Заходзіў стары мой сябра Д. Ён толькі што прыехаў са Слоніма. Бачыўся там з ксяндзом Адамам Станкевічам. Прысутнічаў у касцёле "Святых сясцёр непакалянак" на яго пропаведзі. Расказваў забаўную гісторыю пра аднаго правідца, які пусціў чутку, што на яго лядах закапаны скарб. Шукаючы гэты скарб, суседзі перакапалі яму ўсю яго дзялянку, потым не трэба было яе і араць.

На змярканні солтыс Піліпок прывёз пошту. 3 пісьма дзядзькі Рыгора даведаўся, што “супроць майго артыкула ў часопісе "Беларускі летапіс" апалчыліся ўсе дзеячы і крытыкі, атакі якіх яму давялося адбіваць. Дужа шкада, што з-за цэнзурных умоў прыйшлося скараціць старонкі, дзе гаварылася аб дасягненнях савецкай беларускай літаратуры і больш востра – аб недахопах нашай крытыкі. Ну, ды я яшчэ некалі гэтым кастратам падсыплю жару.

Не агледзеўся, як мінула поўнач. Зайшоў дзед пацікавіцца, што гэта я пішу і пішу. Прачытаў я яму "Сказ пра Вяля". Вельмі дзівіўся стары, як з яго кароткага апавядання пра разбойніка Вяля, які на Магдулінскай грэблі пераймаў і рабаваў людзей, я змог стварыць такую гісторыю.

Вецер дзьме ад Захаркавага хутара, выдзімаючы з хаты ўсё цяпло. Трэба ўскінуць на плечы кажух ды яшчэ з гадзінку пасядзець, перагледзець газеты. Усё больш адчуваю, як мне не хапае грунтоўных ведаў, каб разабрацца ў розных тэорыях і плынях. Інтуіцыя не заўсёды можа быць надзейным компасам. Ледзь выбраўся з нетраў рамантызму, сімвалізму, футурызму, імпрэсіянізму… як сустрэўся з новымі літаратурнымі напрамкамі, якія з’яўляюцца, як грыбы пасля дажджу.

У сенях бразнула клямка. Пэўна, бацька пайшоў падкінуць коням сена.

16/I

Тралявалі з Нявераўскага лесу алешнік. На Малышкавым востраве клубіўся дым. Пэўна, нехта гнаў гарэлку. Дзед, ідучы за санямі, усю дарогу філасофстваваў – колькі гарэлка прыносіць людзям шкоды, непамыслоты, гора.

– Падумаць толькі, калісьці лук’янаўскі Бакаляр прапіў цэлую валоку зямлі.

Старому цяжка было ўявіць, што нехта мог прапіць зямлю, якую ён усёй сваёй сялянскай істотай любіў і паважаў больш, як самога бога. Потым успомніў, як вайной п’яныя легіянеры занішто замучылі Галубіцкага, колькі дзецюкі, напіўшыся, паразбівалі галоў і паламалі скаб на розных вяселлях і вечарынках. У маленстве, будучы сіратой, дзед мой гадаваўся ў сям’і свайго дзядзькі, які быў несусветны п’яніца. Нагледзеўся ён у дзядзькавай хаце розных жахаў, таму ўсё жыццё і сам асцерагаўся браць у рот гэта праклятае зелле, і дзяцей стараўся выхаваць такімі, які быў сам – цвярозымі, руплівымі, працавітымі.

Свежы заечы след у Барсуках накіраваў яго думкі ў іншы бок. Пачалі мы з ім раіцца, як бы нам вечарам паспрабаваць паганяць гэтага зайца, які ноччу можа дабрацца ў садзе да маладых прышчэпаў. Але на паляванне схадзіць нам так і не ўдалося. Калі ехалі з апошнім возам, парваўся акруцень, і мы толькі пасля захаду сонца дацягнуліся да дрывотні, распраглі каня і пачалі паіць скаціну. Перад самай вячэрай да бацькі прыйшоў Піліпок, каб той памог яму выкраіць і выправіць з вырабленай цялячай шкуры выцяжкі на боты. Пакуль бацька навастрыў свой шавецкі нож, пакуль вымяраў, Піліпок расказаў, хто і калі збіраецца жаніцца, спаліць сваю хату, каб атрымаць страхоўку, хто накраў у казённым лесе бярвення і пра розныя любоўныя гісторыі. Ніхто і не падумаў бы, што ў нашым глухім кутку разыгрываецца столькі неверагодных драм і камедый. Сам Піліпок калісьці любіў хваліцца, што ні разу яго ніхто ў жыцці не ашукаў, пакуль хлопцы не пажартавалі, што ўсе яго дзеці чамусьці падобны на суседа.

17/I

Сёння адказаў амаль на ўсе лісты. Засталося толькі адпісаць Путраманту.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже