Закончыўся працэс над групай Г. Дэмбінскага. Дэмбінскі з С. Ендрыхоўскім, мы з М. пайшлі да нашых польскіх сяброў, каб ад імя беларускай грамадскасці выказаць ім сваё спачуванне. На кватэры ў Г. засталі мы Путраманта, Барысевіча, Урбановіча і некалькі не знаёмых мне студэнтаў. Настрой ва ўсіх быў прыгнечаны. Бо людзі, якіх санацыйныя суддзі кінулі на доўгія гады за турэмныя краты, карысталіся пашанай і любоўю ў шырокіх кругах інтэлігенцыі і ў рабочым асяроддзі ва ўсёй Польшчы.
Спачатку цяжка было ўзбіцца на сцяжыну нейкай агульнай бяседы. Кожны, відаць, думаў над адным і тым жа пытаннем: што рабіць? Потым пачалі гаварыць аб далейшай працы і барацьбе супроць карычневай небяспекі, бо лёс усіх – асуджаных і яшчэ не асуджаных – будзе залежаць толькі ад вынікаў гэтай барацьбы.
Як нам пасля закрыцця "Папросту", "Карты", "Нашай волі" не хапае зараз свае трыбуны, з якой гаварылася б, што трэба рабіць, як зноў гуртаваць свае сілы.
30/ХІІ
Здзіўлены, прачытаў у кракаўскім месячніку "Наш выраз" сапраўдную оду Т. Пайпера аб "Цэнтральнай прамысловай акрузе" (ЦОП). Нешта не верыцца мне, што гэтаму ўраду пры яго сучаснай палітыцы ўдасца ажыццявіць гэты план індустрыялізацыі Польшчы. Хутчэй за ўсё, што яму суджана застацца непаравым дзіцем, якое нарадзілася і кончыць свой век у газетных і плакатных пялёнках прапаганды.
Пад снегапад пачаў перакладаць цудоўны верш I. Галчынскага "Прывет, Мадонна". Некаторыя строфы яго пераклікаюцца з нашым Янкам Купалам:
Хай там другія пішуць кнігі. Нават
Хай слова гучыць ім званіцай стазвоннай,
Пісаць я не умею, не дбаю аб славе, –
Прывет, Мадонна!
Не для мяне полкі кніг аж да столі,
Не для мяне вясна, рунь на загонах,
Толькі ноч цёмная, дождж з алкаголем, –
Прывет, Мадонна!
Былі да мяне людзі, будуць і потым,
Бо жыццё вечнае, не знае скону,
Усё, як у вар’ята сон мімалётны, –
Прывет, Мадонна!
Ты ўся прыбраная маем, вясною,
Кветкамі, што назбіраў на загонах,
Бруд з рук сваіх я змываю расою, –
Прывет, Мадонна!
Не пагарджай ты вянком хулігана,
Знаёмага з прэсай, з паліцыяй коннай,
Ты ж мая маці, муза, кахана, –
Прывет, Мадонна!
Недзе яшчэ ў мяне ляжыць перапісаная два-тры гады таму назад паэма I. Галчынскага "Інга Бортш".Усё ніяк не магу сабрацца і перакласці яе. А паэма гэта калісьці была для мяне цэлым адкрыццём. Знайшоў яе выпадкова ў нейкім жаночым часопісе, пазычаным у нашай вясковай настаўніцы.
Заўтра еду дамоў. Новы год сустрэну ў дарозе, недзе паміж Маладзечнам і Вілейкай, пад сонны перастук колаў цягніка. Потым, калі не знайду спадарожнай фурманкі ці знаёмых вазакоў, буду гадзіны 3-4 брысці па замеценых палазінах дадому. I ўсё ж люблю я гэту дарогу, асабліва тыя кіламетры, што пралеглі праз Гарадзішчанскі лес. Я кожны раз успамінаю, як мы вярталіся гэтай дарогай з бежанства і я збіраў са сваёй сястрою Верачкай грыбы. А дзень быў такі ясны ад сонца, ад бронзавых нагрэтых ствалоў сосен, ад ягад і мухамораў і ад радаснага пачуцця вяртання на радзіму, хоць гэта слова для мяне тады было яшчэ неразгаданай загадкай, – што я, здаецца, больш такіх дзён і не бачыў.
А можа, калі пагода не паправіцца, адкласці на пару дзён маю паездку дамоў?
Былі да мяне людзі, будуць і потым,
Бо жыццё вечнае, не знае скону,
Усё, як вар’ята сон мімалётны, –
Прывет, Мадонна!
Хутка поўнач. Мароз прыбраў шыбы ў белае лісце папараці. Ледзь праз іх прабіваюцца агні вулічных ліхтароў.
1938
14/I
Такое адчуванне, што ва мне памерла штосьці, чаму шмат хто яшчэ адбівае паклоны, моліцца. Пачаў перачытваць свае ранейшыя творы. Некаторыя выправіў, а некаторыя – такія бездапаможныя, што шкада і часу, каб іх выпраўляць. Наша беларуская літаратура – адна з самых маладых, але ў ёй ужо столькі "класікаў", што хапіла б імі абдзяліць і суседзяў. Творы гэтых "класікаў" усё болыд і больш абрастаюць каментарыямі, і скалыіель часу ці дабярэцца калі да іх. Мне смешна, калі нашы крытыкі радаслоўную таго ці іншага паэта пачынаюць, як у святым пісанні: А нарадзіў Б, Б нарадзіў В і г. д. і г. д. Ці трэба мне было вучыцца ў Чарота ці ў Труса, калі я мог вучыцца непасрэдна ў Блока, Ясеніна, Маякоўскага?
Наш засцянковы патрыятызм узвёў у сан святых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі, гучна спраўляючы 5–10–20-годдзі іх "плённай" літаратурнай дзейнасці. Мо таму "не разумеюць" нас і мала цікавяцца намі на шырокім свеце. Amicus Plato…
15/I
Пад вечар хадзілі на паляванне. Хмарна. Імгла. Каля Краснаўкі забіў дзед беляка і ўдарыў па лісіцы, якая пацягнула на Дубаўскі бор, сям-там пакідаючы крывавы след. Вяртаючыся дамоў, на незамерзлых пратоках слабадской рэчкі ўзагналі некалькі дзікіх качак. Вада сярод аснежаных берагоў здаецца чорнай, таямнічай.