Ад грэблі набліжаўся звон шарахавак. Мы сышлі ў кусты, каб не нарвацца на каго непажаданага. Гэта некуды ехаў нанач наш сусед – каваль Васіль Бабровіч. Мы перачакалі, калі ён схаваецца за гушчаром ельніку, і памалу пабрылі дамоў. На гумне сустрэлі Веру, Федзю і Людмілу. Яны чулі стрэлы і выйшлі пацікавіцца, з якой мы ўдачай вяртаемся. Праз паляванне спазніліся нават паіць і даглядаць кароў. Апошнія рэзгіны трасянкі бацька ўжо нёс у хлявы разам з вячэрнімі зорамі.
16/I
Зайшоў да нашых суседзяў Глінскіх. Як заўсёды, у іх поўная хата народу. Расказвалі і смяяліся, як Базыль, хаваючы свайго сына, таргаваўся з папом. Духоўны айцец за два злотых не хацеў ісці на магільнік маліцца, патрабаваў, каб яшчэ летам Базыль тры дні яму пакасіў сена. I толькі тады згадзіўся, калі той напалохаў яго, што пойдзе да ксяндза ці да рабіна. Бо мёртваму – усё роўна, хто яго будзе хаваць.
У сасновай дамавіне
аспадар ляжыць, а ў хаце
Дзеці-сіраты і жонка
Горкімі слязамі плачуць.
– Супакойся, маладзіца! –
Суцяшае поп жанчыну, –
Бог забраў на неба мужа,
Мне давай яго скаціну.
20/I
Заўтра еду ў Вільню. Разам са мною едзе і сястра Вера, якая выходзіць замуж за Браніслава Лётку ў Сэрвачы, дзе бацька яго, вярнуўшыся з Амерыкі, купіў сабе хутар. Цікавы чалавек гэты стары Лётка. У маладосці парабкаваў. Білет у Амерыку, казалі, купіў за грыбы, якіх назбіраў, ганяючы на пашу. Больш за дваццаць гадоў працаваў на дзве змены грузчыкам у доках Нью-Йорка. Быў надзвычай дужы. Насіў мяшкі, якіх ніхто не мог падняць. Ён і цяпер сваіх сыноў – Паўла і Броньку – заткне за пояс. У самы люты мароз ходзіць расхрыстаны і без рукавіц.
А сёння цэлы дзень пракірмашавалі мы з бацькам у Мядзеле. Сёе-тое купілі на вяселле. Каля Носькавай крамы прывязаўся быў да мяне нейкі п’яны ці, можа, падасланы тып. Усё цягнуў мяне ў чайную Здановіча, каб пачаставаць гарэлкай, а калі я адмовіўся, пачаў гразіць: "Пачакай! Яшчэ ты не ўсё адседзеў у турме…". Ледзь я ад яго адкараскаўся. Як вярталіся дамоў, разы два нашы развалы перавярнуліся. Змёрз я ў сваім ватнім паліто. Шкадаваў, што не ўзяў кажуха. Дамоў вярнуліся позна. Бацька застаўся распрагаць каня, а я, забраўшы ўсе пакупкі і бутлю з газай, пабег у хату.
Пасля вячэры, калі збіраліся класціся спаць, нечага ўсшануліся сабакі. Дзед паднёс лучыну да замёрзлага акна, але праз адталую лунку толькі відаць было, як вецер хістае асвер ды на дрывотні гнецца расахатая бабіна вярба.
– Можа, ваўкі падышлі да прынады?
Дзед апранаецца ў кажух і, узяўшы сваю жвіроўку, ідзе ў разведку.
Я доўга сяджу, чакаю, калі ён вернецца. Перагледзеў усю пошту, напісаў некалькі лістоў. Зрабіў чарговую генеральную чыстку ў сваіх паперах. Апошнімі часамі з-пад пяра нічога талковага не выходзіць.
На кірмашы бачыўся са слабадскімі хлопцамі – Мішам Ралёнкавым і Кірылам Карабейнікам, Сашкам Асаевічам. Міша расказаў пра свае цікавыя прыгоды, калі ён пераводзіў праз граніцу раненага Багданчука – героя маёй паэмы "Нарач". Калі яны доўга блукалі ў прыгранічным лесе, Багданчук на хвіліну ўсумніўся ў сваім правадніку:
– Слухай, дружа, калі ты мяне выведзеш на засаду, знай: адна куля – табе, другая – мне.
Шкада, што я не закончыў сваей паэмы гэтай сцэнай. Праўда, што, напісаўшы так, як усё гэта адбылося, я меў бы справу не толькі з цэнзурай. Гашу святло, не дачакаўшыся старога, які, пільнуючы прынады, напэўна, заснуў у лазні.
23/I
Пасля вяселля сястры правёў маладых на вакзал, а сам паплёўся на сваю, ацененую ашаранелымі соснамі Закрэта, вуліцу Канарскага, да сваіх кніг і вершаў. Ці не варта было б напісаць сцэну "У музеі"? Ідэя яе зарадзілася ў мяне, калі перад Новым годам перагортваў старонкі гісторыі паўстання 1863 года і дзейнасці К. Каліноўскага, судовыя акты "Грамады". Трэба ажывіць усіх павешаных, забітых, расстраляных, і хай гэты рэвалюцыйны трыбунал судзіць катаў.
– Ці не помніце нас, паны Радзівіл, Хадкевіч, Пац, Тышкевіч?
– Не, не помнім…
– Нічога дзіўнага. У нас усіх тады было адно імя: бунтаўшчык.
Заўтра збіраюся наведаць В. Дрэму, паглядзець яго новыя гравюры. Яго работы – пранізаныя глыбокай любоўю да людзей працы, да сваёй зямлі – выдзяляюцца з усяго таго, што мне даводзілася бачыць на розных выстаўках не толькі ў Вільні. Мастацтва яго вырасла на літоўска-беларускім паграніччы, і сам ён з’яўляецца жывым звяном нашай дружбы. Ён не толькі лепшы знаўца літоўскага народнага мастацтва, але – і нашага, беларускага, аб чым гавораць яго шматлікія артыкулы ў розных часопісах.
Чамусьці не прыходзіць Н., які абяцаў мне прынесці Бажана "Лічбы", Галана "99 %" і "Агонь" Казланюка.
Відаць, прастыў. Гаспадыня напарыла ліпавага цвету. П’ю, а ў вушах – звон, быццам пчаліны рой злятаецца на маю галаву.
Нешта і гадзіннік мой спыніўся, і Сашка з Мікалаем недзе затрымаліся. Ці не пайшлі яны ў тэатр?
24/I