Зараз многія мяне крытыкуюць за мой апошні зборнік "Пад мачтай", хоць ён – я ў гэтым перакананы – значна лепшы за папярэднія. Крытыкуюць, што я не апраўдаў надзей сваіх "добразычліўцаў", што я пайшоў не ў тым напрамку, размінуўся са сваёй тэмай і г. д. Я разумею, што гэтых людзей занепакоіла большая выразнасць думак, поглядаў. Яны спадзяваліся, што я спынюся, заблытаўшыся ў метафарах. Калі мне суджана будзе змоўкнуць, я хацеў бы змоўкнуць, падымаючыся на гару, а не сыходзячы на дол. Хай крычаць. Падобным крытыкам праз нейкі час заўсёды прыходзілася абасноўваць усе "ерасі". А пакуль што дзякуй богу, што яшчэ ў нас не адкрылі спосабу бальзаміравання дрэнных твораў, і яны, як рыба, хутка пачынаюць псавацца, хоць іх яшчэ нейкі час па інерцыі цытуюць і паўтараюць. Агулам, у нашай літаратуры неверагодная колькасць не недаацэненых, а пераацэненых пісьменнікаў і твораў.
Сёння ледзь не атруціўся, выпіўшы на Пагулянцы газіраванай вады. Дзядзька Рыгор завёз мяне ў літоўскую клініку, дзе мне і аказалі першую дапамогу. А палове шостай прывалокся дамоў. Прыйсці памог нейкі служачы пан Юзэф Парэчка, у якога месяц таму назад ад сухотаў памерла жонка.
– Ведаеце, пане, сяджу я і не спускаю з яе вачэй. I раптам – быццам яна нешта ўбачыла і хоча мне сказаць і не можа. Толькі буйная сляза пакацілася па шчацэ. Так і не знаю, што яна хацела мне сказаць… А пан з-пад Мядзела? Быў я там. Калісьці хацеў наняцца на работу ў маёнтку пана Аскеркі. Багаты пан. Болей шасці тысяч гектараў зямлі.
Я яго запрашаў зайсці ў пакой, адпачыць. Але ён толькі папрасіў запалак, каб прыкурыць сваю нейкую старасвецкую, з выгнутым цыбуком піпку, і, развітаўшыся, пайшоў дамоў. Газет не было. На сон узяўся за Свентахоўскага – творцу польскага пазітывізму і заядлага рэакцыянера, які нават сярод эндэкаў выклікае не меншае здзіўленне, як дапатопны мамант.
Думаю пра "Пана Тадэвуша", "Новую зямлю" – дзве нацыянальныя паэмы двух народаў. Толькі, мне здаецца, паэма Міцкевіча нацыянальная больш у палітычным сэнсе, а Коласа – у сацыяльным. Ідэя дзяржаўнасці нашага народа яшчэ не знайшла свайго ўвасаблення ў манументальным творы, можа, таму, што яе аперадзілі падзеі. А вартасць мастацкага твора – у тым, што ён першы адкрывае, першы абвяшчае нешта новае. Агулам, апісальнасць была заўсёды мацнейшай стараной нашай паэзіі, як яе філасофскі змест, які рэдка калі ўздымаўся вышэй усім даўно вядомых ісцін.
А тэмпература ўсё яшчэ не спадае.
Учора Кастусь мне расказаў пра сваю апошнюю сустрэчу з рэдактарам "Беларускай крыніцы" Пазняком. Гэта яшчэ было вясной. Кастусь агітаваў апошняга больш рашуча ўключацца ў змаганне за стварэнне Народнага фронту ў Польшы. Пазняк доўга выкручваўся, аднекваўся, але потым выказаў свае засцярогі, што для хадэцыі перамога як левых, так і правых сіл пагражае ліквідацыяй іх партыі. Самае смешнае, казаў Кастусь, калі пан рэдактар пачаў папракаць, чаму мы, камуністы, вучым народ спяваць песні пра Сталіна, пра Савецкі Саюз.
– А вы спытайце ў народа, якога вучаць паліцыя, ксяндзы, настаўнікі спяваць песні пра Шлсудскага, чаму ён іх не пяе, а пяе савецкія песні.
Зараз усе мы перажываем незвычайны крызіс. Раней загаду аб роспуску партыі – аб чым даведаліся нават не са сваёй прэсы – да нас пачалі даходзіць трывожныя сімптомы: на многіх участках згортвалася работа, намечаныя мерапрыемствы адкладваліся, усякія кантакты спыняліся, сувязі абрываліся. Тлумачым сабе, што ўсё гэта неабходна трэба было зрабіць. Выццё варожай прэсы (а мы заўсёды прывыклі ацэньваць: калі вораг цябе ганіць…) яшчэ больш пераконвае ў гэтым. I ўсё ж гэты раз цяжка пагадзіць логіку розуму з сэрцам.
У сталовай гаспадароў чуваць, як гадзіннік гулка адбівае поўнач. А ў Закрэце несціхана шумяць сосны. У мяне хоць ёсць дзе прытуліцца. А ці ёсць начлег у Кастуся? Партыя распушчана.
Чым больш думаю, тым менш разумею тое, што здарылася.
15/Х
"Крыніца" піша аб урачыстасцях, звязаных з 950-годдзем хрысціянства ў Беларусі. У касцёле святога Мікалая беларускія ксяндзы выступалі з прамовамі, і ўсе веруючыя спявалі "Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў". Трэба будзе запрапанаваць хадэкам перарабіць гэтыя радкі на "Божа, што калісь народы ўсе на класы падзяліў". Гэта больш па-сучаснаму і лепш. Праўда, наперадзе яшчэ – тысячагоддзе. Толькі праз 50 год, можа, у гэтым касцёле будзе антырэлігійны музей, і, напэўна, веруючыя не ў бога, а ў сацыялізм будуць спяваць:
Мы свой, мы новы свет збудуем…
22/Х