Ніяк не магу ўспомніць, у якой газеце чытаў я, што недзе каля Маладзечна ў аднаго музыканта-самавука ёсць скрыпка несмяротнага Страдзіварыуса. Музыкант атрымаў яе ў падарунак ад раненага аўстрыйскага афіцэра яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны. Як я адразу не занатаваў гэтага цікавага факта! А цяпер – шукай ветру ў полі!
Дасталі з Кастусём некалькі нумароў парыжскай эмігранцкай газеты. Па першых нумарах цяжка было сарыентавацца, якога яна напрамку, і толькі зараз убачылі знаёмыя бела-чырвона-белыя са свастыкай вушы яе рэдактараў.
Сённяшні дзень быў такі гарачы, што аж уначы, нагрэтыя і асветленыя сонцам, калоны кафедральнага сабора, здавалася, гарэлі свечкамі і дыхалі жарам. Дома застаў госця – старога знаёмага К., што служыў парабкам у маёнтку пана Аскеркі ў Азерцах ля Глыбокага. Зараз, пасля Лукішак, шукае працы. Доўга праседзелі мы з ім, успамінаючы нашы першыя сустрэчы ў Азерцах, калі я хаваўся ў свайго дзядзькі Лявона Банькоўскага, нашы супольныя вандроўкі ў Докшыцы, Лужкі…
8/VІ
Прачытаў Пентака "Азбуку вачэй", "Зямля адплывае на захад" і "Яся Кунэфала". Надзвычай цікавы паэт. Эпіка яго, палітра яго – цяжарныя новымі адкрыццямі. Я гэта адчуваю, хоць не ўсё яшчэ ў ім для мяне зразумела.
Быў у Д. Як заўсёды, разгаварыліся з ім аб паэзіі. Ён прачытаў і пераклаў мне некалькі цікавых вершаў Градэ, Шымеля, Бергельсона і іншых віленскіх яўрэйскіх паэтаў. Абяцаў некалі зацягнуць мяне ў клуб "Макабі" на літаратурны вечар.
Дзядзька Рыгор падабраў пару маіх вершаў для К. Галкоўскага, які хоча на іх напісаць музыку. Я перагледзеў тэксты і папрасіў, каб ён не спяшаўся, пакуль я не зраблю іх больш пявучымі.
Каля Лукішак сустрэў групу арыштаваных, якіх пад вартай паліцыі кудысьці пераганялі. Усе былі скутыя. Напэўна – палітычныя. Прыгадаў сваё першае вяртанне з Лукішак. Бацька ўсю дарогу маўчаў, а я, каб адвесці прыкрую гутарку аб маім сумным лёсе, аб маёй "змарнаванай" будучыні, гаварыў аб набліжэнні рэвалюцыі ў Польшчы. Не знаю, ці пераканаў я свайго старога, але сам я быў рад, што ён мне не пярэчыў і слухаў. Гэта было, здаецца, самае вялікае маё палітычнае выступленне, бо цягнулася больш за тры гадзіны, ці каля 20 кіламетраў з Мядзела да Шлькаўшчыны.
9/VІ
Быў у К. Жыве ён у цеснай і цёмнай кануры. Добра, што з акна хоць весялейшы від: высокі абрывісты бераг Вілелкі, усеяны валунамі, далей – некалькі хат, за якімі – "край зубчаты бору". Ва ўсіх кутках – кнігі, газеты, часопісы, сярод якіх вельмі прыгожа і багата аформлены нумар "Аркадаў", прысвечаны слуцкім паясам. К. паказаў мне цікавую калекцыю рэпрадукцый Марка Шагала. Ён, відаць, любіць гэтага мастака: шмат цікавага расказваў мне пра яго, пра Кандзінскага, Малевіча. Паказаў некалькі работ Блёндэра, Стэрна, з якімі ён сустракаўся, калі жыў і вучыўся ў Кракаве. У сюжэтах шагалаўскіх ёсць шмат знаёмага мне з дзіцячых казак і кірмашных балаганаў. Толькі ўсё гэта перамешана з такой вакханаліяй фарбаў, якая і ў сне не прысніцца. Раней я быў вельмі скоры на канчатковыя вывады і безапеляцыйныя прысуды. Вельмі ж мне тады здавалася ўсё простым і зразумелым. Можа, некалі буду зайздросціць свайму былому "ўсязнайству". Цяпер асцярожней стараюся падыходзіць да ацэнкі, бо гісторыя літаратуры і мастацтва гаворыць, што асуджаныя часта перажывалі сваіх суддзяў і іх трыбуналы. Дамоў вяртаўся з пачуццём чалавека, які раптам разбагацеў. Ад бачаных мною карцін мастакоў я нёс з сабою нейкую дзівосную музыку, надзвычайнае спалучэнне колераў і непакой пошукаў. Мне здаецца, што патрабаваць ад мастацтва, каб яно было адбіццём толькі рэчаіснасці, – вельмі мала. Тады хопіць і фатографаў.
На Антокалі сустрэў П. Сергіевіча. Пабываў і ў яго майстэрні. На сцяне, побач з іншымі партрэтамі, вісіць адна з яго найлепшых работ – партрэт Лю. Паказаў ён мне шмат рэпрадукцый з карцін вялікіх мастакоў Адраджэння, прывезеных ім з Рыма. Казаў, усе грошы аддаў на іх. Хацеў і апошнія штаны прадаць, каб набыць яшчэ больш гэтых скарбаў, ды на свае старыя лахі не знайшоў пакупніка.
Пётр Сергіевіч – своеасаблівы, з ярка выражаным нацыянальным характарам, мастак. Толькі ў наш час, калі ад кожнага патрабуюцца выразныя, акрэсленыя погляды, ён можа здацца чалавекам, які слаба арыентуецца ў палітычных напрамках, класавых антаганізмах. I барацьбе. Яму ўсе здаюцца добрымі, шчырымі, самаахвярнымі, нават такія прайдзісветы, пра якіх перад сном і гаварыць не хочацца, каб не прысніліся. Адзін з іх стараецца ўгаварыць мастака напісаць карціну на нейкую сваю псеўдагістарычную тэму, другі – на рэлігійную, трэці…
– Як ты, брацятка, думаеш?
Я гавару, што думаю пра ўсе гэтыя прапановы. Не знаю, ці пераконваю яго, хоць ён, як вельмі далікатны гаспадар, не аспрэчвае свайго, можа, нават грубаватага ў выказваннях, госця. Але хутчэй за ўсё ён сам сваім мужыцкім інстынктам знаходзіць правільнае рашэнне. Бо, калі потым прыходжу да яго, бачу на сцяне некалькі новых партрэтаў яго браслаўскіх землякоў, на тварах якіх выразна выпісана іх класавая прыналежнасць, а ў вачах – мужыцкая ўпартасць і ўпэўненасць у сваіх сілах і вера ў лепшую будучыню.