Далей дзесятага радка не пайшоў. Нешта заела. Адклаў. Трэба пазнаёміцца з новымі зборнікамі А. Рымкевіча, А. Нелавіцкай, Т. Лапалеўскага. Мяне цікавяць польскія паэты з Віленшчыны таму, што мы працуем над адным і тым жа матэрыялам, толькі іх болыл вабіць зялёны колер гэтай зямлі, а нас – яшчэ і чырвоны. Хіба на сучасную польскую паэзію найбольшы ўплыў аказалі імажынізм і акмеізм, а футурызм – як яго ні прапагандавалі і ў італьянскім і ў рускім варыянце – чамусьці не прывіўся. Відаць, недаўгавечнасць многіх літаратурных напрамкаў у тым, што яны зараджаюцца не на зямлі, не на вуліцы, а ў рэстаранах, у асяроддзі мяшчан. Зараз мне здаецца найбольш аўтарытэтным і перспектыўным у паэзіі – напрамак, які рэпрэзентуюць Чухноўскі, Пентак, Скуза…
19/ІХ
Ад рэдактара "Калосся" Я. Шутовіча даведаўся, што цэнзура канфіскавала зборнік вершаў Міхася Машары "З-пад стрэх саламяных" – адзін з лепшых яго зборнікаў. Апошнія крокі адміністрацыі не пакідаюць ніякай надзеі на тое, што ў нашы часы можна будзе выдаць нешта вартае ўвагі.
3/Х
У Бернардынскім парку адкрылася выстаўка садавіны. Шкада, што не мог быць на адкрыцці яе і паглядзець на ваяводу ды міністраў. Можа, калі давядзецца пісаць іх партрэты. Адзін віленскі ваявода – пан Бацянскі – чаго варт! А колькі там было іншых "фруктаў"!
Агулам, выстаўка досыць цікавая. Нагледзеўся на цэлыя горы антонавак, ранетаў, папяровак, графштынаў, цітавак, пепінак літоўскіх, монтвілаў, каштэляў, ананасаўбаржанецкіх, чарнагузаў, арабаў, цыганоў… Каб не бачыў на свае вочы, не паверыў бы, што столькі сонечных, духмяных пладоў расце на нашай зямлі. Сярод прозвішчаў садаводаў сустрэў некалькі ўжо мне знаёмых: Сікору, Багдановіча, Алешака, Рушчыца і нейкай Ягоравай з Крывічоў.
А дзень сонечны, прыгожы. Залатой ліствой апрануліся горы, якія дугой атуляюць парк, дзе несціхана шуміць крутая і празрыстая Віленка.
10/Х
Т. Буйніцкі падарыў мне свае зборнікі: "Вошчупам" і "У палове дарогі". Е. Путрамант калісьці хваліў яго вершы. Вечарам засяду за іх. На Буковай застаў Міхася Васілька. Ён на некалькі дзён прыехаў у Вільню, каб пабачыцца з Кастусём. Дамовіліся, што заўтра сустрэнемся ў рэдакцыі "Беларускага летапісу". Там, напэўна, будуць і дзядзька Рыгор, і С. Паўловіч. Гэты раз Міхась быў досыць агрэсіўна настроены ў адносінах да некаторых нашых сучасных паэтаў. Надакучылі і яму ўсе гэтыя вершы санацыйных ды хадэцкіх бардаў, якія невядома для каго друкуюцца. Потым зноў найшоў на яго мінорны настрой:
– Як, брацятка, думаеш: ці нам удасца стварыць нешта вартае добрага слова?
Пытанне было неспадзяванае, і яно мяне насцярожыла. За словамі "ці нам удасца?" я адчуў яго трывогу – "ці нам дадуць?", бо тут ён пачаў расказваць пра невясёлыя справы ў яго Баброўні, пра тое, што, калі апошні раз рабілі ў яго вобыск, паліцыя гразіла яму высылкай. Да ўсяго гэтага – пачала прыхворваць жонка, дома няма ні хлеба, ні ў што апрануцца.
Рассталіся мы з Міхасём каля ратушы. Я яму прапанаваў пераначаваць у мяне, але ён хацеў наведаць нейкага сваяка. Можа, Макара Краўцова, якога Міхась называе "ржавым". I сапраўды, нешта ёсць іржавае ў гэтым чалавеку – скептыку і лёкаі, што прадаў і свае здольнасці і душу чорту – Астроўскаму ды розным банкротам на чале з Ф. Аляхновічам.
25/Х
На дварэ – дождж, золь, вецер. Застаецца толькі сядзець ды пісаць карэспандэнтам "Беларускага летапісу" адказы. У такую непагоду яшчэ больш непрытульна выглядае наш двор. На ганку старажыхі сядзіць, скурчыўшыся, сабака. На вяроўцы, працягнутай ад вугла дома да плота, гайдаецца нейкае шмаццё. У рыштку мокне газета і пусты карабок ад мыльнага парашку "Радыён", упрыгожаны жоўтым дыскам сонца. Пад рознакаляровымі парасонамі стаяць дзве жанчыны. Відаць, дзеляцца толькі што прынесенымі з рынку навінамі. У адной у кошыку – памідоры, у другой – нейкая зеляніна. Жанчыны так загаварыліся, што не зважаюць і на дождж. Парасоны іх здаюцца велізарнымі грыбамі, якія раптам выраслі на бруку. Дождж. I, відаць, зацяглы, бо ўсе лужыны ўкрыты воспай дажджавых бурбалак. Прыгадаліся радкі Стафа:
У шыбы дождж звоніць,
дождж звоніць асенні…
Па памяці пачаў перакладаць гэты верш. Трэба будзе падумаць над вершам "Начная сяўба". Сюжэт – ад майго дзеда, які мне калісьці расказваў, як ён вайной сеяў жыта. Толькі не знаю, ці ўдасца мне пра гэта напісаць так, як хацелася б. Часамі гісторыя нараджэння таго ці іншага твора бывае цікавейшая за сам твор.
27/Х
Во имя нашего завтра – сожжем Рафаэля.
Разрушим музеи, растопчем искусства цветы…
За апошнія дні столькі прачытаў розных літаратурных маніфестаў і праграм, што аж на зубах, як ад кіслых яблык, адчуваю аскому. Цяпер за дзесяткі вёрст буду іх абыходзіць.