У кнігарню "Пагоня" па беларускія календары зайшоў нейкі дапатопны шляхціц з-пад Ашмян. Перш ён доўга таргаваўся, а потым пакрыўдзіўся, калі ў яго не хапіла грошай разлічыцца і прадавец не згадзіўся даць яму календары з умовай, што ён у наступны кірмашны дзень прывязе свой доўг.
– Гэта ж абраза – не паверыць шляхціцу, у якогагерб…
– Пане шаноўны, – адказаў яму нехта з прысутных пры гэтай сцэне, – большую частку гербаў вы атрымалі ад чужых уладароў і захопнікаў, і атрымалі іх, напэўна, не за заслугі перад сваёй краінай…
Студэнты прасілі мяне прыйсці да іх на літаратурны вечар. Казалі, збярэцца шмат прыхільнікаў паэзіі. Я не ўпэўнены, што на такія вечары прыходзяць толькі аматары літаратуры, як у царкву – толькі веруючыя.
1/ІІІ
Становішча ў мяне катастрафічнае, а ў Кастуся – яшчэ горшае. У Вільні няма за што жыць. Пакінуць Вільню – пакінуць пісаць. Мінаюць дні, тыдні, месяцы, а я не бачу ніяквга выхаду. Адна надзея, што так не можа цягнуцца вечна. Цэлымі днямі і начамі думаю аб хлебе і паэзіі, аб паэзіі і хлебе. Сустрэў Путраманта. Збіраецца з Рымкевічам і Буйніцкім ехаць у Заользе на з’езд польскіх пісьменнікаў.
5/III
Сёння самы разгар велізарнага віленскага фэсту – "Казюка", на які, чуваць, толькі адных турыстаў з Польшчы і з-за граніцы прыехала больш за дваццаць тысяч чалавек. З цікавасці я прайшоўся за карнавальным паходам вуліцамі Нямецкай, Віленскай, Замкавай, Каралеўскай, якімі каля выстраеных вітрын магазінаў бясконцым патокам цягнуліся розныя вазы і платформы з казюковымі сэрцамі і падарункамі, пальмамі і рознымі пудзіламі. Хоць пагода была добрая, але абутак мой прамок, і я вырашыў пайсці ў кінатэатр "Пан" паглядзець фільм "Вяртанне на золку", у якім іграе беспадобная Даніэль Дарыо. Толькі кінатэатр адчыняўся ў 14 гадзін. Часу ў мяне яшчэ было шмат, і я падаўся да Лукішскай плошчы – самага цэнтра "Казюка", у рытм гармонікаў, п’яных частушак, звону цымбалаў.
Я ўжо збіраўся пакінуць кірмаш, калі пачуў песню. Яе спявала нейкая ў чырвонай хустцы маладзіца, седзячы на возе, засланым даматканай зялёнай посцілкай, на якой ляжалі закуска, казюковыя пернікі і вянок смаргонскіх абаранкаў.
– Ты яшэ заспявай, Гануля!
– На, пацягні з бутэлькі…
Запала сонейка за лес калінавы.
Ападае раса на ліст малінавы.
Не падай, раса, раса сцюдзёная.
Як босы я пайду сцежкай знаёмаю.
Падзёр я боцікі, за любай ходзячы,
Праз лес калінавы яе праводзячы.
Зноў аднекуль уварваліся шум, гамана, звон, рогат…
13/III
Нарэшце дачакаўся пісьма ад Лю. Толькі мала яно парадавала, бо шмат у ім трывогі і непакою. Чаго яна так доўга сядзіць у тым Хожаве? Хутчэй вярталася б у Вільню. Няўжо яна не бачыць, якія цяжкія хмары збіраюцца на Захадзе?
Гэтымі днямі быў у інстытуце даследавання Усходняй Еўропы, дзе слухаў даклад аб міжнародным становішчы і пра Заользе. Якая цемень у мазгах гэтых дыпламаваных палітыкаў! Дагаварыліся да таго, што, калі пачнецца вайна, Польшча без ніякай дапамогі зможа даць адпор і Усходу і Захаду. Я слухаў прамоўцаў і думаў: нават пан Заглоба ў сённяшняй сітуацыі быў бы больш рэальным палітыкам. Быццам нейкае бяльмо гэтым людзям засланіла вочы, і яны страцілі здольнасць бачыць тое, што няўмольна набліжаецца.
Заходзіў мяне наведаць I. Досыць цяжкага характару гэты чалавек. Рэдка калі, сустрэўшыся з ім, не паспрачаешся. Вельмі ж ён упэўнены ў сабе.
Я ўжо засынаў, калі загрукаў у акно Сашка, і я пайшоў адчыніць дзверы. Потым доўга не мог заснуць. Узяўся за Ніцшэ, у асобе якога паэзія страціла вялікага і арыгінальнага паэта, які зрабіў уплыў на многіх сучасных творцаў.
16/III
Заўчора была вучэбная паветраная трывога. На 20–30 мінут горад патануў у цемені. Многія ўсё яшчэ не бачаць, якая бяздонная ноч апускаецца над Еўропай. Сёння гітлераўскія полчышчы занялі Чэхію і Маравію. А што нас чакае заўтра? Усё мацней пачынае дыміць гданьскі вулкан. Бурліць занятая венграмі Закарпацкая Русь, усё мацней заціскаецца фашысцкая пятля на шыі сталіцы Іспаніі.
19/III
Ледзь не праспаў сустрэчы з Кастусём. За акном кружыць снег. Е%шіцы амаль пустыя. У кожным выпадку, трэба на сто працэнтаў упэўніцца, што яны пустыя і бяспечныя. Ды яшчэ – не пашкодзіць застрахавацца быстрай хадой ад непажаданага ценю, калі ён чакае цябе ў нейкай браме. Кастусь чамусьці ў вызначаны час не прыйшоў. Любіна маці паліла ў печы, бо вецер зусім выхаладзіў іх старую, спарахнелую хату. Учора, казала, заходзіў М., хацеў мяне бачыць. Шкада, што старая не знала майго адраса і не магла яго накіраваць да мяне. А з М. трэба сустрэцца. Ён знае ўсю рабочую Вільню. Можа, памог бы Кастусю знайсці нейкую працу. Прыйдзецца цяпер самому яго шукаць па ўсім Новым Свеце. Я прысеў каля печы пагрэцца і, чакаючы Кастуся, накідаў чарнавік верша "Наймаючыся на працу".
Вы пытаецеся, што я патрафлю рабіць,
Калі не ўмею стаяць на галаве,
Забаўляць і смяшыць публіку,
Хадзіць па канаце пад купалам цырка,
Прыкідвацца, што не бачу
злачынства і подласці?
Выбачайце, што вас я патурбаваў,
Я – чалавек, які толькі ўмее
З грудкі зямлі здабываць хлеб,
З сэрца свайго – песні.
20/III