Перш так было: жыве сабе паэт,

На неба гляне, уздыхне, заплача,

А сердабольны крытык на ўвесь свет

Нам астраномію лірычную тлумачыць.

Спакой на Беларусі быў тады.

Ні ў якіх летапісах даўніх

Не знойдзеш пра пабітыя ілбы

Ні ў крытыкаў, ні ў вершаплётаў слаўных.

Калі сустрэнуцца – як з братам брат,–

Пагутарыць пра лёс сваёй старонкі,

Глядзіш – і апусцеў пад хмельны чад

Бачонак акавіты – самагонкі.

Не гналіся за модай. Быў бы звон –

Без ананасаў – саракапудовы.

А тэмы іншыя, bon-ton?

Смяяліся б з таго й каровы.

I не было ні партыяў, ні каст.

А сёння – думаю, віной асвета –

Нацыянальны маналіт у нас

Даследуюць розныя паэты

I палітыкі. Я ўжо не раз

Перасцерагаў усіх перад спакусай.

Ды наступіла змрочная пара,

I голас мой з амбонаў Беларусі

Да ачарсцвелых душ не далятаў.

Крычаць усе аб класавым змаганні,

Аб тым, што свет стварыўся з мазаля,

I на зямлі знайшлі прычыну нараканняў.

Не раз публічна супраць выступаў

I, паклікаючыся на сілабіс Пія,

3 апакаліпсіса цытаты падбіраў.

Ды людзі сталі нейкія глухія.

Я, прызнаюся, цяжка вінават,

Што не змагу глядзець на свет з пакорай,

Што ў гэтым летапісу шмат

Лірычных адступленняў, араторый.

Але далей ў храналагічным я

Парадку буду падаваць падзеі.

Мо праца карпатлівая мая

Не прападзе, на сонцы заяснее,

Калі мінуць асеннія вятры

I незалежнасць вызваняць званіцы…

Далей у спрэчку з манахам-летапісцам уступае Чорт. Відаць, ён ужо блукае недзе блізка, бо нечага раптам разбрахаліся сабакі. Поўнач.

31/ХІІ

Разам з бацькам тралявалі з лесу на дрывотню нарыхтаваны яшчэ з восені ў Краснаўцы сухастой і буралом. Дзяннік завалілі яловымі лапкамі. Будзе цяпер на ўсю зіму занятак дзеду – сячы іх на подсцілку каровам.

Настаў зноў вечар навагодні.

Пад сумятлівы крык варон

Над полем сівер непагодны

Калыша снежны перазвон.

З кім падзялюся я трывогай,

Калі ніхто з маіх сяброў

Не прыйдзе сёння да парога

З завеяных дарог-шляхоў?

Гары ярчэй, лучына, ў хаце!

Мо ад цябе зара хутчэй

Пачне над полем загарацца

I ў сэрцы стане весялей…

Успомніў, што ў мяне ляжыць яшчэ непрачытаны нумар часопіса "Камэна", дзе надрукаваны вершы Апалінера, Навамескага, Незвала, Выгодскага, Бжэстоўскай, Вайнтраўба…

Няма чаго крыўдаваць: з харошымі сябрамі сёння будзем сустракаць Новы год. Да кампаніі можна было б запрасіць яшчэ і Э. Карузу. Недзе ў новай хаце сярод старых грампласцінак ляжыць яго "Санта Лючыя". Хай бы праспяваў яе пад акампанемент нашых снежных завей, што шумяць за акном.

Позна. Каля печы кешкаецца маці. Прынесла з варыўні крыж і дзяжу. Можа, будзе расчыняць хлеб. Потым, чуваць, расказвае бацьку свой чарговы сон, які прысніўся ў мінулую ноч. А сны ў яе не простыя – вешчыя.

– Ты не спіш, Янук?.. Дык вось кружыць, бачу, нада мной чорны груган, а ніяк я яго не магу адагнаць.

1939

3/І

На полі дыміць, мяце, курыць снегам. На гумне спыніліся дзве фурманкі нарачанскіх рыбакоў. За пару лубак жыта мы купілі свежай сялявы. Прынеслі ў хату – і адразу запахла возерам. На вячэру будзе добрая юшка. Мы хоць і блізка ад Нарачы, але рыба – рэдкі госць на стале. Другая справа – дзічына. Да яе ў нас усе прывыклі. Перад Новым годам удалося ўпаляваць двух зайцоў, і сёння бацька падстрэліў шарака каля расстаўленых на выгане снапоў лубіну. У Нявераўскім дзед бачыў сляды кабаноў. Можа, заўтра паспрабуем шчасця і сходзім на іх. Толькі трэба будзе перазарадзіць нашы дапатопныя пістонаўкі: даць большыя набоі пораху ды падсыпаць глёту. Хацелі сёння кончыць малаціць акалот, але вецер перашкодзіў, пайшлі з тапарамі ў лес. Відаць, на гэтым тыдні трэба будзе з’ездзіць з бацькам на вузлянскі млын змалоць жыта і нарабіць круп. Вось мінуў яшчэ адзін зімовы дзень, адзначаны толькі новымі сумётамі ды большым скрыпам разгайданага ветрам асвера, які з абледзянелым вядром хістаецца перад акном, як маятнік нейкага велізарнага гадзінніка.

5/I

Усё больш і больш заносіць снег нашы хутарскія сцежкі. У Вільні, чуваць, шалее грып. Можа, цераз нашы сумёты і не дабярэцца гэта хвароба да Пількаўшчыны.

Газеты пішуць, што галандскі ўрад перадае ў рукі гестапа ўсіх уцекачоў з фашысцкай Германіі, аб загадкавай смерці запалкавага караля I. Кругера і нават аб тым ("Слова"), што кароль Ягайла і сын яго Казімір гаварылі па-беларуску.

За апошнія дні яшчэ ўдалося накідаць фрагмент сваёй паэмы. Трэба будзе перапісаць і адзін экземпляр паслаць Лю.

…Пасля дзён, адшумеўшых бурлівым

                                                      патокам,

Між крутых берагоў камяніцаў сівых,

Пашырэла зямля. За агароджай высокай

Дагарала асенняя зелень Масквы.

I калі расцягнулі плот дзеці на дровы,

Можна ў руках было перасыпаць

Лістапад, неастуджаны снегам, кляновы,

У алеях прысадзістых яблынь гуляць

У вайну і хавацца ў гушчарах акацый,

На таполях высокіх пужаць вараннё

Ці пускаць папяровага змея, смяяцца

Смехам радасным аж да вячэрніх агнёў,

Да змяркання, пакуль маці спаць не

                                                 пакліча…

У глыбі саду ціхі стаіць асабняк.

Вецер змёў у рышток перасохлае лісце,

Аканіцы забіты. Густы хмызняк

Ацяняе высокага ганка калоны.

Чуў Сілаш: за граніцу ўцёк гаспадар.

Не любіў ён, відаць, дзіцячага звону.

А мо ведаў, што прыйдзе такая бяда:

Плот знясуць, і з сырых закануркаў

                                                   нахлынуць

Дзеці столяра Кліма, салдатак, Сілаш,

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже