Ад Ёнаса Каросаса даведаўся аб вяртанні Ёзаса Кекштаса з канцлагера. 3 Кекштасам у 1932 годзе я разам сядзеў на Лукішках, калі ён быў арыштаваны з вялікай групай літоўскіх гімназістаў-камсамольцаў. На працягу некалькіх месяцаў мы кожны дзень сустракаліся на астрожнай прагулцы, перастукваліся праз сцяну, дзяліліся хлебам і надзеямі. Потым доўга я з ім не бачыўся. Чуў толькі, што ён стаў адным з вядомых літоўскіх паэтаў. Шмат добрага чуў пра яго і ад Каросаса, і ад другіх маіх літоўскіх сяброў. Шкада было, калі яго вырвалі з ыашых радоў. Ён стаіць перад маімі вачамі – прыгожы і непахісны, з нейкай не па гадах і гаркаватай і мудрай усмешкай на вуснах – усмешкай чалавека. які бачыць далей, чым іншыя. Зноў у мяне насталі цяжкія дні. За апошнія грошы купіў на базары кілбасных абрэзкаў. Чуў там, як адзін селянін гавары’ў другому:

– Зямля бедная, толькі падаткі на ёй растуць…

Вельмі хацелася б выпісаць народна-франтавую газету "Пшэкруй тыгодня". Хоць грошай няма, але на ўсякі выпадак трэба запісаць адрас рэдакцыі: Варшава, пляц Жалязнай Брамы, 4, кв. 2, нумар рахунка ў ПКО (Польска Каса Ошчэндносьці) – 5006.

Прачытаў творы Карскага, Вікі Баўма, Тувіма, Фрэйнета, Меражкоўскага, а з беларускіх – Крапівы і Александровіча.

Зараз не помню, у каго з пісьменнікаў я знайшоў гэта хвалюючае апісанне ўражання ад Маўзалея Леніна:

"Здалося ёй, што будыніна гэта магла быць яшчэ прыгажэйшай, калі б яна была вышэйшай, але раптам спыніліся ўсе яе крытычныя заўвагі, калі ўбачыла простае, кароткае слова, у якім яны хацелі сказаць усё, што маюць сказаць: Ленін – і больш нічога".

10/IV

Са спазненнем прачытаў цікавую газетную нататку Выш.(амірскага) пра часопіс "Калоссе", дзе вельмі прыхільна ён адзываецца аб маёй паэме "Нарач", піша пра беларускае літаратурнае жыццё ў Вільні, аб патрэбе больш цесных кантактаў паміж польскімі і беларускімі пісьменнікамі. Нататка невялікая, але закранае шмат істотных і вельмі важных спраў.

Трэба будзе паказаць яе Кастусю, абмеркаваць яе. Мне здаецца, у гэтыя прыадчыненыя дзверы варта было б увайсці, хоць бы для абмену думак, хоць бы для таго, каб вынесці нашы набалелыя справы на большы форум, зацікавіць імі шырэйшыя кругі польскай грамадскасці, якая хіба знае больш пра амерыканскіх індзейцаў, чым пра нас. За гады існавання панскай Польшчы вырасла пакаленне, атручанае вялікадзяржаўным, каталіцкім і шавіністычным духам. I яно, апроч "польскай рацыі", не бачыла нічога. Толькі трагічныя падзеі ў самой Польшчы, у Германіі, у Іспаніі змусілі многіх задумацца і зрабіць пераацэнкі ўсяму, чаму іх вучылі, і больш цвяроза паглядзець на рэчаіснасць, на жыццё.

Некаторыя з іх – з палітычных працэсаў і скупых звестак аб пацыфікацыях – упершыню даведаліся, што пад адной страхой з імі, толькі за закратаванымі вокнамі, жывуць мільёны людзей іншых нацыянальнасцей – людзей, пазбаўленых усіх чалавечых правоў…

Я, здаецца, парушыў стыль дзённіка і пачаў пісаць перадавую ў даўно закрытую газету ці ў нейкую пракламацыю.

У Студэнцкім саюзе Г. папрасіла, каб я ёй напісаў што на сваім зборніку "На этапах". Я пацікавіўся, дзе яна яго набыла. Аказваецца, ёй прадаў друкар Багаткевіч. Гэты стары і хітры воўк, відаць, прыхаваў сабе нейкую сотню экземпляраў і цяпер іх распрадае. Потым Г., упэўненая, што ёй – прыгожай жанчыне – усё можна, пачала задаваць вельмі неразумныя пытанні на літаратурныя тэмы, якія быццам яе дужа цікавяць. Добра, што мяне паклікалі ў рэдакцыю "Калосся", бо, праз сваю нерашучасць, не так хутка мне ўдалося б вызваліцца ад гэтай прыхільніцы паэзіі.

15/ІV

Газеты прынеслі ў жалобнай рамцы вестку аб смерці Ф. Шаляпіна. Цяпер сяджу і праклінаю сваё хранічнае безграшоўе, праз якое не змог я пабыць на яго апошнім канцэрце ў Вільні. Ніяк тады не наскроб у сваіх дзіравых кішэнях двух злотых на самы танны білет. Так я і не пабачыў гэтага ўжо легендарнага артыста.

Пішу далей свайго "Сілаша":

Вёска асверамі перш пачынала будзіцца.

Стужкамі дыму вярхі каміноў зацвілі.

Раніцы шум – сырадой бабы цадзілі з дайніцаў.

Сонца ўзняўшы рагамі,

                               каровы на выган ішлі.

Сцяпан ля драбінаў, снасць правяраючы, топаў.

Побач ляжалі: хамут, падсядзёлак, дуга.

Дыхалі хаты вясковыя хлебам, укропам,

Калі ён пачаў у аглоблі каня запрагаць.

Конь цёрся, ад аваднёў бараніўся і фыркаў.

Сышліся суседзі: Янук, Пераброд і Юстын.

Хто – ў шаппы салдацкай,

                                   хто – ў зрэбнай кашулі з біркай.

Стаялі, курылі, плячамі падпіраючы тын.

– Пасцілкай кашэль засцялі ды садзіся, Раіна!

Села нявестка, грудзьмі дзіцячы сцішаючы плач.

Памалу Сцяпан лейцы пяньковыя ўскінуў.

Хоць рупіў другіх, але сам не спяшаў выязджаць.

– Крануліся!

                 – Не забывайце, пішыце!..

                                                     Салдатка Марыля

Нехаця ўсхліпнула, вочы тручы падалом.

I, як па нябожчыку, загаласіла,

Ды змоўкла.

Не злазячы з воза, Сцяпан пагразіў пугаўём.

– Тата, а тата!

Сцяпан, з задумаю нейкай

На твары, з’араным гадамі, вятрамі, бядой,

Брыдзе і ледзь чуе, як чайнік звініць аб ляжэйкі,

Глушачы словы Раініны…

                                    – Куфар пасажны мой

Недзе схавайце ў гушчары, ламы і вяршалле.

Мо прыдадуцца ў жыцці маім зноў

I ручнікі й дываны, што ў дзявоцтве наткала.

Вернемся ж некалі, пэўна, дамоў…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже