Будуць піць сіні вецер грудзьмі маладымі,

Што з пакінутых ніў восень ім прынясла

На глухія завулкі, прадмесцяў заставы.

Потым, вечарам, пойдуць красці і гандляваць.

Аж да поўначы голас іх чуе Масква:

– Папяросы найлепшыя: "Іра", "Ява"!

Дагараюць лісты у марозным загары.

Сілаш часам успамінае говар калёс,

Ніў далёкіх, бясконцых абшары

I, мо трохі ад гэтых ніжэйшыя, хмары,

Ублытаныя ў зелень плакучых бяроз.

А ў матчыных песнях, не падобных да

                                                      гэтых

Катрыначных, што будзяць асфальт,

Прачыналася, клічучы шолахам, даль

Яравая з грымотамі і вясёлкамі лета.

Ажывалі ў сівой успамінаў імгле

Гумны жытнія, стрэх саламяныя грывы

I за вокнамі – Ляда высокае – лес,

Поўны чараў прывабных і дзіва…

3 кожным днём адплывалі ўспаміны

                                                    далей.

Некаторыя з іх не трывожылі болей,

Хоць у матчыных ціхіх напевах пра жней

Яшчэ доўга Сілаш чуў звон роднага поля.

7/I

Няўмольна набліжаецца трагічная развязка першага акта рэвалюцыі ў Іспаніі. Цяжка сказаць, колькі іх яшчэ будзе і калі наступіць апошні, пераможны акт. З французскага лагера "Грю", дзе сядзяць інтэрніраваныя байцы з міжнародных брыгад, бацька Казіка Г. атрымаў пісьмо ад сына, які апошні час быў байцом брыгады Франца Шустара. Бядуе стары. Збіраецца паслаць сыну пасылку, хоць і ў самога не густа. У пісьме Казік Г. успамінае пра некаторых сяброў, пра нейкага Грыгулевіча, з якім сустракаўся ў Мадрыдзе. Трэба спытацца ў Ё. Каросаса, няўжо гэта наш знаёмы Ёзас, які вясной 1932 г. быў арыштаваны з групай літоўскіх гімназістаў і з якім мы разам сядзелі на Лукішках. Ён потым, здаецца, выехаў у Лацінскую Амерыку. Са спазненнем атрымалі "Зварот да польскага народа байцоў брыгады імя Дамброўскага", у якой з пяці тысяч чалавек больш трох тысяч пала смерцю герояў. Пачаў на гэту тэму пісаць верш "Per vuestra et nuestra libertat" (за вашу і нашу свабоду). Эпіграфам пакінуў словы з гэтага звароту: "Мы верым, што, стоячы поплеч з іспанскім народам у яго барацьбе за свабоду і незалежнасць, мы змагаемся супроць полчышч фашысцкіх варвараў, падпальваючых мір".

Запісваю эпізод з іспанскай вайны, расказаны Р. "На старане Франка былі не толькі нямецкія і італьянскія фашысты. Быў там зброд з усяго свету. Аднойчы фашысты, прывязаўшы да браневіка, цягнулі па вуліцы цяжка параненага дамброўшчыка, які прасіў, каб яго прыстрэлілі. Прасіў на іспанскай мове. Усе смяяліся. Прасіў на нямецкай. Падыходзілі і білі нагамі. Прасіў на італьянскай. Кідалі каменнем. Прасіў на французскай. Маўчалі. I толькі калі, відаць, страціўшы надзею, што нехта злітуецца над ім, звярнуўся па-польску, нехта з групы афіцэраў падышоў да яго і выстраліў у галаву".

Іспанская рэвалюцыя пакіне глыбокі след у памяці нашага народа. Мала сказаць: "А ўсё ж такі ў ёй нешта было". За Пірэнеямі ўпершыню ў адкрытым баі сілы міру скрыжавалі зброю з фашызмам. Шкада, што гэта супала з нашай трагедыяй, калі не стала ў нас арганізуючай сілы, калі людзі пачалі аддаляцца адзін ад другога, калі ніхто не знае, дакуль трэба ў бяздзейнасці чакаць, чакаць і чакаць, калі нейкі фаталізм і абыякавасць, як дрыгва, пачынаюць зацягваць многіх у сваё бяздонне.

Раней мне хацелася быць старэйшым, мець за сваімі плячамі салідны запас гадоў, а зараз пачынаю нецакоіцца, што іх набіраецца ўсё больш і больш. Раней не хапала часу, а зараз, хоць я і запаўняю свій дзень вучобай, працай, яшчэ шмат застаецца лішніх гадзін, і не пакідае нейкае адчуванне, што я займаюся нечым другарадным, а не тым, чым трэба было б.

Узяўся за "Гісторыю маньякаў" Р. Яворскага, "Стэпавыя вершы" Я. Спевака, зборнікі польскіх футурыстаў ("Нуж у бжуху", "Фруваёнцэ кецкі", "Трам впопшэк уліцы"). Пасля паэзіі Маякоўскага я стаў больш адпорны на падобныя эксперыменты. Ды прадчаснымі я лічу гімны машынам, гораду ў краіне, дзе яшчэ скрыпяць драўляныя сохі, бароны і восі, дзе людзі не маюць за што купіць солі і ходзяць у лапцях, шчапаюць на чатыры часткі запалкі, хаты асвятляюць дымнай лучынай і лечацца ў розных знахароў і шаптух. Дарэчы, чым больш знаёмлюся з ранейшымі літаратурнымі напрамкамі, усё больш пераконваюся, як цяжка адкрыць нешта новае, чаго яшчэ не было. I ўсё ж яно недзе павінна знаходзіцца – у нашай сучаснасці. Быць паэтам мінуўшчыны – я спазніўся нарадзіцца, паэтам будучыні – паспяшаўся. Ды што мы можам сказаць аб нашай будучыні? Яшчэ ніводнаму варажбіту, пачынаючы ад утапістаў, не ўдалося яе намаляваць такой, якой яна прыходзіла. I хоць, можа, прыгожа гучыць слова "прарок" або "пясняр будучыні", мы – песняры праклятай сучаснасці. I быць песняром гэтай сучаснасці – куды больш цяжка. Тут, калі пачынаюць біць, не схаваешся ні за прадзеда, ні за праўнука. I знайсці свой шлях у гэтай сучаснасці – не так лёгка. Хоць упэўнены, што некалі пра нас напіша нейкі боўдзіла: "Ім усё было ясна і зразумела…". Чорт бы яго забраў!

13/I

Радыё перадавала аб сутычках на чэшска-венгерскай граніцы і аб раскрыцці змовы супроць Гітлера, на чале якой стаяў журналіст і былы рэдактар "Дэр Відэршанд" Нікіш. I так, бікфордаў шнур вайны ўсё больш і больш разгараецца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже