К. прынёс мне падрадкоўнікі вершаў М. Шымеля. Ды толькі не да перакладаў мне зараз. Сяджу над сваімі вершамі. Па дзесяць раз іх перапісваю і ўсё не магу вырвацца з банальных вобразаў і стандартных уяўленняў.

Кароткае пісьмо з Шлькаўшчыны, з тых родных, глухіх мясцін, дзе людзі і сёння жывуць, як у часы аўтаркіі. Купляюць толькі соль ды сякую-такую крамніну, а ўсё іншае – свайго вырабу.

Пількаўшчына! Здаецца, нічога там прывабнага няма. Балоты, пералескі, буі, грэблі, валуны ды крушні… Але ўсё гэта для мяне з’яўляецца такім блізкім, ад чаго, як ад лёсу, нельга ўцячы, каб і хацеў. Вось і сягоння, прачытаўшы пісьмо ад бацькі, як заблукаўшага ў выраі жорава, мяне пацягнула дамоў.

Усё больш пераконваюся, што па-за маімі вершамі застаецца шмат жыццёвага матэрыялу для прозы. Можа, некалі і за яе вазьмуся, каб выкарыстаць яе неабмежаваныя магчымасці.

Пару гадзін правёў у антыкварным магазіне. Хоць ніводнай кнігі не купіў, бо не было грошаў, як у таго дзівака, які, хаваючыся ад дажджу, заўсёды забягаў у аўтамабільны магазін, прыцэньваўся, садзіўся за руль і пытаўся ў прадаўца, ці яму да твару колер машыны. Калі ж сціхаў дождж, ён, расчараваны, што не знайшоў пад свой густ машыны, выходзіў з магазіна.

22/V

Праз нашага знаёмага студэнта В. Папуцэвіча Лю атрымала на пару тыдняў працу на віленскім складзе насенных траў, а разам з ёю – і я. Цяпер штодзень ходзім на вуліцу Афярную (якая назва!). Праца як для мяне не такая цяжкая, толькі вельмі пыльная. Вяртаемся дамоў чорныя, як чэрці. За тыдзень можна зарабіць 16 злотых. Для мяне гэта – цэлы капітал. Разлічыўся з гаспадыняй за кватэру і яшчэ купіў сабе новыя штаны.

Вечарам забег да мяне I. Пасварыліся. Тыдзень таму я чытаў у музеі фрагменты "Сілаша", і ён, прававерны хадэк, не можа мне дараваць, што маладосць майго героя звязана з Масквой, з рэвалюцыяй. Уяўляю сабе, як заскуголяць усе мае крытыкі з Завальнай і Вострай Брамы, калі мне ўдасца закончыць сваю паэму. Праводзячы госця, напомніў яму, што ён апошнімі часамі парушае нашу ранейшую дамоўленасць, друкуючы ў сваім часопісе розныя антысавецкія матэрыялы.

24/V

На склад, дзе я працую, прыходзіў Я. Шутовіч і рэдактар львоўскіх "Сігналаў" Курылюк, які хацеў са мною сустрэцца. Але яны не адважыліся лезці ў наша пыльнае і душнае пекла, дзе рабочыя перасыпалі, узважвалі і складвалі ў сцірты мяхі з насеннем траў. Шкада, што я позна даведаўся пра гэты візіт. Пасля работы, абмыўшыся пад пажарным кранам, мы з Лю дамовіліся пайсці вечарам у кіно.

А ў горадзе такая гарачыня, што не знаем, як ад яе ратавацца. Апусцелі ўсе вуліцы. Толькі ля гасцініц дзяжураць дзень і ноч жанчыны з вачыма, галоднымі на спагаду.

25/V

Многія з нашых бунтарных паэтаў саромеюцца прызнацца ў любві да свайго роднага кутка, да сваёй хаты, сям’і, каб не палічылі іх абмежаванымі. Сам пра сябе магу сказаць, што край майго юнацтва стаў неадлучным ценем маёй паэзіі. Калісьці ў мяне было шмат любімых паэтаў, а зараз мне цяжка назваць нават некалькі імён. Я часта знаходжу цікавыя рэчы ў людзей, здавалася б, далёкіх мне; зноў жа, у блізкіх мне знаходжу шмат рэчаў слабых, якіх перш не заўважаў. Розніца паміж тым, што бачыў раней і зараз, – досыць значная. Колькі я ўжо адкрываў на небасхіле астравоў шчасця, а потым пераконваўся, што гэта былі землі, як і наша, поўныя гора і пакут. Зараз шукаю новых форм, вобразаў, фарбаў, рытмаў і рыфмаў. Рыфмы? Я яшчэ адбіваю перад імі паклоны, хоць яны пачынаюць мне здавацца непатрэбнымі мыліцамі. Напісаў верш "На астрожнай прагулцы".

– Хто там спявае?

– Гэта, пан стражнік,

Спявае смяротнік

У ізалятары трыццаць чацвёртым…

– Чаго ж гэта песню спявае?

– Бо іншай ён зброі не мае…

26/V

Ад М. даведаўся, што адзін з яго знаёмых атрымаў пісьмо ад Якуба Коласа, які быццам збіраецца ў Парыж і, магчыма, на пару дзён спыніцца ў Вільні ці ў Варшаве. Не знаю, наколькі ўсяму гэтаму можна верыць. З Кастусём дамовіліся, што я напішу пісьмо Якубу Коласу. Вечарам, калі ўсе паснулі, я накідаў чарнавік гэтага пісьма:

"Дарагі дзядзька Якуб Колас!

Да нас дайшла радасная вестка, што Вы збіраецеся наведаць сваю радзіму. Якое б гэта было шчасце для ўсіх землякоў – пабачыць Вас, пачуць Вашы словы – словы нашага народнага паэта і аднаго з перадавых будаўнікоў таго новага жыцця, за якое змагаюцца сёння мільёны людзей ва ўсім свеце.

Цяжкія абставіны, у якіх мы працуем, шмат каго змусілі адступіць з перадавых пазіцый літаратуры ці змоўкнуць назаўсёды. Але растуць новыя сілы, складаюцца новыя песні за калючымі дратамі Бярозы, за кратамі Лукішак і іншых астрогаў і катоўняў. I гэтых песняў не заглушыць ні свістам паліцэйскіх нагаек, ні звонам кайданоў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже