Ад Ё. Каросаса атрымаў часопіс "Пювіс". Увесь нумар прысвечаны заходняй беларускай літаратуры. У перакладах В. Жвайгждаса, I. Кекштаса і А. Жукаўскаса надрукавана вялікая падборка вершаў, артыкул В. Русакайтэ аб маёй творчасці і нарыс У. Дрэмы пра беларускае мастацтва, некалькі рэцэнзій I. Кекштаса і Ё. Каросаса. На апошніх старонках – хроніка і некралог пра А. Асецкага. Агулам, нумар "Пювіса" – харошы братэрскі падарунак ад нашых літоўскіх сяброў і яшчэ адна прабоіна ў свет – прабоіна ў сценах нашай адзіночкі.

У бібліятэцы Урублеўскіх дастаў стэнаграму пленума праўлення СП СССР, выдадзеную асобнай кнігай "Савецкая літаратура на новым этапе". Дамоў узяць не даюць. Трэба хоць збольшага пазнаёміцца з ёю. Праз Зялёны мост цягнуўся цэлы абоз фурманак з фашынай. Відаць, недзе ўмацоўваюць берагі Віллі, якая кожны год іх падчас павадка размывае.

Запісваю тэму верша, навеяную фільмам "Бетховен". Клавішы – як белыя крыгі. На іх апускаюцца пальцы, як чайкі, пад якімі западаюць крыгі і стогне мора…

Нейкія хаатычныя і далёкія асацыяцыі. Зараз мне нават цяжка іх прывесці ў нейкі лад.

Рыхтуюся да выступлення ў студэнтаў. Палітыка фашызацыі прывяла да таго, што зараз універсітэт усё больш становіцца прыстанішчам самых рэакцыйных элементаў. Мотіпа вшіі осііоза.

Праграма-мінімум на заўтрашні дзень: дачытаць А. Палеўку і раздабыць апошнія творы В. Васілеўскай, Э. Зэгадловіча, М. Данброўскай.

27/VІ

Раніцай, наладаваўшы чамадан сваімі зборнікамі ды іншай літаратурай, на рамізніку дабраўся да пляца Ажэшковай, адкуль аўтобусам выехаў у Мядзела. Дарога гэта – з Вільні да маёй Пількаўшчыны – была мне добра знаёма. Некалькі раз я яе вымераў сваімі нагамі. Але толькі цяпер, калі ехаў, як усе нармальныя людзі, з білетам у кішэні, я заўважыў, якая яна прыгожая і маляўнічая. На прыпынку ў Міхайлішках у аўтобус улез нейкі шляхціц са сваёй, гадоў пад трыццаць, здаровай і рослай краляй, апранутай у шырокую, як звон, фальбоністую, бронзавага колеру спадніцу. Убачыўшы, што аўтобус перапоўнены, ён уголас пачаў разважаць:

– Мне здаецца, Галенка, што сярод пасажыраў павінен знайсціся нехта культурны і ўступіць табе месца… Гм, нешта не бачу, што тут ёсць такія. Дзіўна, вельмі дзіўна, што мы трапілі ў нягжэчную кампанію…

Напэўна б, нехта, ды і я сам, уступіў бы сваё месца, але пасля слоў гэтага боўдзілы ўсе пасажыры сядзелі моўчкі, ніхто не рупіўся быць для яго "гжэчным". Ды і патрэбы такой не было. Пані Галенка вельмі добра размясцілася на адным са сваіх хатулёў, у якім ці не пярыну толькі везла, і так даехала да Кабыльніка.

3 Кабыльніка аўтобус ішоў праз невялічкую, але прыгожую ў буйнай зеляніне садоў і таполяў Купу. На хвілін дзесяць спыніліся каля рэстарана яхт-клуба. Разам з усімі і я выйшаў палюбавацца на хвалі Нарачы, на далёкія белыя ветразі, што танулі ў сіняй далечыні.

Толькі блізасць фермы серабрыстых лісіц, калі дзьмуў усходні вецер, атручвала сваім смуродам паветра. Відаць, таму гэты бераг быў менш, як Гатаўскі, забудаваны рознымі дачнымі дамамі. Недалёка ад аўтобуснага паўстанка ўзвышаецца высачэзны драўляны крыж над магілай адной настаўніцы з Варшавы, якая падчас навальніцы ўтапілася ў Нарачы, а ля самай дарогі – невялічкі абеліск з прымацаваным да яго бліскучым штыком. Абеліск, відаць, быў пастаўлены з мэтай напамінаць кожнаму, што гэта зямля назаўсёды польскай зброяй заваёвана… Праўда, "ідэя" нашмат перарасла памеры і форму абеліска, падобнага да рэпера, на якім адзначаюць вышыню над узроўнем мора. Ды і штык быў мініяцюрны, падобны да нейкай брошкі-"мечыка" – адзнакі эндэкаў. I таму помнік гэты быў настолькі абстрактны, настолькі недарэчны на беразе возера, дзе яшчэ не так даўно шумелі хвалі рыбацкага бунту, што рабіў не большае ўражанне, чым прыдарожны слуп, пастаўлены для прывязі коней.

29/VІ

Солтыс Піліпок прынёс пошту. Сярод розных звычайных лістоў – невялічкі ліст ад М. Прачытаў і здзівіўся, бо зусім быў не падрыхтаваны атрымаць ад яе гэтае болыы як сяброўскае пасланне. Трэба будзе мабілізаваць усе свае паэтычныя і дыпламатычныя здольнасці, каб адпісаць ёй і не пакрыўдзіць. У пісьме сваім М. успамінае пра надакучаўшага ёй аднаго нашага супольнага знаёмага I., які амаль кожны дзень яе наведвае. Ну, што я тут магу параіць? Каб не тыя рэдакцыйныя справы, якія мушу з ім абмяркоўваць, узгадняць, я, напэўна, з ім не сустракаўся б.

Так што апроч гэтага пісьма трэба будзе паслаць пісьмо Г. і яшчэ раз напомніць, каб прыслаў пару вершаў Клячко, падшукаў для мяне ў сваёй каталіцкай прэсе матэрыялы пра кананізацыю ў Рыме езуіта Баболі. Трэба будзе не забыцца купіць "Малы рочнік статыстычны". Трэба…

А зараз трэба ісці з бацькам і ўпарадкаваць навалены за лазняй бураломны ельнік. Наваліла, накрыжыняла яго столькі, што на цэлы дзень хопіць работы.

7/VІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже