Я ўжо некалькі разоў браўся за пяро, каб пра ўсё гэта Вам напісаць, але баяўся Вас непакоіць. Ды і слабая была надзея, што наш голас зможа прарвацца праз усе цэнзурныя і пагранічныя заставы і дайсці да Вас. Але сёння, калі над светам збіраюцца навальнічныя хмары і невядома якім – гаючым ці крывавым – дажджом абмываюць нашу шматпакутную зямлю, мне хочацца паслаць Вам гэта сваё пісьмо, а з ім паслаць Вам ад сябе і ад маіх сяброў сардэчныя прывітанні, шчырыя пажаданні добрага здароўя і поспехаў у Вашым вялікім і слаўным жыцці.
За апошнія гады мы разаралі шмат межаў, і таму, прыступаючы да новай веснавой сяўбы, хочацца параіцца, спытацца ў Вас: ці добра мы сеем, ці хутка зліюцца нашы хвалі каласоў у адно бясконцае мора, калі сустрэнуцца ў братэрскім поціску нашы рукі, калі за супольным бяседным сталом зазвіняць нашы вольныя песні?"
29/V
Яворскі піша ў сваім пісьме, што хоча выдаць невялікі зборнік маіх вершаў. Падчас канікул спрабуе перакласці майго "Кастуся Каліноўскага". Не знаю, ці быў калі Яворскі ў Беларусі, ці чуў калі нашу мову, але ў сваіх перакладах ён надзвычай дакладна перадае і рытм, і вобразнасць, і гучанне нашых вершаў.
У бібліятэцы "Кола паланістаў" дастаў гадавікі "Аколіцы паэтаў" (1935–1938) і "Камэны" (1933–1938). У "Камэне" сустрэў шмат новых для мяне імёнаў польскіх, рускіх, украінскіх, чэшскіх, славацкіх. Зараз часопіс часта друкуе і творы нашых беларускіх паэтаў. З рэдакцыі "Беларускага летапісу" атрымаў на рэцэнзіраванне некалькі вершаў пачынаючых паэтаў, хоць у ацэнцы твораў я асцерагаюся ўсё мераць на свой густ і ставіць адзнаку мінус, калі сустракаюся з іншым, нават не зразумелым для мяне складам вобразаў, думак. Але большасць вершаў, якія даюць у рэдакцыі, на вельмі нізкім узроўні.
30/V
Цэлы месяц не браўся за паэму. Прачытаў Славацкага, Тувіма, Пентака, Вітвіцкага, Скузу, Бялінскага (збор твораў, падораны В. Труцькам), Шчадрына, Шэрбурга, Ластоўскага… З захапленнем прачытаў гістарычную аповесць Парнацкага "Аэцый – апошні рымлянін", напісаную цудоўнай мовай. Шукаю Ч. Цянткевіча "Чалюскін", пра якую "Кур’ер варшаўскі" змясціў вельмі прыхільную рэцэнзію.
Адказаў на пісьмы М. Васілька і М. Машары. С. прыслаў цэлы сшытак вершаў, якія трэба будзе перадаць у рэдакцыю "Калосся". Можа, што з іх удасца надрукаваць, хоць усе гэтыя вершы цэнзура можа падвесці пад вядомыя артыкулы карнага кодэкса – 93 і 97.
1/VІ
Усе пакрыўджаныя маімі сатырычнымі вершамі і эпіграфамі збіраюцца даць у друку мне водпаведзь. А сабралася гэтых пакрыўджаных добры дзесятак, і амаль усе – зубры з рознымі ганаровымі, навуковымі і духоўнымі званнямі. Вось як. Ліха на іх!
Толькі ад часу з’яўлення майго "заганнага" твора да часу рэакцыі "абуранага чытача" звычайна мінае столькі часу, што я паспяваю стаць іншым, і мне здаецца – крытыкуюць ужо не мяне, а нейкага майго далёкага знаёмага. Але ў гэтым выпадку, калі задзяруцца, прыйдзецца яшчэ раз венікам сатыры сяго-таго адсцябаць. Праўда, ранейшыя мае сатырычныя вершы і эпіграмы былі, за рэдкім выняткам, без глыбокага філасофскага падтэксту, нагадвалі вясёлыя пустышкі, якія я нават не ўключаў у свае зборнікі. Трэба будзе змяніць свае адносіны да гэтага баявога жанру і падвучыцца ім валодаць у больш вопытных майстроў – Крапівы, Боя…
4/VІ
На Завальнай нехта аклікнуў мяне: "Не пазналі?.. Ну і сустрэча!.." Я сапраўды ледзь пазнаў былога канакрада па мянушцы Гняды, з якім калісьці сядзеў у адной камеры, калі ў 1933 годзе быў арыштаваны ў Глыбокім. Ён знаў неверагодную колькасць блатных песень. Тады ён памог мне пераслаць пісьмо Лю, у якім я пісаў ёй аб сваім арышце. I хоць сам ён быў непісьменны, але ведаў на памяць усе параграфы карнага кодэкса і сярод крымінальнікаў лічыўся адвакатам. Да мяне як палітычнага ён адносіўся з нейкай пашанай і здзіўленнем. Можа, таму, што падчас допытаў нашаму брату даставалася больш, як усім іншым арыштантам. Выглядаў ён зараз куды лепш, чым тады, падчас першай нашай сустрэчы. Хваліўся, што мае сталую працу ў нейкім павятовым гарадку, ажаніўся. Але цяжка паверыць, што гэты цыганскай натуры чалавек перайшоў на аседлае жыццё.
5/VІ
Пазычыў у Мілянцэвіча Хемінгуэя "Развітанне са зброяй". Відаць, нікуды не пайду, бо да вечара абяцаў прачытаць і вярнуць гэту кнігу. Кніга з першых старонак захапіла мяне сваім настроем, суровым рэалізмам і бязлітасным трагізмам герояў, праўдай без ніякіх прыкрас. Нідзе не магу дастаць Мальро "Часы пагарды". Шкада, што я да гэтага часу не прачытаў гэтай кнігі. Ад ракі, чапляючыся за вяршаліны сосен, з грымотамі плыве хмара. Ёсць надзея, што ў дождж ніхто сёння да мяне не прыйдзе. Змагу спакойна пачытаць і папрацаваць. Але перад тым, як узяцца чытаць, перапісваю ў першай рэдакцыі свой новы верш "У камісійным магазіне":
– Што вы прынеслі здаць?
Шапку? Такой дзіравай не возьмем.
Пінжак? Але ж на ім – лата на лаце.
Яго і рызнік у вас не купіў бы.
А штаны – праседжаныя да дзірак.
Дзе іх пан гэтак праседзеў?
Што? На Лукішках?
Не, мы нічога не можам прыняць.
Вы прапануеце рукі?
О, Езус-Марыя!
Ну, хто купіць гэткія рукі,
Параненыя кайданамі.
7/VІ