Вечарам зноў прыходзіў паліцыянт праверыць, ці дома я. Убачыўшы на стале мой зборнік вершаў, настроіўся на лірычны лад, прызнаўся, што і ён калісьці захапляўся паэзіяй, нават спрабаваў сам нешта рыфмаваць. Здаецца, і Гітлер у сваіх анкетах піша, што яго асноўны занятак – літаратурная творчасць. Чамусьці ўсе дзяржыморды і тыраны маюць слабасць да літаратуры: або самі займаюцца ёю, або любяць апекавацца пісьменнікамі. Але, як вядома, тое, што падабаецца ўладам, заўсёды мае сілу закону, і таму ад "дружбы" гэтай ніколі нічога выдатнага не нараджалася.
29/ХІІ
Выехаў дамоў з Вільні начным цягніком. Разам са мною ў купэ ехалі ў водпуск салдаты-беларусы, якіх адразу выдаваў іх акцэнт, хоць яны і стараліся гаварыць па-польску. Яшчз калі яны ўспаміналі пра сваю службу ў войску – сяк-так атрымлівалася, але калі пачалі гаварыць пра свае вясковае жыццё-быццё – яўна ім не хапала іх абмежаванага запасу слоў. I таму, калі я іх запытаў па-беларуску, куды едуць, яны ахвотна перайшлі на сваю мову і аж да Маладзечна расказвалі мне пра нялёгкія салдацкія справы. Адзін з іх быў з Радашковічаў, дзе шмат у нас знайшлося супольных знаёмых, другі – сусед старога А. Уласава, у доме якога ён шмат разоў быў на спектаклях і канцэртах, арганізаваных вясковай моладдзю.
Яшчэ было цёмна, калі я на паўстанку Крывічы сышоў з цягніка. Развіднела толькі ў Задубенні, дзе я на цэлы дзень спыніўся ў свайго дзядзькі Ігнася Хвалькі. У хаце было шумна ад ранняй гамонкі, дымна ад лучыны, душна ад пары толькі што зваранай і адцэджанай бульбы. Дзядзіна ўзялася мяне частаваць. На стале з’явіліся хлеб, яечня, гуркі і выцягнутая з нейкага схову бутля настоенай на ядлаўцовых ягадах самагонкі, якую хутка і распілі самі гаспадары, бо аднаму балеў зуб, другому – жывот, а дзядзьку – сярэдзіна.
– I ты выпіў бы! – усе ўгаворвалі мяне.
Пад вечар я сустрэўся з Макарам Хацяновічам. Ён, пачуўшы, што я гашчу ў дзядзькі, прыйшоў пагаварыць, што чуваць на свеце. Але на гэты раз я нічым не мог парадаваць старога, былога рабочага-пуцілаўца. Гэта ён і сам добра ведаў. На нашым небасхіле згушчаліся хмары, а мы змушаны склаўшы рукі бяздзейна чакаць, што будзе.
Санацыйны друк аж захлынаецца ад радасці, што ў Каталоніі наступаюць фашысцкія корпусы "Блакітных", "Зялёных", "Чорных" стрэл і мараканскай конніцы. Цяжкія баі ідуць пад Ларыдай. У гарах – 15 градусаў марозу, у далінах дождж, імгла.
Збіраю звесткі пра іспанскую трагедыю. Ужо цэлы сшытак запоўніў рознымі баявымі эпізодамі, урыўкамі з лістоў дамброўшчыкаў, геаграфічнымі назвамі, імёнамі герояў інтэрнацыянальных брыгад, фотаздымкамі, выразанымі з газет і часопісаў метэаралагічнымі зводкамі… Можа, калі ўсё гэта прыдасца.
30/ХІІ
Відаць, ужо дажывае свой век наша старая хата – мая калыска. Нашто яе нават перавозілі з вёскі на хутар? Праўда, сцены яшчэ трымаюцца, але падлога – асабліва каля печы, дзе стаіць цэбар з памыямі, – прагніла і правалілася. Нават смалістыя і стрыжняватыя падаконнікі так струхнелі, што ніяк не ўставіш другіх рам. Таму зімой шыбы пакрываюцца таўшчэзнай карой ільду, які наглуха замуроўвае і так скупыя на святло вокны. Калі я пры дапамозе нажа і малатка спрабую збіць гэту наледзь, на мяне пачынаюць крычаць усе дамашнія, каб я – барані божа! – не пашкодзіў шыб, бо потым да вясны іх не ўставіш.
Ад смалістага дыму лучыны, якой за век тут перапалілі безліч пукоў, бэлькі і дошкі сталі да таго зашмальцаваныя, закураныя, учарнелыя, быццам іх нехта пакрыў чорным лакам. Нават калі перад святам робіцца генеральная чыстка, гэты куродым нельга нічым адшараваць ці адскабліць. Пад адной з бэлек тырчаць тры пары крукоў – для віцця вяровак – і некалькі жоўтых касцяных спіц для падплятання лапцей ды правілы з нацягнутай яшчэ сырой барановай скурай.
Пасля вячэры доўга сядзелі ўсе за сталом. Прыйшоў са Слабады Сашка Асаевіч. Расказаў цікавую гісторыю пра тое, як за Глыбокім, куды ён вазіў княгінінскага скупшчыка лесу, адзін селянін збудаваў хату ў хаце. Справа ў тым, што, калі згніла старая хата, паліцыя забараніла на вузкім яго надзеле ставіць новую, бо заблізка былі суседскія будынкі. Тады селянін, каб не аддаляцца ад свайго хлява, гумна, свірна і студні, зрубіў зруб крыху меншы і, склікаўшы талаку, за адну ноч паставіў яго і замшыў у старой хаце. Прыляцела паліцыя – позна. А пастаўлены зруб – па закону – ужо ніхто не меў права раскідваць.
Развітваючыся, Сашка прызнаўся, што ў яго захавалася некалькі нумароў газеты "Барацьба", якая ў 1932 г. выдавалася ў Берліне і рассылалася па пошце. Я яму параіў яе знішчыць, бо газета ўжо ўстарэла, або схаваць недзе, каб ніякі чорт яе не знайшоў. Газету гэту я добра помню, бо прыходзілася разам з А. {Аніскевічам) рыхтаваць для яе некаторыя матэрыялы. Друкавалася газета на такой тонкай паперы, што лёгка змяшчалася ў звычайным канверце. I таму паліцыя доўга не магла перахапіць усіх каналаў, па якіх яна распаўсюджвалася, бо трэба было правяраць амаль усю карэспандэнцыю на пошце.
Калі пайшлі ўсе спаць, узяўся пісаць сатырычную сцэнку "У манастыры".