Учора на базары чуў, як гаварылі дзве сялянкі, раскладаючы прынесеныя на продаж сыры, масла, грыбы.
– Ці быў у вас на гэтым тыдні дождж?
– Прайшоў, дзякаваць богу. Ды такі шчыры, такі жывы, што аж зямелька павесялела.
На пліце, чуваць, ускіпае чайнік. Трэба схадзіць па селядзец і хлеб. А што, калі сёння пан Ётка адмовіцца мнедаць у крэдыт?
29/VIII
На Завальнай, каля магазіна "Зінгер", мяне спыніў Д. Ужо даўно я яго не бачыў. Ад яго даведаўся, што ён быў у Каўнасе, сустракаўся з літоўскімі пісьменнікамі. Ён з захапленнем гаварыў пра карціны Чурлёніса, пра яго славутыя цыклы "Задыяк", "Стварэнне свету" і іншыя… Чурлёніс для мяне – адзін з найбольш загадкавых мастакоў. У якія закануркі сваёй душы заглыбляўся гэты чалавек, каб вывесці людзям, паказаць свету вобразы-сімвалы, вобразы-ключы ад нейкай таямніцы? Да сустрэчы з Кастусём у мяне яшчэ было добрых пару гадзін. За гэты час я паспеў абысці амаль усе газетныя вітрыны, не знаю толькі, ці гэта самы танны спосаб чытання прэсы, бо за пару месяцаў я зношваю самыя моцныя падноскі. У дарогу на Валакумнію ўзяў з сабою Гётэ, якога не асабліва люблю, хоць знаю, што ён належыць да самых выдатных паэтаў свету, што на Алімпе ён засядае разам з багамі і г. д. Відаць, у гімназіі мне адбілі ахвоту да яго вершаў, бо вельмі часта трэба было завучваць на памяць, разбіраць іх, а з нямецкай мовай жыў я ў поўнай нязгодзе, ды і свае вершы ўсё больш пачыналі брадзіць у галаве і ўсё менш пакідалі часу на зубрэнне.
Сёння ў тэатры "Лютня" – надзвычай цікавы балет Ф. Парнэля. Шкада, што гэтыя дні не будзе калі пайсці на яго.
30/VIII
Вычытаў апошнія лісты карэктуры свайго "Журавінага цвету". У зборнік уключыў некалькі фрагментаў з паэмы "Нарач", бо малая надзея, што ёй асобным выданнем удасца пралезці праз ігольнае вуха цэнзуры. Занёсшы карэктуру дзядзьку Рыгору, які шэфствуе і над гэтым другім маім зборнікам, пайшоў у Нова-Вілейку, дзе меўся сустрэцца з П. За горадам дагнаў грамаду вясковых маладзіц. Яны ішлі босыя. У хустачках і ў кошыках разам з абаранкамі і рознымі гасцінцамі неслі свой абутак.
Нехта, едучы на рамізніку, абмінаў мяне. Быццам знаёмы твар. Дзе я гэтага чалавека бачыў? Рамізнік то аддаляўся ад мяне, то памалу плёўся, даючы мне яго абмінуць. Цікавы яздок. Можа, лепш мне вярнуцца назад, хоць пры мне, здаецца, нічога кампраметуючага няма. Толькі ў запісной кніжцы некалькі выпісаных з кніг і газет цытат ды сваіх нататак:
"Паслухай, божа, сваіх сыноў.
Пашлі нам ноч Доўгіх нажоў" – гэта з эндэцкай малітвы.
"Інтэрнацыяналіст", які прызнае толькі сваю мову.
"Я глядзеў на яе, як на першую карэктуру свайго зборніка". Маё.
"Я толькі цяпер усведаміў, што, будучы бяздомным бадзягам і сустрэўшыся з ёю, стаў самым шчаслівым чалавекам на свеце". I гэта – маё.
"Перад вялікім паэтам станем на калені, як перад з’явай рэдкай, светлай і цудоўнай, але не дазволім яму застацца сярод нас". Выпісаў з Платона.
"Паны дарэмна будуюць астрогі, ставяць шыбеніцы. Дзе адны пануюць, а другія служаць, адны раскашуюцца, а другія церпяць, дзе адны карыстаюцца з асветы, а другія знаходзяцца ў цемры – там нэндза, помста, роспач пададуць чалавеку галавешку, сякеру, меч" – словы Канарскага, 27/П 1839 г., расстралянага царскімі жандарамі.
"Сейм прастытутак" – словы самога Ю. Пілсудскага, сказаныя ў 1928 г.
"У народаў, у якіх няма дзяржавы, часта паэты былі неафіцыйнымі прэзідэнтамі" – зноў я нешта згарадзіў.
"Жыжка завяшчаў сваю скуру на барабан, які клікаў бы ў бой яго прыхільнікаў". Не помню, адкуль узяў гэту цытату, вартую цэлай паэмы.
Адным словам, нічога, здаецца, крамольнага няма ў кішэнях.
Зноў чую за сабой цокат падкоў. Ага, ёсць яшчэ тры фатаграфіі: на адной – дзядзька Рыгор са сваім сынам Славікам і я – у вышытай беларускай кашулі, пазычанай у Янкі Хвораста; на другой – мы з М. Мінкевічам і яго другам (сфатаграфаваліся ў Бернардынскім парку 3/VII, перад іх ад’ездам з гімназіі дамоў); на апошняй – выдатны артыст, сусветна вядомы бас і г. д. і г. д. – Павел Пракапеня. Пад датай 19/VI 1937 г.: "Нзвестному нашему белорусскому поэту" і г. д., і размашысты ўласнаручны подпіс. Ну, апошняя фатаграфія – лепш усіх маіх дакументаў. Вяртаюся назад. Следам за мной, чуваць, клыпае падковамі каняга таго самага рамізніка, з тым самым пасажырам, якога я ўжо нават не стараюся і ўспомніць, дзе я яго бачыў. Пачынае марасіць дождж. Рамізнік абмінае мяне. Бачу ззаду на брычцы № 172. Дождж не перастае, а ўсё мацней пад грукат грому, як п’яны, пачынае танцаваць па пыльнай дарозе.
31/VIII
Чуваць, апошнімі начамі зноў былі ў горадзе рэвізіі і арышты. Падзеі з кожным днём нарастаюць. Сялянскія забастоўкі ў цэнтральнай Польшчы перараслі ў рэвалюцыйныя выступленні. Падчас сутычак з паліцыяй загінула шмат сялян. Якая страшная рэч – цішыня на палявых дарогах!
…Толькі песню весялейшую цяпер бы!
Можа, гэту нават – пра апошні бой…
7/ІХ