У зборніку Путраманта "Лясная дарога" знайшоў і свой верш "На шляху дзікіх гусей". Гэта – першы мой верш, перакладзены на польскую мову. Перад гэтым ён быў надрукаваны ў "Кур’еры віленскім", і я атрымаў за яго ад свайго перакладчыка першы ў сваім жыцці ганарар – тры злотых. Я не хацеў іх браць, хоць быў без хлеба. Прызнацца, да гэтага я ніколі не задумваўся, што вершы могуць мець нейкую грашовую вартасць. Я знаў, што за іх могуць судзіць, садзіць у астрог, але каб за іх плацілі…
28/Х
Кажуць, калі ў Аскара Уайльда спыталі, чаму ён жыве такім нерабом, ён адказаў:
– Сёння працаваў цэлы дзень.
– Што вы рабілі?
– Да абеду папраўляў артыкул: выкрасліў адну коску.
– А пасля абеду?
– Зноў паставіў коску на ранейшае месца…
З падобным вынікам і я сёння працаваў. Усё больш задумваюся над граніцай, якая аддзяляе паэзію ад прозы. Мо яе і зусім няма? У тым разуменні, у якім яна існавала, ужо ніхто яе не прызнае. Кожны пераносіць гранічныя слупы ў глыб то адной, то другой дзяржавы.
Мы часта гаворым аб вялікім значэнні літаратуры ў жыцці народа. Але калі параўнаць нашы мізэрныя тыражы з тыражамі кніг і газет Савецкай Беларусі, пераканаешся, што кола чытачоў у нас вельмі абмежаванае. А калі ўлічыць яшчэ і ўсе перашкоды (а іх нельга не ўлічваць), якія стаяць паміж нашымі кнігамі і чытачамі,– няшмат месца астаецца для аптымізму. На сваёй Мядзельшчыне я магу на пальцах палічыць людзей, якія чытаюць нашы газеты і кнігі. Праўда, гэтыя людзі ў нейкай меры, як кажуць, робяць пагоду. Але іх – вельмі мала.
29/Х
А гэта запісаў ад А. У апошнія хвіліны свайго жыцця тав. Н. Ботвін сказаў, звяртаючыся да салдат: "Вучыцеся страляць па мне, каб умець страляць у сваіх ворагаў, бо я не з’яўляюся вашым ворагам…". А тав. К., калі яму далі 15 гадоў, кінуў у твар суддзям: "Вы распараджаецеся, паны, не сваім часам!"
Перагортваючы ў бібліятэцы імя Тамаша Зана старыя часопісы, знайшоў дзве цікавыя польскія народныя песні, якія там жа спрабаваў перакласці. Пачатак першай:
П’ю гарэлку два дні,
Тры дні п’ю, балюю,
Грошыкі ніколі
Мяне не турбуюць…
Другая, відаць, з карпацкага разбойніцкага фальклору:
Гаварылі, гаварылі,
Што разбойніка забілі,
А пасеклі ў лесе вецце,
Разбойніка ж нясе вецер…
Сярод кніжных навінак знайшоў надзвычай цікавы "Праваднік па Польшчы". У першым томе – уся Заходняя Беларусь, 16 карт і некалькі планаў гарадоў. Шкада, што няма грошай, каб купіць гэты бэдэкер. Трэба будзе параіць Кастусю пацікавіцца ім.
30/Х
Тыцыян, кажуць, пад канец свайго жыцця хацеў перапісаць, перарабіць усе свае карціны. А ў нас я яшчэ не сустрэў чалавека, які не пакрыўдзіўся б, калі яму раяць дапрацаваць апавяданне ці верш. А матэрыялы, якія атрымліваюць рэдакцыі, за рэдкім выняткам – вельмі слабыя. Вершы – зарыфмаваныя адозвы, набор гучных слоў, якія ад марнатраўнага абыходжання з імі губляюць сваю баяздольнасць. Метал і той ад частага ўжывання стамляецца.
Бачыўся з В. Надзвычай цікавы і адукаваны чалавек. Шмат гадоў вучыўся і жыў у Чэхаславакіі, дзе і цяпер ёсць вялікая калонія беларусаў. Сустракаўся ён з многімі левымі чэшскімі і славацкімі пісьменнікамі. Быў знаёмы з Купалам, Чаротам, Гартным… Цэлы вечар дэкламаваў мне С. Неймана, які мне здаўся вельмі рытарычным. Можа, я не ўсё зразумеў, а можа, В. спецыяльна падбіраў такія сугучныя заходнебеларускім настроям вершы. Я толькі па свежай памяці дома запісаў адзін верш С. Неймана, які мне дужа спадабаўся:
Мне бога трэба б мець, каб праклінаць,
Ці д’ябла нейкага, каб чараваць,
Але ў мяне – мозг неспакойны толькі
I жаласнае сэрца.
Мне б сілы для нянавісці маёй,
Мне б гордасці больш да любві маёй,
Але ў мяне – бяссільная любоў
I сум, што глуха стогне.
10/ХІ
Пасля дзён галодных насталі дні, поўныя адчаю. Што за імі? Няўжо толькі мужыцкая ўпартасць і цікавасць мяне звязваюць з маім сучасным жыццём? А паэзія? I з ёю апошнія дні рвуцца кантакты, бо за кожным з нас неадступна ходзіць то ў шэрым паліто і капелюшы, то ў чорным – анёл-хавальнік. Два вечары запар прыходзіць правяраць, што я раблю.
Літоўскія сябры пазкаёмілі мяне з цікавай і блізкай мне па духу паэзіяй К. Боруты. Прасіў зрабіць для мяне падрадкоўнікі. Хацелася б перакласці некалькі яго вершаў.
18/ХІІ
Быў пад Нова-Вілейкай, у Р. Ён толькі што прыехаў з Варшавы. Расказваў аб пахаванні А. Струга, аб апошніх навінах на літаратурным фронце. Даў некалькі адрасоў і папрасіў, каб я на іх выслаў зборнікі вершаў Васілька, Машары, свае і паасобныя цікавейшыя творы іншых паэтаў. Перапісаў у яго верш У. Бранеўскага, прысвечаны памяці А. Струга. Вечарам пачаў яго перакладаць. Перакладаць узяўся з апошняй страфы, да якой лягчэй удалося падабраць ключ.
…Ён быў з тых, што сваёю працай
Мацавалі нашу сябрыну;
Ён байцом быў і рэспубліканцам,
Жыхаром свабоднай краіны…
Потым усё адклаў і ўзяўся за свой незакончаны верш. Але пасля цяжкай дарогі нічога арыгінальнага не прыходзіла ў галаву. Памаліўшыся Апалону: "Божа, ратуй мяне ад самай большай спакусы і граху – паўтарэння і пераймання", выключыў у сваім пакоі святло.
22/ХІІ