Гэты дзень перагружаны сумнымі весткамі. Паштальён прынёс паштоўку ад Міхася Васілька. У яго вялікае гора – памерла жонка, якая некалькі год хварэла на сухоты. Як і чым памагчы яму ў гэту цяжкую хвіліну жыцця?

Начамі гараць разнаколерныя вітрыны і шыльды віленскіх магазінаў. Я іх знаю на памяць, хоць яны мяне, як іх кліента, напэўна, і не заўважаюць. Столькі ў гэтым горадзе беспрацоўных ды розных басякоў, якія цэлымі днямі стаяць і дзівяцца з іх! На вуліцах пачаўся збор грошай на паветраную абарону. Позна ўзяліся паны забяспечваць неба над Польшчай. Перш трэба раскуць рукі народу. Бо толькі народ сваімі далонямі мог бы засланіць яго ад усякай небяспекі.

5/ІV

Чакаю прыезду Лю. Зараз няма ў мяне нікога з блізкіх, з кім мог бы падзяліцца сваімі думкамі. Нават у турме, у адзіночцы, я знаў, што за сценамі – мае сябры, з якімі магу перастуквацца. Здаецца, яшчэ ніколі такіх беспрасветных і глухіх дзён не было. Хутка Вялікдзень. Апошняя галадоўка досыць моцна падкасіла маё здароўе. Дамоў на свята не паеду, ды і няма за што ехаць. Буду сядзець і працаваць. Учора з бібліятэкі ды ад знаёмых прывалок цэлы ахапак розных кніг. Агулам, нават самая светлая хата без кніг выглядае змрочнай і невясёлай. А што ўжо казаць пра нашы катухі, у якіх усе мы жывём.

12/ІV

Дні мае складаюцца не з гадзін, а з кніг, брашур, часопісаў, газет, ночы – са сноў. I сны нейкія цяжкія, аднастайныя. Каб быў пад рукамі "Егіпецкі соннік", паглядзеў бы, што яны мне варожаць.

Сёння цікавую звестку знайшоў пра генерала Бэма. За перамогу над аўстрыйскімі войскамі яго ўзнагародзілі найбольшым ганаровым венгерскім ордэнам, для якога з кароны святога Сцяпана быў узяты самы большы брыльянт, а ў пустое месца ўстаўлена залатая пласцінка з надпісам: "Юзэф Бэм".

Ніяк не магу знайсці зборнік вершаў Пецёфі на рускай ці на польскай мове. Не можа быць, каб ён не выдаваўся. Шкада, што ў нас ніхто з беларусаў да гэтага часу не перакладаў твораў гэтага рэвалюцыйнага паэта. Нікому да Пецёфі не ўдавалася ствараць вершаў, у якіх бы так непадзельна былі зліты жар сэрца і звон клінка, любоў і нянавісць да ворагаў, чуласць і рашучасць.

13/ІV

А галодным дням і канца не відаць. Здаецца, набліжаюся да нечага фатальнага. I ў паэзіі сваёй усё больш і больш бачу недахопаў. Перад галодным зрокам бляднеюць нават самыя, як мне здавалася раней, лепшыя мае вершы. Праўда, кожны мастацкі твор мусіць прайсці праз дзве судовыя інстанцыі: сучаснасць, якая часта памыляецца, і будучыню. Час выпраўляе ўсе памылкі. Таму і я іх пачынаю бачыць больш выразна.

14/ІV

Чакаю пісьма ад "Суполкі аўтараў кінасцэнарыстаў", дзе – перадавалі польскія сябры – зацікавіліся маімі паэмамі. Не думаю, што змест маіх паэм для іх падыдзе.

Над Закрэтам вецер разам з аблокамі гоніць некуды вараннё. Трэба будзе абысці газетныя вітрыны, бо ўжо другі дзень не знаю, што робіцца на свеце. Хацеў напісаць верш пра вясну, але тэма гэта настолькі выкарыстана і добрымі паэтамі і графаманамі, што мусіў адмовіцца ад гэтай думкі ці, лепш, адкласці яе на гадоў дванаццаць. Не дзіва, што Ю. Тувім напісаў пародыю на веснавыя вершы. Кожная тэма, калі яна стане агульнавядомай, акляпанай, мусіць закончыць сваё жыццё ў пародыі.

19/ІV

Рэмбо ў сваёй "Алхіміі слова" адкрыў колеры галосных літар, а я – колеры сваіх галодных дзён: панядзелак – белы, аўторак – сіні, серада – блакітная, чацвер – зялёны, пятніца – чырвоная, субота – чорная…

Хутчэй бы вярталася Лю. Тры разы хадзіў на вакзал яе сустракаць, хоць знаў, што яна яшчэ не можа прыехаць. Сёння вяртаўся дамоў у дождж. Нават рад быў, што такая золкая пагода і на вуліцы мала прахожых. Ідзеш – і ніхто табе не перашкаджае думаць. Толькі якім апусцелым здаўся мне горад!

Прыйшоў дамоў, а дождж усё шуміць і шуміць, то цішэй, то мацней барабаніць у шыбы. Засеў за вершы. Апошнімі часамі пачынае мне дакучаць "паэтычнасць", "прыгажосць" многіх твораў, у тым ліку і сваіх. Зараз у нас усе імкнуцца пісаць пад класікаў, і таму знік эксперымент. Не знаю, як доўга можа цягнуцца такі ненатуральны стан – стан бясконцай эксплуатацыі адкрыццяў нашых папярэднікаў.

20/ІV

Па просьбе Казіміра Голтрэта паслаў усе свае зборнікі ў "Суполку аўтараў кінасцэнарыстаў". У пісьме напісаў яму, што сумняваюся, каб сучасная польская цэнзура дазволіла яму паставіць фільм па маёй паэме "Нарач". "…Пішучы сваю паэму, я хацеў расказаць аб цяжкім жыцці і гераічнай барацьбе нарачанскіх рыбакоў за кавалак хлеба, за свае правы на гэтую зямлю, на якой жылі і злажылі свае косці іх дзяды і прадзеды… Што да варожбаў і забабонаў, якія вас цікавяць, дык іх можна знайсці ў нашым багатым фальклоры – у казках, песнях, паданнях. Праўда, гэтых скарбаў з гадамі становіцца менш. I на берагах Нарачы ўжо чуюцца завезеныя рознымі турыстамі, чыноўнікамі чужыя песні, шлягеры.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже