На вечары ў беларускіх студэнтаў чытаў фрагменты свае новае паэмы. Слухачоў было шмат. Доўга адказваў на розныя пытанні. Гутарка зацягнулася амаль да самай поўначы. Дамоў вяртаўся ціхай Малой Пагулянкай і яшчэ больш ціхай і соннай, зацярушанай лісцем каштанаў і яркімі зорамі Закрэтавай вуліцай. Чамусьці ўспомніўся бессюжэтны, але пранізаны музыкай Бетховена фільм "Месячная саната", у якім галоўную ролю іграў I. Падарэўскі. Я не спадзяваўся, што гэтая аднойчы пачутая музыка неспадзявана сёння абрушыцца на мяне. Я ішоў, і мне здавалася, што я іду вуліцай, запоўненай чароўнымі гукамі, да якіх прыслухоўваліся і ўсе людзі, і дрэвы, і муры камяніц, і зоры. I, можа, таму на зямлі была такая надзвычайная цішыня, што аж я мусіў спыніцца…

25/Х

I так, героі мае паэмы – маці і сын – прыехалі ў Маскву. Пакуль што, без асаблівых адступленняў, іду па слядах свае біяграфіі.

…Газетчыкі хрыпла, назойліва нешта крычалі.

– Вячэрні дадатак!..

                            – Нямецкі прарваны фронт…

А бежанцаў новая шэрая хваля

Усплыла, Аляксандраўскі змыла перон.

"Можа, вярнуцца?.."

                              Цяжэюць Раініны думы,

Быццам іх дождж налівае трывогай, тугой,

Дождж, які недзе па цёплых асецях і гумнах

Малоціць цапамі і пахне саломай сырой.

А можа, шуміць, ткучы над акопамі восень,

Рвучы свой уток на калючай аснове дратоў…

На павароце галосяць, брынчаць калёсы,

I звоніць разбітае шкло дажджавых пухіроў.

Вышэй парасонаў, прыкрыўшых жалобай галовы,

Вышэй пазалочаных грэбняў жалезных гораў стрэх,

Уздымаючы цёмную золь, над пляцам грымяць

                                                                  падковы

Спуджаных коней на браме і хмараў узветраны бег.

Глядзіць Сілаш на вогнішча шумнае вуліц.

Згубіўся ў натоўпе. Бецер. Сырая імгла.

А дом дзесь далёка. Нехта нясе яго, туліць.

Нехта знаёмы пытае: – Сцюдзёна, можа, Сілаш?

Голас, здаецца, гаючым цяплом ахінае.

Паміж камяніцаў блішчыць бруку вуза.

Гоман натоўпу.

                    Бутырак сцяна глухая

Грозным навісла масівам, а за

Сеткай дажджу цьмяна гараць ліхтары, ды

На скрыжаванні рэек, трамвайных дратоў

Рвуцца маланкамі, сінім агнём акварыды

I гаснуць у чорнай завеі асенніх лістоў.

Спалохана хмары кудысьці бягуць, уцякаюць,

Цені шуршаць па сівой цаліне, па лагу,

На ўзгорках зямля ялавее жывая,

На ўзгорках шэрай ваўчыцай асенні гул

Блудзіць па межах, па скібах падзолу і дзёрну.

Хіліцца нізка Сцяпан, ідучы баразной

Доўгай за плугам.

                        Ловіць конь пырнік і чорны

Ад сухавею бульбоўнік, прыстаючы пад гарой.

Нізка чуваць журавы.

                              Белаю снежнаю ворсай

Хутка пакрыюцца рунь, верасы і хмызняк.

Месяц стагі падпаліў на журавінавых плёсах.

Тужэюць пабочні.

                         Сцяпан панукае каня.

А полымя па курганах, па атаве ліецца,

Нечую постаць авеяла і папаўзло

Свежай раллёй. Вецер заблытаўся ў лейцах,

Потныя грудзі амывае сцюдзёным крылом.

– А я ледзь пазнаў… Кажаш, коней хавалі

                                                           ў імшарах…

Сцяпан пачынае хутчэй выпрагаць свайго.

– Трэба будзіць зямлю.

                                  Трэцім сном дрэмлюць папары.

Зусім утравелі… – На міг папяросы агонь

Мільгануў на заросце вусоў пасівелых Юстына.

– Пісьмо табе. Маеш!

                                 Сцяпан асцярожна бярэ.

Пісьмо ад нявесткі ці, можа, ад сына?

3 вёскі даносіцца гоман і брэх.

– Гэй! Як нам дайсці да Перабродавай хаты?

Падказвае за палісады Юстын.

I злосна плюе:

                     – Цягаюцца, бачыш, салдаты,

Гуляюць…

               Шуміць жываплоту маліннік густы.

Лаянка, рогат доўга ўначы не змаўкаюць.

У хаце Сцяпана агню палахлівы матыль

Калышацца ў светачы. Чуваць, па складах чытаюць

Пісьмо: "Масква… шлю я – ваш сын, Васіль –

Прывітанне бацькам…"

                                 За вокнамі недзе заплакаў

На пераборах гармоніка слаўньі "Байкал".

У сенях цяляты, чуваць, перажоўваюць жвачку.

Зноў цэдзяцца словы: – Нядаўна Раіну спаткаў.

Працуе. 3 казармы прыходжу наведаць у свята.

Пакой на прадмесці яна наняла.

Жывём памаленьку. Радаснага – не багата.

Вось толькі падрос і ходзіць у школу Сілаш…

Цёмна.

          – Ці ўсё да канца дачытаў?

Так бы хацелася з сынам шмат аб чым пагаварыць.

Доўга Сцяпан дзьме ў чалесніку на вугалле,

Аж за акном разгараюцца іскры зары.

1/ХІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже