Чуваць, некаторыя ўрадавыя кругі пачынаюць заігрываць з нацыянальнымі меншасцямі, даказваючы, што польскі нацыяналізм ніколі не адносіўся варожа да літоўцаў і беларусаў. Трэба мець вельмі кароткую памяць, каб у гэта паверыць. Кожны нацыяналіст хваліць свой нацыяналізм, лічачы яго найбольш прагрэсіўным і гуманным, нават тады, калі той душыць другога за глотку.

На віленскім грунце з’явіўся нейкі доктар Мэндэ – нямецкі спец па беларускіх справах, следам за ім – японскі гісторык… Усе яны наведваюць беларускія культурныя ўстановы, рэдакцыі, вядуць закулісныя перагаворы з рознымі дзеячамі. Раптам ажылі нацыяналістычныя групоўкі ў Чэхаславакіі, Францыі… Як нам у гэты час не хапае сваёй баявой прагрэсіўнай газеты! Сустрэўшыся з Кастусём, доўга аналізуем усе гэтыя факты і міжнароднае становішча, якое ўсё больш і больш ускладняецца. Як доўга мы яшчэ будзем нямымі сведкамі падзей, што няўмольна набліжаюцца?

24/ІІІ

"Камэна" змясціла некалькі вершаў французскіх надрэалістаў: "Пацалунак" П. Элюара і "У напрамку ночы" П. Супа, якія ўслед за Б. Сандрам ужо адмовіліся ад знакаў прыпынку. Не знае Еўропа, што мы даўно абагналі ўсіх мадэрністаў, навучыўшыся пісаць толькі’пры дапамозе кропак, бо ўсё іншае канфіскуе цэнзура.

П. Ластаўка прыслаў з Варшавы лістападаўскі нумар (1938) "Атэнэум" са сваім інфармацыйнага характару артыкулам аб заходнебеларускай паэзіі. Не знаю, як ён прабіўся ў гэты паважны часопіс са сваімі некаторымі наіўнымі разважаннямі. Асабліва шкада, што ён абмежаваўся толькі некалькімі імёнамі і не ўспомніў нікога з нашых паэтаў, якія сёння – за кратамі Лукішак, Вронак, Гродна… А іх там – большасць.

На суседнім двары плача нечае дзіцё. Крыкам чалавек абвяшчае сваё з’яўленне на свет. Вось толькі ніяк ён не навучыцца развітвацца з ім непрыкметна. На пагулянцы сустрэў пахавальную працэсію з ксяндзамі, з музыкай, з вянкамі. На нейкі час аж быў спынены йа вуліцы рух аўтобусаў.

На вакзале бачыў групу сялян з Ашмяншчыны, якая ехала ў Бразілі^. Людзі адпраўляюцца ў пошуках зямлі аж за акіян, тады калі ў нас – цэлыя неабсяжныя прасторы ў руках абшарнікаў, асаднікаў, духавенства.

На Завальнай, 2 красуюцца каляровыя рэкламныя плакаты: "Крэм "Нівея" робіць цела далікатным" (шкада, што няма ніякага крэму, пасля якога не адчуваў бы сцюжы ды паліцэйскіх дубінак), "Чысць зубы Адолем". (Яны ў мяне і так чыстыя, бо зноў настала нішчымніца і бясхлебіца.)

25/III

Насталі такія халады, што нават птушкі, прыляцеўшы з выраю, мерзнуць. Быў на выстаўцы графікі, дзе бачыў некалькі цікавых афортаў М. Сеўрука і К. Чурылы. Закончыў яшчэ адзін фрагмент "Сілаша".

Міналі дні. З Волгі поўз голад.

Пусцелі кварталы Масквы.

Прыходзячы з Прэсненскай школы,

Чытаў Сілаш Гогаля "Вій",

"Канька Гарбунка" і балады,

Пакуль не рассыплецца друк

Ад сцюжы і едкага чаду

Бляшаных, прапаленых труб.

А толькі працягла правые

Ахрыплы фабрычны гудок,

Растуць ля сталовак даўгія

Чэргі. Рабочы паёк –

Дзве воблы ды хлеба акраец.

Ды зноўку – падвальны пакой,

Дзе ноччу вада абрастае

Чачоткавай лёду карой,

Дзе гутарыць на калідоры

З былой гаспадыняй сям’я

Дзяка пра іконы ў саборах,

Пра цуды на сценах Крамля,

Пра Сухараўкі і галёшы,

Пра даўнія дні – калачы…

Успомняць жывых і памёршых,

Пакуль самавар загучыць.

Часамі, заплюшчыўшы вочы,

Сілаш ажыўляе на міг

Марознай, сцюдзёнай ноччу

Старонкі прачытаных кніг.

То хатку на лапах курыных

Ён бачыць, дзе ведзьма жыве;

То крылы жар-птушка раскіне

Вясёлкавыя па траве;

То далеч бясконцую прэрый

I чырванаскурых налёт,

Разбітую лодку на шхерах

Паўночных успененых вод.

Ды хутка ўсё недзе знікае,

Чуваць толькі стук малатка,

Ды дратва пяе смаляная

У бацькавых чэрствых руках…

За Зялёным Лугам, касагорам,

Спіць глуха адгрымеўшая зямля.

Часта тут адпачывае воран,

Загледзеўшыся на далёкі шлях.

Дрэмле чарада бяроз плакучых,

Над якімі воблакі дымяць.

З дротам пераплёўшыся калючым,

На магілах верасы гараць.

Пройдзе час, і верхаводка змые

З папялішчаў і руінаў дым;

Зноў зазвоняць сярпы стальныя

I жнеяў песні ў жыце маладым.

Але покуль зараўняем плугам –

Зможам наша гора заараць, –

Доўга будзе за Зялёным Лугам

Воран поле бітвы вартаваць.

30/III

Думаю над тым, як пісаць далей, як знайсці новую адпаведную форму для новага зместу. Некаторыя з нашых крытыкаў агітуюць мяне ўзяцца за гістарычную тэму, бо сучасная патрабуе пэўнай дыстанцыі часу. Я адстойваў сучасную, якая, на мой погляд, дае найбольшыя магчымасці выяўляць думкі аўтара, яго погляды і раскрыцца яго таленту. Што да дыстанцыі часу, дык я ў ёй ніколі не адчуваў патрэбы. Ды яна часта бывае толькі шырмай, за якой хаваюцца розныя баязліўцы.

Сёння даведаўся, што Гарасім загінуў у Мадрыдзе, калі "Легіён Кондар" бамбіў горад, ці то ў гарах Эстрамадуры, прыкрываючы адступленне сваёй брыгады. Трэба ад некага больш дакладна даведацца пра яго смерць. А можа, усё гэта – толькі чуткі? Можа, ён жывы і недзе працуе ў іспанскім падполлі? Я запісваю сумную вестку пра свайго цудоўнага таварыша пяром, яко" ён мне падарыў у хвіліны нашага расстання.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже