Мяняецца воблік людзей, сярод якіх можна сустрэць розных стральцоў, асаднікаў у "рагатыўках", "мацеюўках", людзей, якія гавораць на нейкім польска-беларускім жаргоне. Зямля тут бедная. Не ўдаўся ўлоў – бабы нясуць свае дываны і ручнікі прадаваць на мядзельскі рынак. Часта пасля такіх галодных дзён толькі лодка ды сетка астаюцца ў рыбака. Глыбока пад шэрымі сярмягамі і потнымі кашулямі схавана душа народа, а ў сасновых нетрах – непаўторнае хараство нашых азёр. Не ведаю, ці ўдасца Вам усё гэта зняць на сваю кінаплёнку…".

23/IV

Працую над сваёй даўжэзнай паэмай, хоць усё больш і больш пераконваюся, што грамадзянскія пазмы адыходзяць у мінулае, як адышлі ў мінулае паэты-прарокі, паэты-прапаведнікі. Трэба прызвычайвацца да ашчаднасці ў прыметніках, словах, колерах, да ашчаднасці свайго і чужога часу.

Ад Т. Буйніцкага дастаў некалькі вершаў Апалінэра. Хачу ўжыцца ў яго свабодны рытм, хоць у перакладах, гаварыў святы Геранім, найбольш красамоўны паэт становіцца заікам.

Абяцаў С. Паўловічу напісаць новую казку для дзяцей, а цяпер думаю: аб чым напісаць? Бацька мой заўсёды кажа, што пад трэцюю квадру і пад маладзік ніколі не трэба сеяць жыта. Праверу сёння, якая квадра, каб не пачынаць і мне сваёй сяўбы ў нешчаслівы час. А пакуль што перапісваю вестку з газеты: "На гары Ківашаў (Кітай) павесілі звон, які важыць 44 тысячы фунтаў, каб ён сваім гулам будзіў грэшныя душы, што апусціліся ў пякельныя нетры". А гэта – страфа з народнай песні, запісанай у 1933 годзе ў Азерцах, каля Глыбокага, з такім скочным рытмам, што, калі чытаеш, здаецца, самі ногі ідуць у танец:

Як у нас, так і ў вас,

А ўсё поле роўна:

Як і нам, так і вам

Пагуляці вольна…

26/ІV

Без грошай і без хлеба. Панёс некалькі сваіх зборнікаў у кнігарню С, які неспадзявана расшчодрыўся і выплаціў мне за іх 20 злотых: 11 злотых і 75 грошаў за прынесеныя кнігі, а 8 злотых 25 грошаў – аванс на маю новую паэму. Я папярэдзіў яго, што яшчэ не так хутка закончу яе. Згадзіўся пачакаць. Што за чорт? Ну, хай пачакае. Сёння маю чым заплаціць за кватэру. З радасці ў малачарні Гайбэра, што па вуліцы Міцкевіча, выпіў кубак малака. I так – зноў за работу! С. цікавіўся лёсам маіх герояў. Не знаю, ці будзе рад, калі даведаецца з паэмы, якімі шляхамі яны пайшлі. I ўсё ж у мяне няма ніякіх магчымасцей прадоўжыць свае ўпартае прабыванне ў Вільні. А тут яшчэ ўскладніліся абставіны і дома: вярнуўся з Аргенціны дзядзька Фадзей, і бацьку цяпер будзе цяжэй памагаць мне. I так мая пісаніна для дамашніх з’явілася неспадзяванай і незразумелай катастрофай, якая яшчэ невядома чым закончыцца. Атрымаў пісьмо ад М. Васілька. С. Паўловіч паказаў мне сваё пісьмо, якое ён таксама атрымаў ад яго. Страшныя пісьмы. Можа, раней я не разумеў М. Васілька, але і ён не ўяўляе і не разумее, у якіх абставінах сягоння жыву я і ўсе нашы таварышы. Трэба будзе паказаць гэтыя пісьмы Кастусю і таварышам. Хоць зараз мы, жабракі, яму не зможам памагчы. Набліжаецца першамайскае свята. Але цяжка паверыць, што ў гэты дзень будуць ляжаць згорнутымі нашы сцягі – сцягі, якія заўсёды палымнелі над шматтысячнымі радамі дэманстрантаў колерам надзеі, барацьбы і перамогі.

27/IV

Вяртаючыся з апошняга кінасеанса ў кінатэатры "Пан", дзе ў дадатак былі паказаны іспанскія танцы, я ўспомніў цудоўны балет Фелікса Парнэля "Памёр Мацюсь", а ўспомніўшы яго, прыгадаў і нашы казкі. Колькі ў іх можна было б знайсці яшчэ больш цікавых тэм для балета, оперы! Усё гэта ляжыць некранутым; а мо гэтак яго ўжо і нельга назваць: дзядзька Рыгор мне расказваў пра адкрыты рабунак нашых песень рознымі "этнографамі", якія перакладаюць іх на сваю мову і выдаюць за "крэсовы" польскі фальклор.

Дома ўжо ўсе спалі. Ледзь дазваніўся, каб адчынілі дзверы. Сашка казаў, што нехта прыходзіў да мяне, пытаўся, калі я паеду ў Пількаўшчыну. Можа, хто з маіх землякоў?

28/ІV

Сёння паэзія для мяне з’яўляецца краінай, у якую я без дазволу паліцыі і замежнага пашпарта ўцякаю адпачываць ад сумнай рэчаіснасці. Хацелася б напісаць пра вялікае каханне. Баюся толькі, што не змагу, бо і настрой не такі пагодлівы, і час не такі спрыяльны, і рэдактары не такія вальнадумныя, і цэнзура не такая рамантычная, і чытачы не такія падрыхтаваныя… Няўжо ніколі нельга будзе пісаць пра ўсё, што хацеў бы, і так, як хацеў бы?

29/ІV

Задыхаемся без свайго часопіса. Напісаў верш пра Бярозу. Занясу ў архіў, бо ўсё роўна ніхто яго не надрукуе. Каля рэдакцыі "Слова" сустрэў Ш. Прыгадалі часы нашай супольнай працы. Шкада, што не захавалася ў яго мая паэма "Семнаццаць", напісаная пад уплывам Блока. Цэнзура наклала на яе сваю лапу. Помню, пасля арышту следчы ўсё дапытваўся: "А не азначае назва паэмы – гадавіны рэвалюцыі ў Расіі?"

Ш. патаўсцеў, палысеў і, відаць, зусім адышоў ад палітыкі. Успомніў я яму пра нашу сустрэчу ў Лужках, якая яго вельмі напалохала, бо за мною тады былі разасланы паліцыяй гончыя лісты. Цяпер і самому яму смешна.

7/V

Прачытаў выступленне Ю. Бэка. Ясна адно: вайна не за гарамі. Толькі наш гаспадар ды яму падобныя могуць думаць, што Гітлера ўдасца спыніць нейкімі прамовамі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже