У Студэнцкім саюзе адбыўся вечар літоўскай літаратуры. 3 дакладам выступала Онэ Міцютэ. Чыталі вершы Жукаўскаса, Кекштаса, Боруты, Александровічыуса, Мішкініса і іншых. Знаёмячыся з літоўскай літаратурай, я пераканаўся, наколькі яна блізкая нам па свайму гучанню, настрою, ідэйным напрамку. Я пераклаў накалькі вершаў маіх літоўскіх сяброў. больш за ўсё мяне здзівіла і парадавала высокае майстэрства, з якім напісаны гэтыя вершы. Мне здаецца, што літоўская паэзія (аб прозе баюся меркаваць, бо толькі па польскіх рэцэнзіях сёе-тое ведаю пра яе) больш, чым наша, багата пошукамі новага, і развіваецца яна, убіраючы ў сябе многія лепшыя дасягненні сучаснай еўрапейскай паэзіі, з якой яна, відаць, праз Каўнас, мае жывыя сувязі. Ёнас Каросас крыху пазнаёміў мяне з вершамі Яноніса. Божа, гэта недасяжная вяршыня рэвалюцыйнай паэзіі! Аж шапка злятае, калі глядзіш на яе. Яноніс на цэлую галаву перарос усіх сваіх сучаснікаў, якім выпала шчасце песнямі вітаць Вялікі Кастрычнік…

Ужо даўно ўсе паснулі. Некалькі раз празваніў гадзіннік, ці то ён адлічваў свой час, а можа, толькі мяне хацеў выклікаць на начную бяседу? Ну што ж, калі няма лепшых, я рад і гэтаму бяссоннаму другу.

1/ХІІ

З Каўнаса К. Дуж-Душэўскі прыслаў у музей цэлую пачку школьных падручнікаў. Некаторыя з іх былі ім самім перакладзены на беларускую мову і з’яўляліся каштоўнай дапамогай для моладзі, якая вучылася па старых, даваенных рускіх і польскіх падручніках. Мова яго перакладаў была без ніякіх спадароўскіх дзівосаў – жывая, зразумелая, народная. Я запісаў яго адрас: Каўнас, Лейсвала алея, 72, каб перадаць яго нашым хлопцам. Хай напішуць яму. Можа, і ім дапаможа сваімі кнігамі. К. Дуж-Душэўскі працуе ў Каўнасе галоўным архітэктарам. Матэрыяльна – забяспечаны. Дзякуючы яго дапамозе і музей сяк-так яшчэ можа існаваць. Апошні раз, калі ён наведаў Вільню, паказваў мне "Зямлю карміліцу" П. Цвіркі, "У цені аўтараў" Пуцінаса, зборнікі вершаў Гіры, Інгуры, Нерыс. У Вільні ён, здаецца, хацеў знайсці перакладчыкаў з літоўскай на беларускую мову і некаторыя з гэтых кніг выдаць.

З бібліятэкі прафсаюза хімікаў прынёс брашуру Р. Люксембург "Памяці пралетарыяту" і перапісаў з другога нумара "Квадрыгі" (1937) перакладзены на польскую мову С. Цесельчуком верш Кнута Гамсуна "Месца пахавання". Верш гэты, прасякнуты глыбокім пантэізмам, любоўю да прыроды, хачу перакласці на беларускую мову, хоць і адчуваю, якое раблю злачынства, перакладаючы з перакладу.

Не дай, створца, мне сваю стрэціць канчыну

На ложку з падушкай, пад мяккай пярынай,

    Сярод насоў, мокрых ад жалю.

Лепш лягу я недзе ля яра крутога,

Схаваўшыся ў лесе ад зроку людскога,

    Каб век мяне не адшукалі.

Я – сын лесу, лес мяне ведае братні,

Маёй не адмовіць ён просьбе астатняй:

    Зялёную даць мне падушку.

Я сто раз вярну яе кошт, лесе родны,

Аддаўшы свой труп тваім дзецям галодным. –

    Мурашкам і зверам і птушкам…

Кнута Гамсуна я палюбіў за яго "Голад" і "Вікторыю", бо знаў, што такое голад і любоў, калі ты замкнуты і на цябе пачынаюць абрушвацца сцены адзіночкі. Гэтымі днямі з Лукішак зноў адправілі транспарт палітвязняў у Вронкі і Седльцы.

7/ХІІ

Пасля Рэмбо і Бадлера не стала тэм "паэтычных" і "непаэтычных". Яшчэ да знаёмства з іх творчасцю я адчуваў гэта ў адносінах да слоў. Дарэчы, зараз са сваёй запісной кніжкай усюды палюю на рэдкія словы, якіх пакуль што няма ў слоўніках. Ды слоўнікі заўсёды пазніліся і ніколі не маглі ўгнацца за жывой мовай. Мне здаецца, што кожны пісьменнік павінен мець апроч усеагульнага слоўніка яшчэ і свой асабісты. I справа не ў тым, хто карыстаецца большай колькасцю слоў, а хто – меншай. Справа ў беспамылковым адчуванні паху, колеру, значэння кожнага слова, часу і месца для яго. Ну, а скарбонка самародкаў-слоў у запасе заўсёды прыдасца. Без яе нават нельга абысціся. Наведаў старога кніжніка I. Застаў я яго ў нейкім чорным выцвілым балахоне і ў ярмолцы. Сядзеў ён, згорбіўшыся над старой у скураным пераплёце кнігай. Калі я ўладкаваў свае рукапісы, лісты і грыпсы з вершамі Звестуна, Сіраты і іншых, ён паказаў мне – а кніга гэта аказалася "Повестью временных лет" – цікавы расказ манаха пра тое, што да яго аднойчы прыехаў чорт, які сядзеў вярхом на свінні, і прыехаў ён ад ляхаў.

8/ХІІ

Зноў мяне зваліла хвароба з ног. Настрой паганы. 3 рэдакцыяй "Калосся" думаю ўзяць развод, бо гаспадары часопіса пачынаюць усё часцей і часцей парушаць наша джэнтльменскае пагадненне – не закранаць спраў, якія могуць прынесці карысць толькі ворагам. У сувязі з нашым часова цяжкім становішчам яны сябе адчуваюць манапалістамі на беларускай культурнай ніве і нават спрабуюць сяму-таму дыктаваць свае ўмовы.

Прыходзіў паліцыянт. Цікавіўся, дзе працую, з чаго жыву, ці не думаю куды выязджаць.

Што ўзбударажыліся так,

Паны, і ўсіх сваіх сабак

Паслалі у пагонь за мной?

Ізноў да вас мо даляцеў

Свіст неканфіскаваны мой.

Смех нецэнзурны і напеў?

А што вы скажаце, калі

Вам пусцім пеўня па зямлі?

21/ХІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже