Занёс Лю свой новы зборнік "Журавінавы цвет". Вокладка мне не вельмі падабаецца, хоць і рабіў яе наш выдатны мастак – Горыд. Думаю ўзяцца за новую паэму. Можа, пачну яе з дзённіка салдата. Паэма будзе ў нейкай меры біяграфічнай. Дома я знайшоў цікавыя франтавыя запіскі свайго дзядзькі Ціхана, якія адносяцца да першых дзён Лютаўскай рэвалюцыі.

…Ізноў бяруся я за хроніку.

Калыша вецер дні сухія ў жыце,

I несціхана востраць косы конікі,

I плачуць кнігаўкі ў ракіце.

А ноччу фронт пажарам вызарыць

Край неба,

               спаленых загонаў,

I дым снапоў, балотных выгараў

Паўзе на нашы палігоны.

Баліць рука, бінтом абвязана,

Сціскаеш толькі з болю зубы.

Пяе на возе хтось пра Разіна,

Калыша вецер сіні лубін.

Дзе тут пісаць…

Сюжэт паэмы мяне непакоіць менш. Ён можа быць просты. Асноўныя этапы, праз якія хачу правесці свайго героя, будуць: вайна, бежанства, Масква, рэвалюцыя, вяртанне на акупіраваную радзіму, граніца, барацьба, любоў, турма, Іспанія, зноў граніца (як трагедыя ў жыцці народа), пры пераходзе якой герой мой гіне…

Самае цяжкае для мяне будзе знайсці новую эпічную форму і такую мову – для апісання і дыялогаў, – якая б несла ў сабе груз думак, вобразаў, пачуццяў…

4/VIII

Ледзь знайшоў у густых, нагрэтых сонцам сасняках Валакумніі дачу, на якой спыніўся Кастусь (Мірон Крыштафовіч). Дачу гэту яму падшукала Люба. Месца – лепшага не трэба і для адпачынку, і для работы. Пад канец нашай бяседы прачытаў я яму "Казку пра мядзведзя". Спадабалася. Хадзілі на Віллю купацца. Плынь ракі тут такая быстрая, што проста збівае з ног.

Вяртаючыся ад Кастуся, на хвіліну спыніўся на Віленскай ля вітрыны "Ілюстраванага кур’ера цодзеннага" і не заўважыў, калі падышоў ззаду сышчык, які ў маі 1932 года арыштоўваў мяне ў Глыбокім.

– Нешта пан часта ездзіць на Валакумнію. Нявеста ў пана там, ці што?

Гэта было так неспадзявана, што я, відаць, не адразу мог бы яму адказаць, каб не яго апошнія словы.

– I нявеста, і пляж, – адказаў я і зноў уставіўся ў газету. I толькі пачуўшы, як аддаляюцца яго крокі, я памалу накіраваўся ў бок Пагулянкі да Любы. Пакуль дайшоў, у горадзе загарэліся вячэрнія агні. Дзьмуў лёгкі вецер, але і ён не асвяжаў. Стаяла цяжкая пераднавальнічная духата.

9/VIII

Здаецца, Гётэ сказаў, што пісьменнік заўсёды знае, што хацеў напісаць, але ніколі не знае, што напісаў. Хто ж тады можа знаць? Былі ж выпадкі, калі і чытачы і цэлыя эпохі памыляліся ў ацэнцы многіх твораў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў. Як зуб, пачынае прарэзвацца пачатак верша:

Перш у вачах было месца зашмат

Для слова малога і сцёртага – "міласць",

А сёння яму нават цесен плакат,

I мора яго ў берагах не змясціла б…

А далей – нічога арыгінальнага, цікавага не атрымалася. Відаць, трэба адкласці гэты верш і пачакаць, пакуль прыйдзе т. зв. натхненне. Узяўся за зборнік М. Гарэцкага "Рунь", выдадзены яшчэ ў 1914 годзе ў славутай "друкарні пана Марціна Кухты". Днём загрукалі ў дзверы мае землякі, якія судзяцца ўжо каторы год з панам Бушам за сервітут. Грошай на цягнік не было, аж з дому прывалакліся пехатой. Крыху адпачылі ў мяне, перакусілі, ды павёў я іх да нашага бясплатнага кансультанта – дзядзькі Ф. Стацкевіча. Можа, ён – стары і вопытны адвакат – нешта ім параіць. Землякі мае першы раз былі ў Вільні. I яны з усяго дзівіліся, і на іх прахожыя звярталі ўвагу, калі ішлі яны, грукаючы па бруку цяжкімі, падкутымі ботамі, апранутыя па-вясковаму, з неадлучнымі сваімі торбачкамі на плячах, у якіх быў іх правіянт і розныя судовыя паперы, павесткі, штрафы.

15/VIII

Прыйшла звестка аб сялянскіх забастоўках у цэнтральнай Польшы. Прадстаўнікі ўлады разгубіліся і не знаюць, як і чым тлумачыць гэта надзвычайнае здарэнне. Каб гэта пачалося на крэсах, можна было б абвініць камуністаў, беларусаў, украінцаў, літоўцаў…

Сустрэў Я. Шутовіча. Агітуе, каб я ўзяўся напісаць нешта для сцэны. Я адказаў яму жартам, што, не авалодаўшы адным жанрам, баюся брацца за другі. Хоць, прызнацца, я і сам не раз думаў аб гэтым.

На шляху маіх задум і мар стаяць горы перашкод, праз якія цяжка прабіцца. А што, калі ўзяцца за тэму сялянскіх забастовак, якія, напэўна, адгукнуцца і ў нас? А пакуль што трэба дачытаць А. Струга, якога на пару дзён пазычыў у Беларускім музеі, каб папоўніць свае веды аб літаратурнай лявіцы ў Польшчы.

16/VIII

Газеты і радыё прынеслі сумную вестку аб тым, што пры пералёце цераз Паўночны полюс загінуў выдатны савецкі палярны лётчык Леванеўскі.

…Час ужо сцягам разгорнутым шумець

Над гарадамі, над бязмежным полем,

Зрабіць жыццём – агонь,

а ззяннем – нават смерць,

Маланкай азарыўшы полюс…

Даўно мяне непакоіла тэма пра беспрацоўных, якія гінуць у т. зв. "бядашахтах". Толькі, каб падняць гэту цяжкую тэму, неабходна самому пабываць у гэтых небяспечных шахтах, дзе на кожным кроку чакае смерць. I, не зважаючы на гэта, людзі ідуць, каб здабыць крыху вугалю і купіць за яго кавалак хлеба.

26/VIII

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже