З гадамі больш пераконваешся, што ўсе, хто апявае залатую мінуўшчыну, – самыя заядлыя рэакцыянеры. Сёння паспрачаўся з адным з такіх, хоць, можа, і не трэба было задзірацца. Але мяне заўсёды чорт штурхае пярэчыць, калі ўсе згодна ківаюць бародамі.
Амаль цэлы дзень пасціў. Добра, што наскроб у кішэні пяцьдзесят грошаў. Забег у "Бар акацімскі", дзе падалі, як гліняны раствор, бігас. Брудна, шумна. З нейкімі непрытомнымі вачамі скрыпач нудна пілуе смыком. I яго ніхто не слухае, і ён, здаецца, сам не знае, што іграе.
Потым на змену яму прыйшла спявачка.
Танга Мілонга,
Танга маіх мар і сноў
Хай закалыша мае сэрца!
Калі вяртаўся дамоў, перада мной па тратуары вецер доўга гнаў пашматаную старонку "Вольных жартаў". На слупе для афіш чамусьці вісіць абвяшчэнне аб смерці нейкага інжынера П. Руткоўскага… кавалера "Віртуці мілітары"… Звычайна такія лісткі вывешваюць у парталах касцёлаў, на брамах магільнікаў. Побач з гэтым жалобным абвяшчэннем – велізарны партрэт кіназоркі Я. Смасарскай, рэкламныя плакаты мыла "Пальмаліва" і нейкай "Лігі марской і каланіяльнай". Хоць, як вядома, паны спазніліся ў Азіі ці Афрыцы захапіць калоніі, але сваю каланіяльную лігу стварылі з думкай, што, можа, пры чарговым перадзеле чужой зямлі і ім удасца нешта прыдбаць сабе. Трэба будзе ў вольны час больш пацікавіцца гэтымі рэкламнымі слупамі. Тут столькі тэм і для лірыкі, і для сатыры!
На Вастрабрамскай, каля будынка рускай гімназіі імя А. С. Пушкіна, сустрэў сляпога Хведара – сына свае гаспадыні. Ён часта наведвае сваю маці. Калі застае нас з Сашкам дома, любіць пагаварыць з намі. Вочы яму выпаліла воцатам яго былая жонка, з якой ён развёўся. Цяпер страшна глядзець на калеку. Ідзе па тратуары, пастукваючы кіёчкам. Ужо я яго даўно мінуў, а мне ўсё яшчэ доўга чуўся ў вушах стук кійка, які бачыць больш за чалавека.
9/ІХ
Пасля суда над маім зборнікам "На этапах" В. Труцька запрасіў нас з дзядзькам Рыгорам і Я. Караленкам перакусіць у рэстаран "Зацішша", аформлены ў сецэсійскім стылі, дзе я сустрэў нашага мядзельскага фатографа Сідаровіча. Ён сядзеў у кутку за невялічкім столікам і, відаць, некага чакаў, бо ўсё назіраў на ўваходзячых.
– Што чуваць на нашай Мядзельшчыне? Можа, былі ў маёй Пількаўшчыне?
Навіны тыя самыя, пра якія я чуў даўно. Да чаго ж марудна ў нас праходзіць жыццё, быццам час застыў на месцы. Нават падзеі, якія адбыліся некалькі год таму назад, лічацца свежымі. Сідаровіч – арыгінал. Любіць прадказваць, што павінна здарыцца ў нас, а потым тлумачыць, чаму не адбылося так, як ён гаварыў.
Вечарам хадзіў на Замкавую гару. Цішыня. А мне здаецца, што бура галасоў шалее ў гэтых руінах. Раздабыў апошні нумар "Літаратурных ведамасцяў" – часопіс, для якога, здаецца, не існуе класавых супярэчнасцяў і які нагадвае вестыбюль гасцініцы, дзе сустракаюцца толькі "таленавітыя", "славутыя".
За сцяной круцяць патэфон. Спявае хор "Дана". Сёння трэба дачытаць Л. Каніньскага "Кан’юнктура пафасу" і "Згашэнне краябразу", бо заўтра мушу гэтыя кнігі вярнуць Мілянцэвічу.
Мне здаецца, што сучасная лірыка неяк аддзяляецца ад сюжэтнай кампазіцыі. Самы верны шлях, каб пазнаёміцца з паэтам – прачытаць яго лірычныя вершы.
Адпісаў на некалькі лістоў. Кожны графаман пагражае, што я буду адказваць перад гісторыяй, калі не памагу надрукаваць яго творы. Становішча складанае. Трэба нам узбіцца на прозу, каб яе плуг пераараў дзірваны нашага жыцця.
Сонца памалу садзіцца за чырвоныя чарапічныя дахі. На іх рыбіную луску кладуцца вячэрнія цені, і дахі гэтыя здаюцца нейкімі фантастычнымі рыбамі, што адплываюць у ноч.
18/ІХ
Асірацела сям’я віленскіх друкароў – памёр стары Б. Клецкін, які за свой век выдаў столькі кніг беларускіх пісьменнікаў і рознай іншай літаратуры, што можна было б з іх скласці другую Замкавую гару. Цікава, у якія рукі трапіць цяпер яго друкарня? Трэба даведацца, калі будуць яго хаваць, ды схадзіць з ім развітацца, бо ён не раз нам памагаў выблытвацца з розных канфліктаў з цэнзурай.
На Аранжарэйным завулку сустрэў шумную грамаду студэнтаў, сярод якіх быў Данэк Скаржыньскі. Казаў, у нядзелю збіраецца з сябрамі паехаць на Зялёныя азёры. Запрапанаваў і мне далучыцца да іх трупы. Трэба параіцца з К. Даўно ўжо я не быў у гэтай маляўнічай караімскай аколіцы.
Вяртаючыся дамоў, спыніўся падзівіцца на крыкліва і ярка, клерыкальна і шавіністычна размаляваную кнігарню "Святога Вайцеха". На вітрыне – кніга М. Здзехоўскага "Шатабрыян і Напалеон" – кніга паслядоўніка У. Салаўёва, для якога ўсе камуністы з’яўляюцца пасланцамі антыхрыста. Самае дзіўнае: сёлета аўтару прысудзілі прэмію імя Філаматаў. Што ў гэтага філосафа-рэакцыянера супольнага з філаматамі?
Узяўся за пераклад Я. Гушчы.
"Гэтым валасам ніякія рукі не казалі: залатыя…"