На стале – тры незакончаныя вершы "Ледакол Сядоў", "Малітва пана Эндэцкага" (верш сатырычны) і "Барселона", горад-герой, якога гэтымі днямі, як Гарсія Лорку, расстралялі франкісты. Са старонак рэакцыйных газет не сыходзіць яўрэйскае пытанне. Нават прэм’ер Славой-Складоўскі нічога лепшага не змог запрапанаваць, як толькі эміграцыю яўрэйскага насельніцтва з Польшчы, якая стала за апошнія гады, у сувязі з перасяленнем многіх яўрэяў з Германіі, краінай міграцыі. Сустрэў Е. Путраманта. Піша, казаў, аповесць "УЭСБЭ", фрагмент з якой збіраецца надрукаваць у "Слове".

31/I

Эндэцкія галаварэзы ды розныя фалангісты зноў пачалі пагромы ў Ляндварозе і ў Вільні. Каля хрысціянскага кинатэатра "Святавід" паліцыя разагнала цэлую фашысцкую банду, узброеную палкамі, кастэтамі.

14/II

Учора прыйшла паштоўка ад Лю. Піша, што ёй спадабаліся мае апошнія вершы ("Калі хочаш…", "Зноў загарэліся сосны", "Марозны, белы вецер…" і іншыя) і пра абуральнае пісьмо ад С, на якое яна, параіўшыся з сябрамі, дала вострую водпаведзь. Ну і маладзец! Яна толькі не знае характару С. Гэты чалавек вельмі любіць усімі камандаваць, кіраваць. Вось ён і мне прыслаў дырэктывы, як мне трэба трымацца, што рабіць, з кім весці перагаворы, каб выдаць яго вершы. Яго ўжо не перавыхаваеш. Лю піша яшчэ, што яна збіраецца паехаць да сястры ў Хожаў. Трэба хутчэй вяртацца, пакуль яна яшчэ ў Вільні, пакуль мяне і мае вершы не замялі тут пількаўскія завеі. Відаць, заўтра збяру свае манаткі і паеду.

Некалькі дзён таму назад, пісалі газеты, адбыўся працэс Б. Янкоўскай – Ірыны Пятроўскай – Соні Берман (так суд і не высветліў яе сапраўднага прозвішча) і Мікалая Бурсевіча. Б. Янкоўскай далі за камуністычную дзейнасць 10 год, а Бурсевічу – 6…

15/II

Пад вечар пачалі з бацькам рыхтавацца ў дарогу. Калі наш Лысы стаяў запрэжаны каля ганка, я на хвіліну яшчэ забег у хату і накідаў кароткі развітальны верш "Зноў шкода мне родных аселіц". Неяк сумна гэты раз было мне пакідаць сваю Пількаўшчыну. Сумна таму, што я ехаў настрэчу бязрадасным дням, якія мяне чакалі ў Вільні. Мароз шчыльна замураваў усе вокны. Відаць, прыйдзецца ў дарозе памерзнуць, бо гадзіны чатыры будзем цягнуцца да нашай Княгінінскай станцыі. Бацька раіць ехаць на Наўрані, цераз раку, цераз якую даўно ўжо, чуваць, вазакі праклалі дарогу, возячы шпалы і папяроўку. Развітваючыся, маці, як заўсёды, перажагнала нас. Потым, выйшаўшы за вароты, праводзіла тужлівым позіркам, аж пакуль мы не схаваліся ў густым ельніку.

20/II

I так, я зноў на знаёмай вуліцы Канарскага, на кватэры Шаф’янскіх. У кутку адгароджанага шафай і фіранкай пакоя размясцілася нас трое: Сашка Хадзінскі, яго брат Мікалай, які вучыцца ў гімназіі, і я. У пакоі два ложкі, стол, завалены кнігамі, і электрычная лямпа. Самае прыгожае ў нас акно. Яно глядзіць на зялёныя сосны Закрэта, падобныя да шышкінскіх, толькі без мядзведзяў. Можна доўга любавацца на гэту абрамленую аконнай рамай карціну, бо яна кожны дзень іншая – у залежнасці ад пагоды і колеру неба. Гэтыя сосны мне нагадваюць лес каля старой нашай пастоўні, якую, на вялікі жаль, дзед камусьці прадаў на вал для ветрака. Кажуць, ледзь яе лесарубы спілавалі, такая была тоўстая і стрыжняватая. больш за дзвесце пярсцёнкаў я налічыў на яшчэ свежым яе пні.

21/II

Прыйшла першая ад Лю вестка з Хожава. У сваёй паштоўцы – рэпрадукцыя з вельмі забаўнай карціны Мюлера Ёзэфа "Карцэр" – Лю просіць, каб я наведаў яе старую маці і напісаў, як яна чуецца. Пра сябе нічога не піша. Відаць, не дужа весела ёй там жывецца, толькі не хоча пра гэта пісаць.

Бачыўся сёння з М. На фабрыцы "Дыкта", казаў, на днях пачнецца забастоўка. Рабочыя патрабуюць павелічэння зарплаты.

Апошнімі часамі розныя беларускія дзеячы гучна пачалі адзначаць свае юбілеі. Трэба будзе і мне адклікнуцца нейкім сатырычным вершам на гэтыя "гістарычныя" даты. Да гэтага часу я мала карыстаўся смехам, які можа быць і шчытом і наступальнай зброяй.

У бібліятэцы "Кола паланістаў" прачытаў цудоўны верш Леанідзе, перакладзены Ціханавым:

Мы прекраснейшим только то зовем,

Что созревшей силой отмечено:

Виноград стеной, иль река весной,

Или нив налив, или женщина…

27/II

Легенда гаворыць, што Аляксандр Македонскі, убачыўшы карту Пталамея, расплакаўся. Яму стала крыўдна, што на зямлі ўсе краіны адкрыты і што ён спазніўся з’явіцца на свет, каб праславіцца нейкім подзвігам. Апошнімі часамі ўзяўся за французскіх класікаў, перакладзеных Боем. I сапраўды, часамі находзіць такое адчуванне, што нашы вялікія папярэднікі ўсё адкрылі і ўсё сказалі, не пакінуўшы сваім нашчадкам на карце чалавечага жыцця амаль ніводнай белай плямы.

Сёння ў рэдакцыі "Калосся" гутарка зайшла аб рэцэнзіях, якія друкуюцца ў часопісах. У нас шмат людзей усё яшчэ баіцца сказаць праўду, каб не сапсуць адносін з аўтарам, але чамусьці не баіцца іх сапсуць з чытачом. Калі ж ацэньваюць творчасць людзі з інакшымі, як у аўтара, палітычнымі поглядамі, аб’ектыўнай ацэнкі нечага і чакаць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже