У бібліятэцы імя Урублеўскіх дастаў 69, 70 нумары "Звязды" з артыкуламі Александровіча і Кучара аб выкрыцці ворагаў народа ў літаратуры. Трэба будзе пагаварыць з Паўлікам, даведацца больш пра ўсю гэту справу. Відаць, зноў пачнецца ва ўсім варожым друку антысавецкая шуміха. Вечарам слухаў у былой кансерваторыі цудоўны хор Я. Герштэйна, які выканаў на яўрэйскай мове некалькі нашых народных песень: "Вярба", "Зялёны гай", "Бяда". У натоўпе сустрэў свайго старога знаёмага з Докшыц тав. К. Няўжо ён пасля Лукішак спыніўся ў Вільні? Шкада, што ў фае нельга было з ім пагаварыць, мы толькі, размінаючыся, моўчкі паціснулі адзін другому рукі.
27/V
Відаць, дзядзька Рыгор вырашыў хоць крыху пазнаёміць мяне, варвара, са сваёй цудоўнай краінай – краінай музыкі і песні. Гэта ён мне параіў паслухаць Беноні, Пракапеню, Герштэйна. Найбольш спадабаліся песні В. Свянціцкага, М. Карловіча, П. Чайкоўскага, ну і беларускія народныя, праспяваныя нашым артыстам беспадобна. Зараз часцей пачынаю чытаць на платах і рэкламных слупах праграмы канцэртных афіш. Толькі білеты дарагаватыя на маю кішэнь. Я люблю музыку і песні, толькі жыццё мяне прывучыла часта абыходзіцца без іх, як і без хлеба. Што да хору дзядзькі Рыгора, дык я ўжо даўно стаў яго гарачым прыхільнікам. Часта прыходжу нават на спеўкі.
Каб крыху меў лепшы слых, папрасіўся б у яго студэнцкі калектыў. Адно бяда – усе песні спяваю на матыў "Інтэрнацыянала".
30/V
На хвіліну зайшоў да С. Паўловіча, каб дамовіцца аб сустрэчы яго з Паўлікам. Жыве ён недалёка ад Тэхнічнай школы, па вуліцы Папоўская, 9, кв. 4. Вуліца, сціснутая з усіх бакоў пагоркамі, выглядае закінутай, забытай нават рамізнікамі, паліцыяй. Мо таму магістрацкія чыноўнікі і не перахрысцілі яе на Ксяндзоўскую ці на нейкую яшчэ больш патрыятычную. Калі я вучыўся на меліярацыйных курсах, часта любіў па гэтай вуліцы вяртацца дамоў. Яна ўся тоне ў садах. I ёсць мясціны, адкуль адкрываецца прыгожы від на Віленку і на Бернардынскі парк.
Паабяцаў я Сяргею Канстанцінавічу напісаць некалькі казак для дзіцячага часопіса "Снапка", які мае выходзіць пад яго рэдакцыяй як дадатак да рускай газеты. Жонка яго не выпусціла мяне, пакуль не пачаставала чаем і смачным дамашнім пячэннем. Калі я адыходзіў, гаспадар, не зважаючы на позні час, правёў мяне некалькі кварталаў, расказваючы аб сваёй працы ў Таварыстве беларускай школы, аб невясёлых справах у беларускай гімназіі, якую школьныя ўлады збіраюцца закрыць, і аб тым, што ён хоча напісаць брашуру супроць паланізацыі царквы ў Польшчы. Тэму гэтай брашуры ён ужо абмеркаваў з таварышам Паўлікам, і той абяцаў памагчы яму яе выдаць. Аб гэтым я сёе-тое чуў ад самога Паўліка. Я толькі да гэтага часу не ўяўляў, што працэс паланізацыі, як нейкі рак, так глыбока і шырока запусціў свае атрутныя карані ва ўсе поры жыцця нашага народа. Мы да гэтага часу, занятыя іншымі справамі, не звярталі ўвагі, што робіцца на рэлігійнай ніве. А там – разгараюцца сапраўдныя баталіі паміж праваслаўным духавенствам і каталіцкім, паміж папамі, якія згадзіліся гаварыць пропаведзі па-польску, і веруючымі, якія арганізоўваюць у цэрквах дэманстрацыі пратэсту. На Заходняй Украіне, расказваў Сяргей Канстанцінавіч, эндэцкія банды паляць праваслаўныя цэрквы, знішчаюць магільнікі, капліцы. Нешта падобнае пачынае тварыцца і ў нас. Як у сярэднія вякі. Відаць, давядзецца нам, бязбожнікам, умяшацца і ў гэтыя справы.
На сустрэчу з К. не змог паехаць. Далёка. А аўтобусы не ходзяць ужо цэлы тыдзень – бастуюць рабочыя.
20/VI
Я часта адкрываю даўно вядомыя ісціны. Але паколькі я сам даходзіў да іх, яны мне не здаюцца такімі вядомымі і простымі. У нас апошнімі часамі любяць гаварыць аб "паэтычнасці", "прыгажосці". Ва ўгоду гэтым літаратурным і модным фетышам колькі пішацца фалыпывых і бяздарных твораў! "Мастацтва – гэта соты раз бачыць па-новаму тое, што да цябе бачылі другія" (А. Франс). А ў нас вельмі насцярожана адносяцца да ўсяго новага, хоць мы намнога адсталі ад нашых суседзяў. Бадай, ніхто гэтага так не разумеў, як М. Багдановіч, пасля смерці якога ўсё яшчэ не знайшлося ў нас прадаўжальніка яго цікавага і надзвычай плённага напрамку.
За апошнія грошы купіў газету "Піён" (15/VI). Там змешчаны велізарнейшы артыкул Е. Путраманта пра беларускую літаратуру, у якім аўтар шмат увагі ўдзяліў і маёй грэшнай асобе. Мне здаецца, недахопам гэтага і іншых артыкулаў Е. Путраманта з’яўляецца пераацэнка заходнебеларускай літаратуры і слабае веданне савецкай, аб якой ён у большасці выпадкаў мяркуе па неаб’ектыўных і тэндэнцыйных аглядах і рэцэнзіях заходнебеларускай прэсы, не маючы магчымасці пазнаёміцца з самімі творамі. Але, нягледзячы на гэта, Е. Путрамант – адзін з першых з усяпольскай трыбуны на ўвесь голас сказаў добрае сяброўскае слова пра нас, адзін з першых звярнуў увагу на змены і працэсы, якія адбываюцца ў нашай літаратуры, звярнуў увагу на яе новыя мастацкія вартасці і дасягненні, на яе грамадскі рэзананс.
3/VII