Вярнуўшыся ў Вільню, як п’яніца на гарэлку, накінуўся на газеты і кнігі. Чытаю без ніякай сістэмы усё, што трапляецца і што ўдаецца дастаць. Чорны, Галавач, Гарніч, Баліцкі, Стачынскі, Бранеўскі, Карэеў, Гудзій, Ніцшэ, Бокль, Тувім, Круіт. Ад Ёнаса Каросаса дастаў каўнаскую "Летувос айдас" (№ 444, 1938 г.), дзе надрукаваны ў перакладзе О. Міцютэ мой верш "Мінуць гады". У друкарні В. Труцькі, якая абаснавалася на вуліцы Міцкевіча, друкар Багаткевіч пазнаёміў мяне з дужа цікавым і арыгінальным аўтарам "Расказаў амерыканскага халасцяка" Стахоўскім. Яшчэ перад імперыялістычнай вайной Стахоўскі выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе неяк удалося яму стаць на ногі і разбагацець. А займеўшы грошы, захацеў расказаць людзям пра тое, што бачыў, перажыў, перадумаў, хоць да гэтага нідзе не вучыўся і ледзь умеў прачытаць і распісацца. Расказы свае ён дыктаваў стэнаграфісту, а потым даваў іх яшчэ нейкаму стылісту правіць. У Вільню ён прыехаў, каб наведаць сваіх родных і землякоў і выдаць сваю другую кнігу, якую назваў "Моль тлустая і моль худая". Кнігу гэтую ён выдаў, толькі Багаткевіч – на што мне жаліўся сам аўтар – здорава яго абдурыў. Ён, як чалавек неспрактыкаваны ў выдавецкіх справах, падпісаў умову, дзе замест колькасці друкаваных лістоў была пададзена толькі колькасць старонак, што і скарыстаў Багаткевіч, выпусціўшы кнігу невялічкім фарматам. Зразумела, што колькасць старонак ад гэтага амаль у некалькі разоў павялічылася, і Багаткевічу пры дапамозе суда і іншых махінацый удалося змусіць аўтара выплаціць яму значную суму грошай. Трэба сказаць, што гэта не першая афера Багаткевіча. Першая справа была яшчэ больш грандыёзная, калі ён, зноў жа пры дапамозе ўрадавых колаў, з даўжніка стаў кампаньёнам, а потым і гаспадаром друкарні, набытай за грошы В. Труцькі. Праўда, тут не апошнюю ролю адыгралі і палітычныя прычыны. В. Труцька, калі абсталёўваў сваю друкарню, меў намер друкаваць толькі беларускія кнігі: школьныя падручнікі, творы мастацкай літаратуры, этнаграфічныя зборнікі, спеўнікі, часопісы і газеты. Ясна, што аб гэтым яго намеры зналі розныя паслугачы паноў Ясінскага і Бацянскага. I, відаць, каб узяць пад кантроль гэту небяспечную друкарню, пастараліся пад выглядам супольніка навязаць В. Труцьку свайго чалавека.

3/ХІ

Вярнуўшыся з бібліятэкі Тамаша Зана, застаў дома пісьмо ад К. Яворскага. Піша, што ў "Камэне" будзе надрукаваны перакладзены ім мой верш "Над калыскай" і што ён збіраецца перакладаць маю паэму пра Каліноўскага.

Бачыўся з Кастусём. Не знаем, як перажывём гэту галодную і беспрасветную зіму. Мы зараз падобны да людзей, карабель якіх затануў, а саміх хвалі выкінулі на бераг. Кожны дзень углядаемся ўдалячынь. Але на небасхіле нічога не відаць.

А ў магазінах поўна розных прадуктаў. Толькі заўважыў, пакупнікоў менш, як гледачоў, якія доўга, як і я, стаялі і прыглядаліся да цэн: масла кілаграм – тры злотых 50 грошаў, свініна – 1 злоты 17 грошаў, бараніна – 80 грошаў, яйкі…

Кожны з нас рабіў выгляд, што хацеў нешта купіць і толькі не мог адразу выбраць…

Прачытаў у адным з савецкіх часопісаў верш I. Бехера "Помнік" – верш пра Леніна. Перапісаў у свій блакнот. Можа, паспрабую яго перакласці. У "Кур’еры поранным" змешчана інтрыгоўная заметка аб "Працэсе" Ф. Кафкі: "Кніга, не падобная да ўсіх іншых". Рэкламная прыманка? Трэба будзе заўтра пашукаць у бібліятэцы паланістаў.

5/ХІ

Цэлы вечар змарнаваў над вершам, і нічога не выйшла. Галава пустая, як бочка. Гняце нейкае бяссілле, бязрадаснасць, голад. Я сёння магу сказаць, як сказаў у сваіх запісах адзін з беспрацоўных: "Дзень, калі я быў сыты, належыць да даўняй мінуўшчыны". Адзінае выйсце: пайсці да пана Юзафовіча і папрасіць, каб ён даў у крэдыт хлеба, цукру і пару селядцоў. Бяда толькі, што я яму і так ужо задаўжаўся на цэлых пяць злотых. Трэба праверыць у яго старыя запісы, каб часам гэты гандляр не прыпісаў чаго лішняга. Гаспадыня наша, відаць, здагадваецца, што мы з Сашкам абанкруціліся, бо сёння прапанавала нам зварыць суп. Але мы падзякавалі ёй і адмовіліся, сказаўшы, што апошнія дні абедаем у студэнцкай сталоўцы. Чыстыя шляхцюкі! А цяпер сядзім і шкадуем, што адмовіліся. Заўтра, калі не прыйдзе Кастусь, трэба зноў на нейкі тыдзень запасціся кнігамі, бо страўнік можа пачакаць і на лепшыя дні, але галава, каб не апусцела, – як гаворыць усходняя мудрасць, – павінна штодня папаўняцца ведамі.

27/ХІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже