Узяўся за творы С. Бржазоўскага – філосафа і пісьменніка, поўнага супярэчнасцей, чалавека трагічнай біяграфіі, у якой шмат неразгаданых загадак. У музеі пазычыў некалькі замежкых беларускіх эмігранцкіх газет, якія прыйшлі туды апошнімі днямі з Парыжа. Хоць цэлы дзень мы з Кастусём праседзелі над імі, так і не змаглі сарыентавацца: якога яны напрамку і хто іх выдае. Артыкулы падпісаны нейкімі незнаёмымі прозвішчамі. Кастусь вырашыў пачакаць на наступныя нумары, каб знаць: ці нам гэту прэсу папулярызаваць у сваім друку, ці пачынаць супроць яе кампанію. Насцярожвае тое, што газеты прыйшлі на адрасы людзей варожых нам поглядаў, і тыя сустрэлі іх не толькі прыхільна, але стараюцца іх распаўсюджваць сярод моладзі і студэнтаў.
10/II
Вецер, вецер, вецер. Шумяць у Закрэце векавыя сосны. А над імі – дзівосныя аблокі. Вось адно з іх – як з разгорнутымі ветразямі карабель разбіваецца на чорных скалах. Можа, нехта крычыць там, змагаючыся з хвалямі, а я гляджу і нічым не магу памагчы. Якое сцюдзёнае і непрытульнае неба! Можа, пад такім небам памёр і Алесь Гурло, аб смерці якога я сёння даведаўся ў Студэнцкім саюзе. Трэба будзе заўтра ў каго пазычыць яго "Сузор’і" і "Межы". Аж сорамна прызнацца, што я яшчэ не чытаў гэтых кніг.
Прынёс Кастусю ад С. Паўловіча копію мемарыялаў аб школьным пытанні ў Заходняй Беларусі. Першы варыянт быў значна мацнейшы. Выпалі многія жахлівыя факты, звязаныя з ліквідацыяй беларускіх школ, бібліятэк, гурткоў, культурна-асветных арганізацый, газет, часопісаў. Адным словам – адрэдагавалі… Трэба будзе падумаць над вершам "Родная мова".
Калі б мы цябе, мова, не збераглі
Для нашых дзяцей на пакутнай зямлі,
Хай выкрасляць нас з пажыццёвага спіску,
Імёны з магільных сатруць абеліскаў…
Пакідаю гэта як запеў, да якога некалі вярнуся, як тэму, якую трэба будзе развіць. А можа, гэту страфу зрабіць заключнай? Ці лепш пачаць у купалаўскай інтанацыі?
Вы нашу мову топчаце, панове,
Пад звон кайдан, уланскіх шпор.
Але час прыйдзе – і на гэтай мове
Народ вам прачытае прыгавор.
17/II
Аж да ванітаў начытаўся розных авангардыстаў і іншых мадэрністаў. Часамі здаецца, што ў мычанні каровы – больш паэзіі і зместу. А наша крытыка ад гэтых вершаў у захапленні. Пішуць розныя даследаванні, разборы, даказваюць, хто на каго ўплываў, як атрымаўся ў галаве паэта той ці іншы вобраз. Адна з самых страшных хвароб нашай крытыкі – уплывалогія. Яна выступае ў двух відах: універсальным і нацыянальным. Першы даказвае, што ўсе нашы творы паўсталі пад уплывам узораў сусветнай літаратуры і ў нас амаль нічога няма самастойнага; другі сцвярджае ўплыў беларускай народнай творчасці на сусветную.
Каторы дзень хаджу пад уражаннем ад смерці Трахіма (Буткевіча), які пасля катаванняў у дэфензіве павесіўся ў сваёй камеры на Павіяку. Усе асуджаюць яго, хоць ніхто не знае, што яго змусіла так зрабіць. У тое, што самагубствам канчаюць толькі слабыя людзі, я не веру. Не веру і ў тое, што ён зламаўся, бо ніхто, каго ён знаў – а знаў ён многіх людзей,– не быў арыштаваны. А можа, яго павесілі?
Зараз я ўспамінаю той доўгі зімовы вечар, калі ён меўся прыйсці на явачную кватэру на Легіяновай вуліцы і не прыйшоў. Устрывожаная гаспадыня казала: "Такі пунктуальны таварыш. Гэта першы выпадак, каб ён дамовіўся з кім сустрэцца і не стрымаў свайго слова. Відаць, нешта здарылася. Можа, зойдзеце да нас заўтра?"
Але і на другі, і на дзесяты дзень ён не з’явіўся. У мяне толькі засталася пасля яго нявыкураная пачка папярос. Я аддаў іх Любінаму бацьку, які пажурыў мяне, што я расходуюся на такія дарагія папяросы. Сам ён заўсёды курыў "Ценке" – папяросы беспрацоўных, ды і тых часцей не меў за што набыць.
Вечарэе. Пайшоў да вакзала, хоць знаў, што ніводзін з цягнікоў не прывязе мне ніякай радасці і не забярэ з сабою маіх цяжкіх дум. Здаецца, Гётэ гаварыў, што творчасць яго – гэта кавалкі адной вялікай споведзі. А наша творчасць – не толькі наша споведзь, але і маўчанне.
Чуваць, з Італіі вярнуўся П. Сергіевіч. Трэба схадзіць да яго і даведацца, што ён там бачыў цікавага.
20/II