Запісаў яшчэ з памяці чутую ад майго школьнага друга Аляксандра Роўды цудоўную народную беларускую песню:
Ой, узышлі, ўзышлі тры месяцы ясны.
Ой, пілі, пілі тры малойцы красны.
Вось адзін брат піў – сто рублёў прапіў,
А другі брат піў – і каня прапіў,
А трэці брат піў – жоначку прапіў.
ПІто грошы прапіў – выйшаў і топнуў,
Што каня прапіў – выйшаў і свіснуў,
Што жонку прапіў – ручкі сашчапіў.
Прыйшоў ён дамоў, дзеткі пытаюць:
– Ой, татка, татка, дзе наша матка?
– Цішаце, дзеткі, пагнала цяляткі…
Пабеглі дзеткі ў поле скачучы,
А адтуль бягуць плачучы:
– Ой, татка, татка, дзе ж наша матка?
– Цішаце, дзеткі, прададзём хатку,
Прададзём хатку мы навюсеньку,
А купім матку маладзюсеньку.
– Хай згарыць хатка ды навенькая,
Хай памрэ матка маладзенькая.
4/IIІ
Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А. Орса-Чарняўская. Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? I не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала – "Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я…". I яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага "Казюка".
Творчасць мая зноў апынулася ў паласе нейкіх сейсмічных зрухаў, пасля якіх, не знаю, ці ацалее што з маіх ранейшых будынін. Узяўся за новую паэму. Раблю розныя накіды, збіраю неабходны слоўны матэрыял, каб папоўніць і аднавіць свой паэтычны арсенал.
6/III
Забракаваў некалькі пачаткаў свае паэмы "Сілаш". Перапісваю апошні варыянт, на якім пакуль што спыніўся.
Над кучаравым багуннікам вецер калышацца п’яны.
Імжыць над стагамі вячэрняя сінь.
3 крылаў страсаючы сонца, стада чыранак
Шыпаўкай ціха плыве.
Недзе далёка ласі
Пласкаюць звонкай вадою, мінаючы выган,
Кругом камары талакою начлежнай звіняць.
Капаюць сонныя зоры
ў затоплены выгар.
Пільна Сцяпан углядаецца ў цёмны хмызняк.
Сам – на паляванні,
а думкамі бродзіць у хаце:
"Сёння збіраюцца дзеці ехаць у дальні край;
Хворага сына калыша нявестка, а маці
Топае ля качарэжніка.
Весела дровы гараць,
Цёплым святлом заліваючы шыбы і сцены.
Пухне на нізкіх крыжах з жытняй рашчынай дзяжа.
Асірацеюць палосы з аўсом ды ячменем,
Некаму ж трэба будзе, асірацелыя, жаць…"
Раптам зашасталі хвояў дрымучыя лапы,
Выйшаў памалу сахаты на вадапой.
Піў асцярожна, і дыхалі мокрыя храпы
На зорнае неба, што ўніз адплывала ракой.
"Глёту не ўсыпаў",– успомніў Сцяпан і з паспехам
Стрэльбіну ўскінуў, плячом прысланіўся да пня…
Глуха за Сіняю Гаццю грому далёкага рэхам
Фронт адазваўся…
Насцеражыўся, падняў
Лось галаву ў расахатай кароне і ветрыў,
Ветрыў і слухаў… Аж выстрал раптоўны, сухі
Спудзіў, пагнаўшы навослеп сахатага ў нетры,
Дзе павадкам сінім імгла залівала стагі.
Свяжэла.
Сцяпан ахінуўся жакетам кароткім.
Высака Сітца было, калі выйшаў на буй.
Чуваць, у суседа не спалі, за рэдкім замётам
Моладзь у пуні наладзіла жарты-гульбу.
– Спаць не пара вам?!
Сена шкада маладога…
Сцішыліся спуджаныя галасы.
А потым зноў быў чуваць напоены травамі рогат.
На вішнях ужо даспявалі паўночныя кроплі расы.
Чамусьці сягоння сон доўга Сцяпана не хмарыў.
Слухаў, як вецер шумеў неспакойнымі кронамі ліп,
Як доўга старая шаптала малітвы на нарах
Пад аднастайны калыскі раскалыханай скрып.
Скрып гэты часам здаваўся напевам абозаў,
Стогнам раненых на бездарожжы калюг…
Бачыў расстайныя сосны, бярозы, бярозы…
I думаў пра асірацелую маці-зямлю…
17/III
Польшча накіравала ультыматум Літве. Цэлы дзень па вуліцах Пагулянцы і Легіяновай, дарогай на Каўнас, ідуць ваенныя часці – пяхота, артылерыя, кавалерыя. Каля скульптурнай фігуры Святога Яцка і гаража "Арбон" стаяць натоўпы школьнікаў, пенсіянераў, нейкіх ачумелых дэвотак, якія, надрываючыся, крычаць: "Віват!.. На Літву, на Літву, на Літву!.."
Прызнацца, мне не верыцца, што тут можа разгарэцца сапраўдная вайна. Хутчэй усяго кончацца на дэманстрацыі "сілы", "гатоўнасці" польскай ваеншчыны. Бачыў сёння Рэгу (Л. Янкоўская). Прыблізна і яна такой думкі. Кажу "прыблізна", бо дужа складаны гэты чалавек, які ніколі не любіць адкрыта выказваць свае думкі. Дамовіліся з ёй, што я пад’еду ў Крывічы, Даўгінава і ў сваё Мядзела. Апошнімі часамі ўсё ў нашай рабоце неяк ускладняецца. Але гаварыць з Рэгай на гэту тэму не хацелася. Яна была стрыманая ў сваёй інфармацыі, і я не выходзіў за межы пытанняў, якія яе цікавілі.
Сёння адпісаў С. Крыўцу, ад якога атрымаў некалькі цікавых вершаў. Арыгінальны і самабытны паэт. Трэба будзе паказаць яго вершы Кастусю і распытацца пра яго ў дзядзькі Рыгора, які, здаецца, добра яго ведае па працы ў ТБШ.
На стале – цэлая гурба лістоў і вершаў Чорнага, Падбярэста, Овада, Гуля, Расы, Зоркі… Усіх ахапіла псеўдаманія, на якую і я калісьці перахварэў. Помню, тады ў мяне было больш псеўданімаў, чым вершаў…
20/III