Калі б не кнігі, можна было б звар’яцець. I ў няволі яны мяне ратавалі, і зараз, на свабодзе, якая мала чым адрозніваецца ад няволі. Дастаў Чарота "Карчму", Пушчы "Раніца рыкае" і Вольнага "Чырванакудрую радасць". Да выезду ў Пількаўшчыну хачу прачытаць. Заходзілі Кананюк і Мілянцэвіч. Дзяліліся ўражаннямі ад выступлення хору дзядзькі Рыгора і М. Забэйды-Суміцкага. Кананюк – спакойны, ураўнаважаны, а Мілянцэвіч – нястомны дыскутант. Часамі заваліцца да нас з Сашкам, і да позняй ночы спрачаемся па розных пытаннях. Харошыя хлопцы. Вучацца на медыцынскім факультэце.

22/ХІІ

Выклікалі да следчага як западозранага ў аўтарстве вершаў, надрукаваных у нейкай падпольнай лістоўцы. Следчы намагаўся давесці, што вершы – мае, бо некаторыя радкі пераклікаліся з маімі канфіскаванымі вершамі са зборніка "На этапах". Калі нічога з гэтага не выйшла, пан следчы "далікатна" намякнуў, што я як чалавек, пазбаўлены ўсіх грамадзянскіх правоў, з’яўляюся ў пагранічнай паласе, у якую ўваходзіць і г. Вільня, асобай не вельмі пажаданай. Каб я аб гэтым помніў.

23/ХІІ

3 цяжкімі і трывожнымі думамі сустракаю надыходзячы Новы год. Зноў перагортваю свае чарнавікі. Пакідаю толькі самае неабходнае, а ўсё іншае – у печ. Найбольш мне шкада лістоў і розных выпісак з марксісцкай літаратуры.

У "Вымярах" – рэцэнзіі на ўспаміны Д’Анунцыя і дужа цікавы артыкул пра выдатнага іспанскага лірыка Рубана Дарыо. А я, варвар, нічога яго не чытаў!

На стале ляжыць трэці дзень незакончаны верш. Нейкая штучная нота ўплялася ў яго тканіну. А гэта – як трэшчына на самацвеце. У паэзіі цень праўды не заменіць самой праўды. Думаў завезці дзядзьку Рыгору матэрыялы для "Беларускага летапісу", але прыйшоў М., і я астаўся дома. На дварэ разгулялася завея, а потым некага хавалі: па пустой заснежанай вуліцы плылі надрыўныя гукі аркестра, чамусьці не выклікаючы ні цікавасці, ні спачування. 3 жыццём трэба развітвацца непрыкметна, нікога не турбуючы. За сцяной чуваць прыцішаны голас нашага гаспадара – пана Шаф’янскага – і надрыўны плач яго служанкі. Што там у іх здарылася? Пад вечар прыехалі возчыкі. Доўга, пакуль не згрузілі вугаль, чуўся шоргат і звон іх лапат.

27/ХІІ

Амаль усе нашы крытыкі звярнулі ўвагу на адно месца ў паэме "Нарач", дзе гаворыцца аб арганізацыі прафсаюза рыбакоў, як на самае слабае месца. I гэта слушна. Толькі ніхто з іх не здагадаўся, што гэта – замаскіраваная думка, у якой павінна быць змешчана больш рэвалюцыйная ідэя, прадстаўніком і носьбітам якой быў асноўны мой герой – Грышка. Зразумела, што пра гэта нельга было адкрыта пісаць. I так паэма выйшла, бязбожна пакалечаная цэнзурай.

Перад ад’ездам з Вільні паспеў накідаць яшчэ адзін фрагмент свайго "Сілаша", які разрастаецца да астранамічных памераў.

…Ад застаў – кулямёты, вінтовачны говар,

Кастрычнік звініць алавяным дажджом

Над палацамі, над купаламі сабораў

Крамля.

           3 Хадынкі нарастае гарматны гром,

Выбіваючы вокны, узрываючы камень

Да спалоханых, раскалыханых зор.

I пеніцца брук пад нагамі, пад грузавікамі.

I рвуцца, палаючы, крылы сцягоў у прастор.

I чуе Сілаш: ад сцягоў палымнеючых сэрца

I сам пачынае увесь ён гарэць.

Старэйшыя стрымліваюць: "У гэткі вецер

Злезь з падаконніка! Можаш прастыць,

                                                       захварэць".

Даюць гадавік ілюстраваны "Нівы".

Нешта невядомае трывожыць усіх.

Плача ў суседкі дзіця сіратліва,

I хіліцца бацька над павуціннем льняных

Нітак, матаючы дратву.

                                А вуліца кліча

Кожны дзень маршамі. Не перамагчы

Цягі да сонца, што, пунсавеючы, залаціцца,

Шыбы акон залівае і маладосцю гучыць.

Сілаш выбягае. 3 бурлівым патокам

Натоўпу шматтысячнага ідзе.

                                         Над галавой

Лістоўкі ўзлятаюць. Чуе ў громе крокаў

Гордую радасць, што ўскалыхнула зямлёй.

Чуе ў подыхах песні: "Свет новы збудуем…"

Прыпамінае нары і цесны пакой, сыры,

Тынк заплеснелы, цьмяную лямпу старую,

Глухіх камяніцаў муры…

А вуліц новыя стужкі

Уплятаюцца чырванню ў бурны, бясконцы паток,

Дрогнуў на п’едэстале бронзавы Пушкін,

Убачыўшы доўгачаканы народ,

Пачуўшы вецер свабоды з Балтыйскага мора і Лены.

Нехта пад пахі ўзяў Сілаша на руках:

– Глядзі, сынку, –

                         там на трыбуне – Ленін!

Бачыў, пакуль не закрыў яго полымем сцяг.

28/ХІІ

Чорт штурхнуў мяне зайсці ў магазін "Святога Войцеха". Толькі расстроіўся. Столькі кніжных навінак, а ў кішэні – пуста.

"Эх, братцы, каб мне рубель!" – калісьці любіў казаць адзін з маіх старых землякоў, якога за гэта і празвалі Рублём. I гэта мянушка так да яго прыстала, што нават на крыжы, пастаўленым на яго магіле, замест сапраўднага прозвішча напісалі: "Сымон Рубель, жыў 75 год, памёр у чысты чацвер". Надпіс з двума невядомымі: не ўспомнілі, калі нарадзіўся і ў якім годзе памёр. Агулам, на нашых вясковых могілках столькі цікавых эпітафій, што іх варта было б запісаць, пакуль не пагнілі гэтыя старыя дубовыя ды сасновыя крыжы, пакуль мох ды забыццё не пакрылі сівых надмагільных валуноў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже