Сустрэчы. Сустрэчы. Нават няма калі, каб нейкім матузом паслядоўнасці звязаць свае думкі. Пісьмо з дому. Нешта дзед прыхварэў. Ён, як чалавек з ранняга сярэднявечча, не разумеў ціхага чытання і не лічыў яго ніякай работай, хоць чамусьці з пашанай адносіўся да пісання. Можа, таму, што радкі пісьма нагадвалі барозны раллі. Часамі мог доўга сядзець і глядзець, як нехта піша. Аб чым ён у гэты час думаў? Можа, шкадаваў, што сам не мог пакінуць на паперы перажытага, сваіх ведаў, цяжка здабытай сялянскай мудрасці. Заўсёды, калі я адрываўся ад сваёй пісаніны, ён уключаўся ў гутарку і пачынаў мне расказваць бясконцыя гісторыі са свайго жыцця. А расказчык з яго – адменны. I самае цікавае, што калі я потым спрабаваў запісваць яго гавэнды, яны ў мяне атрымліваліся нейкімі расцягнутымі. У расказах яго не было ніякага штукарства, якім часцей за ўсё грашаць іншыя, не было ніякіх паўтораў і лішніх слоў. Тое, што ён расказваў, нагадвала прытчы пра звяроў, пра хлеб, пра зло і дабро. Апошні раз, помню, ён уразіў мяне сваёй увагай аб снах: "Які чалавек, такія і сны". Гэта акрэсленне залежнасці сноў ад жыцця і паводзін чалавека мне здаецца. Больш трапным, як фрэйдаўскае….
Трэба будзе дамовіцца з Кастусём, каб я змог на некалькі дзён пад’ехаць дамоў.
Скардзіўся М. Васілёк на свае жыццё – голае і галоднае.
– Ёсць, – казаў, – людзі, якія заўсёды знаходзяцца на віду, і ёсць такія, якіх заўважаюць толькі ў часы юбілеяў ці пахавання.
Зайшлі мы з ім у Студэнцкі саюз. Уключыліся ў спрэчкі аб паэзіі. Чамусьці ўсе бяздарныя лічаць сябе несмяротнымі. А можа, яны і маюць рацыю, бо, як вядома, чалавечая глупасць – вечная. Калі пра пісьменніка гавораць, што ён – "тыповы прадстаўнік", мне ўжо не цікава і знаёміцца з ім. У кожным выпадку, будучыня будзе больш суровай у ацэнцы нашых твораў, і ў першую чаргу – твораў, кананізаваных нашай адсталай крытыкай. 3 кожным днём становіцца ўсё больш складана разабрацца ў людзях. Раней на кожным была свая бірка: партыйная, класавая, нацыянальная. Ідзеш па вуліцы і здалёк бачыш, з кім размінаешся. А зараз, перад абліччам небяспекі вайны і фашызму, шукаем людзей сумленных, гатовых стаць з намі поплеч. I трэба прызнацца, што іх удаецца знаходзіць нават там, дзе раней і не спадзяваліся іх знайсці.
Сёння М. расказала, што ёй удалося арганізаваць гурток па вывучэнню сацыяльных праблем і сучаснай палітыкі ў асяроддзі каталіцкай моладзі, да якой раней кожную нядзелю прыходзіў ксёндз і чытаў лекцыі на тэмы: "Найсвяцейшая панна Марыя – як узор жанчыны", "Святы Язэп – узор цноты маўчання", "Значэнне малітвы і святога прычасця для здароўя і фізічнага жыцця", "Каранацыя святой Маткі Боскай Вастрабрамскай і значэнне гэтага акта", "Галоўныя каталіцкія запаведзі і іх уплыў на наша жыццё" і г. д. і г. д.
Запытаўся ў М., як яна жыве. Чуў ад Паўла Адынца, што яна выйшла замуж за яго друга. Раней, здаецца, Павел да яе заляцаўся.
– Помніш, як разам хадзілі на дэманстрацыю, пратэстуючы супроць закрыцця школ нацыянальных меншасцей? Помніш, як на першамайскім мітынгу ў Малой гарадской зале Павел са сваімі сябрамі хацелі праз акно выкінуць шпіка Пясецкага на брук, ды перашкодзіла паліцыя? Помніш сустрэчы пад Нова-Вілейкай? А потым – на Навагрудчыне?
Усё помніла. Відаць, не была шчаслівай. I ў словах, і ў смеху не чулася ранейшай весялосці. Нешта зблажэла. На развітанне падала руку, як нейкую непатрэбную рэч. Трэба будзе пацікавіцца яе жыццём. Можа, у чым ёй трэба было б нам памагчы.
Наведаў 3. Аднёс ёй пазычаныя кнігі. Была яшчэ ў папільётках. Не дзіва, што ў некаторых каталіцкіх краінах жанчынам загадваюць прыкрываць свае галовы хусткамі, каб чорт, які можа схавацца ў кудзерках валос, не спакушаў верных. 3 Варшавы прывезла яна акрамя гадавікоў "Звротніцы", дзе я знайшоў нашумеўшы ў свой час вядомы артыкул Т. Пайпера "Горад, маса, машына", з кнігарні Ф. Фрухмана апошнія навінкі савецкай літаратуры. У Польшчы, як ні дзіва, не зважаючы на антыўсходнюю палітыку ўрада, шмат выдаецца кніг савецкіх пісьменнікаў. Відаць, гэта – прыбыльная справа для выдаўцоў, бо кнігі пра краіну Кастрычніцкай рэвалюцыі і яе народ карыстаюцца папулярнасцю. У бібліятэцы Сыркіна, Зана і іншых – заўсёды за імі чарга. Праўда, пераважна іх чытае мяшчанства, інтэлігенцыя, бо для шырокага чытача яны дарагія, амаль недаступныя.