Ля кіно "Геліос" мяне спыніў К. Я яго ледзь пазнаў, так ён змяніўся за апошнія тры гады. Калісьці, ідучы на ўмоўленую сустрэчу, ён не мог трапіць на наш хутар. Чую, нехта пяе песню, якую мы часта спявалі на Лукішках. I я адклікнуўся. Так і памагла нам песня сустрэцца ў асенняй ночы. Зараз ён жыве ў Вільні. Зарабляе, чытаючы лекцыі матурыстам. Дома паказаў мне цікавыя лісты свайго старэйшага брата, які падчас атакі загінуў на Каса дэ Кампа. Апошні ліст закончаны народнай іспанскай прыказкай: "Мёртвыя жывым адкрываюць вочы". Колькі горкай праўды ў гэтых словах!

У дапісцы аўтар успамінае пра нейкія вершы, якія ён паслаў брату, і пытае, ці ён іх атрымаў. Чые і якія гэта былі вершы? Відаць, перахапіла іх цэнзура. Няўжо ён не знаў, што такія рэчы нельга пасылаць поштай, а калі поштай – дык не іспанскай, бо адна пячатка "Мадрыд" на канверце можа прывесці ў шал усіх быкоў дэфензівы.

Лісты надзвычай цікавыя. Пісаліся яны ў акопах, паміж баямі. I сёння яны здаюцца гарачымі ад крыві і агню. Шкада, што зараз няма як іх апублікаваць у друку.

Д. Буйніцкі і Е. Загурскі цікавіліся, што чуваць на беларускім Парнасе. Яны, аказваецца, досыць пільна сочаць за нашай літаратурай. Чыталі і знаюць амаль усе апошнія навінкі. Буйніцкі неспадзявана запытаўся, ці падабаецца мне паэзія В. Скузы. Праўда, я не ўсе яго творы чытаў. Але тое, што знаю, асабліва яго паэмы, перагружана вобразамі, метафарамі. Нават на мастах ставяць знакі, які цяжар дазваляецца перавозіць.

Ад К. Н. дастаў новыя вершы В. Гаўрылюка пра Бярозу. Вершы надзвычай моцныя. Іх трэба распаўсюджваць як адозвы, пісаць на сценах. Іх трэба ведаць кожнаму.

2/ІІ

Праз тыдзень зноў мяне пацягнуць у суд за мой зборнік вершаў "На этапах". Апошнія дні шмат пішу і шмат бракую. Пачынаю цаніць і няўдачы, якія часта бываюць болыы вернай меркай росту, як некаторыя ўдачы. Праўда, гэта вельмі слабая для мяне ўцеха, але іншай няма.

Дачытаў біблію, пазычаную ў знаёмага клерыка Д., які калісьці на гарышчы бернардынскага касцёла перахоўваў мой канфіскаваны зборнік. Хоць Кандрат Крапіва ўжо выкарыстаў гэту кнігу, але і я вывудзіў з яе мора легенд і паданняў, шмат не толькі антырэлігійных, але і лірычных тэм, метафар, параўнанняў, вобразаў. Гэту цікавую кнігу трэба было б вывучаць у школах разам з міфамі Егіпта, Грэцыі, Рыма…

На вуліцы Шапэна напароўся на аблаву. Нехта раскідаў пракламацыі. Паліцыя і шпікі затрымлівалі прахожых, правяралі дакументы, і ў некаторых, завёўшы ў пад’езд дома, у якім калісьці мне даводзілася працаваць, ператрасалі кішэні. Пры мне не было нічога, што магло б скампраметаваць, але, каб не затрымалі, я заскочыў у цырульню, дзе і перачакаў усю гэту мітусню.

3/ІІ

3 акна нашай новай кватэры (Канарскага, д. 38) відаць аснежаныя сосны Закрэта. Здаецца, першую зіму мы з Сашкам не мерзнем, бо наш гаспадар – пан Шаф’янскі – працуе ў чыгуначнай адміністрацыі і апалу мае ўдосталь. Кватэру гэту знайсці нам памагла Лю, бо самі мы, відаць, і да гэтага часу не крануліся б са старога месца. Праўда, гаспадар – досыць антыпатычны чалавек. Па перакананнях – эндэк, прытым лавелас несусветны, хоць ужо стары і выглядае як аблезлы пацук. Не дае праходу сваёй служанцы, ды часта яго бачым на вуліцы з нейкімі размаляванымі, расфуфыранымі бабамі. Жонка яго – руская, ленінградка. Ажаніўся ён з ёю, яшчэ калі служыў да рэвалюцыі ў Расіі, на чыгунцы. Вельмі рада была, даведаўшыся, што мы беларусы. Старэйшая іх дачка – Галя – студэнтка медыцыны, сярэдняя – Ганка – памагае маці каля гаспадаркі, а малодшая – Ірка – гімназістка. Дзяўчаты інтэлігентныя і досыць прыгожыя, толькі ў жыццёвых і ў палітычных справах зусім не арыентуюцца. Яны яшчэ не паспелі атруціцца атмасферай свайго акружэння – антысемітызмам, шавінізмам, клерыкалізмам, але і да нас адносяцца насцярожана, хоць мастацкую літаратуру, якую мы ім даём, чытаюць з цікавасцю. Учора пазычыў у Галі лыжы ды, няўмела спускаючыся з крутога берага Віллі, зламаў адну лыжыну. Чорт бы яе пабраў! Апошнія дзве залатоўкі мусіў аддаць за рамонт.

Зноў узяўся за фальклор. Колькі тут нявыкарыстаных скарбаў! I ўсё ж, мне здаецца, што фальклор будзе ўсё больш і больш адыходзіць у мінулае разам з лучынай і цемрай, непісьменнасцю і забабонамі.3 дому прывёз некалькі цікавых прыказак: 

Бусел зямлю чысціць;

Як заб’еш бабра, не будзе дабра;

Частавалі, чым вароты падпіралі;

Герб у яго: гусь пад пахай і рука ў чужой кішэні;

Быў ранен на полі бубновым;

Баба ўцякае ад сівой галавы, як сабака ад вожыка;

Корд б’е, як чорт, а шабля – як граблі;

У іх воля, у іх і поле;

Гаспадар пачынае будавацца з гумна.

4/ІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже