Цяжка зразумець, чым выклікана гэта бязглуздая пастанова віленскага староства. Ды не толькі гэта. Пару тыдняў таму быў канфіскаваны буквар С. Паўловіча "Засеўкі". З белымі плямамі пачалі выходзіць нават хадэцкія газеты і часопісы "Крыніца", "Шлях моладзі", "Хрысціянская думка"… і нават тыя органы, якія выдаюцца за грошы самога ваяводства і фінансуюцца ўрадавымі коламі і ўстановамі. Ідзе наступ не толькі на прагрэсіўны друк, але на ўсё, што выдаецца на беларускай мове і на мовах усіх нацыянальных меншасцяў. Апошнія дні, чуваць, праведзены рэвізіі амаль ва ўсіх літоўскіх культурна-асветных арганізацыях.
10/V
Толькі што вярнуўся з Пількаўшчыны. За час маіх вандровак, аказваецца, папа рымскі паспеў кананізаваць езуіта Андрэя Баболю, абвясціўшы яго патронам Польшчы (колькі іх ужо мае Польшча!) і вялікім апосталам Палесся. Уся гэта гісторыя з кананізацыяй – тэма для несмяротнай камедыі. А ў гарадской зале сёння выступае Ф. Шаляпін! Адкуль узяць два злотых на білет? Усяго – два злотых!
Адзіная радасць – дастаў апошнія, зачытаныя да дзірак нумары забароненага цэнзурай "Данброўшчыка".
13/V
Над горадам прайшла навальнічная хмара, быццам нябеснай маннай, пакрыўшы зямлю градам.
У Студэнцкім саюзе сустрэў К., які толькі што прыехаў з Друскенікаў. Запісаў ад яго эпітафію з пліты, што стаіць на магіле Яна Чачота ў Котніцы. Каб больш верна перадаць змест, пераклад зрабіў белым вершам, захаваўшы рытм арыгінала:
Сваю маладосць прысвяціў ён навукам і цноце,
Век сталы ён мужна пражыў у няспынных цярпеннях.
Любоў да сяброў і да бога –
істоты яго была зместам,
Цяжкое жыццё яго ўсё – да збавення дарогай.
Імя яго злучана будзе навекі ў айчыне
З Адамам Міцкевічам і Тамашам Занам.
Хто ведае іх, перад каменем гэтым схіліся,
Падумай, ўздыхні і за ўсіх іх, траіх, памаліся.
22/V