Вяртаўся праз Бернардынскі парк. Ноч была цёплая, але велымі росная. Здаецца, з лістоў каштанаў можна б напіцца гэтай жывой вады, ад якой устаюць стаптаныя травы, знікае стома, маладзеюць людзі і зямля.

10/VІ

У паветры ўсё больш і больш пахне порахам. Чуваць, пачаліся на заходняй граніцы розныя гітлераўскія правакацыі. Ніколі, як сёлета, не прыязджала ў Заходнюю Беларусь столькі турыстаў і людзей на адпачынак з цэнтральных і іншых раёнаў Польшы. Толькі ўрадавыя газеты маўчаць. Тым, хто мог бы ўдарыць у набат, звязалі рукі; тым, хто мог бы сваім голасам папярэдзіць аб небяспецы, закрылі рот; тыя, хто павінен быў узначаліць барацьбу супроць фашызму, абяззброены. Але баюся, што могуць спраўдзіцца ўсе мае найгоршыя прадбачанні.

Ізноў узяўся за фальклор. Я часта вяртаюся да яго як да крыніцы, каб асвяжыць свае вусны, змыць з твару дарожны пыл. Але доўга каля гэтай крыніцы стараюся не затрымлівацца. Паэзія павінна адкрываць новае. Інакш яна перастане быць паэзіяй. А новае трэба шукаць на жыццэвых шляхах не толькі свайго, але і іншых народаў.

У К-ра дужа цікавая бібліятэка паэзіі. Я пазычыў у яго Рэмбо, Рыльке, Валеры, Малярмэ, Лесьмана – усіх найбольш выдатных сімвалістаў.

У Ігнацьеўскім завулку сустрэў групу арыштаваных. Наперадзе ішоў са скутымі рукамі, у сялянскай вопратцы яшчэ малады хлопец. Ён прыглядаўся да прахожых, быццам шукаў сярод іх некага знаёмага.

11/VІ

Каля Звярынецкага моста, дзе калісьці размяшчаўся цырк Станеўскіх, затрымаўся абоз цыганоў. Я спыніўся на хвіліну, каб палюбавацца на надзвычайную, яркую квяцістасць хустак жанчын. Некаторыя з іх, заўважыўшы, што я прыглядаюся, падыходзілі і прапаноўвалі паваражыць. Але нашто мне варажыць, калі я і без карт ведаю наперад, што мяне чакае дарога (паеду дамоў), што хутка атрымаю пісьмо ад сваёй бубновай, зычлівай мне асобы (Лю), а потым – пасланні з казённага дома (розныя судовыя павесткі), што і сам казённы дом даўно па мне сумуе (яшчэ шэсць месяцаў мушу адсядзець за свій зборнік "На этапах) і г. д.

Трэба будзе навесці распарадак у сваім часе. А то пасля сустрэчы з цыганамі паплёўся на вакзал, пазнаёміўся з раскладам цягнікоў, быццам мне яны маглі прывезці нейкую радасць. Так і змарнаваў увесь дзень на вандроўкі па горадзе. Прайшоў усе вуліцы, вылажаныя гладкім каменнем, потым – брукаваныя, далей – проста вуліцы, за якімі працягнулася сцяжына, якая завяла да Панарскіх узгоркаў і сосен.

12/VІ

Заходзіў сваткаўскі Ёська. Як ён мяне знайшоў у Вільні? Папрасіў, каб я яму даў свае зборнікі вершаў. Мы часта калісьці з дзедам і бацькам затрымліваліся ў яго карчме, паілі каня, грэліся. Помню, заўсёды ў яго – асабліва ў святочны дзень – было шумна і людна, а ў будні – грэліся, пілі гарэлку вазакі.

Недзе чытаў я, здаецца, у Быстрона, што даўней мужыкоў змушалі піць гарэлку, нават кожнаму падданаму вызначалі норму. Так і прывучылі народ да гэтага пякельнага зелля. Зараз у каго знойдуць самагон – караюць турмой і штрафам, а таму, хто выдасць самагоншчыка з яго апаратам, урад выплачвае значныя прэміі. Ёсель расказваў, што ў іх некаторыя малазямельныя і беспрацоўныя сяляне дамаўляюцца і выдаюць адзін аднаго, а потым папалам дзеляць узнагароду.

У Студэнцкім саюзе ад М. атрымаў два вершы Ф. Каравацкага. Але М. абяцаў мне даслаць яшчэ некалькі песень гэтага аўтара на беларускай і польскай мовах. Адну з іх я калісьці чуў. Песня харошая і баявая. Праўда, напісана яна ў стылі "дзядоўскім", крыху нагадвае валачобную. Толькі дзе іх надрукуеш?

Сёння К. завёў мяне ў нядаўна адкрытыя падземныя галерэі Дамініканскага касцёла, дзе мы ўбачылі горы змуміраваных трупаў. Гавораць, што ў часы шведскіх войнаў, калі эпідэмія халеры касіла жыхароў Вільні, манахі сцягвалі сюды памёршых і абкурвалі іх дымам, каб забіць гэту пошасць. Таму ўсе трупы і скляпенні падземных галерэй – чорныя. У адной з галерэй манах-праваднік паказаў нам раскрытую труну, у якой ляжаў у чырвоным аксамітным халаце нейкі магнат. Чамусьці жывот у яго накрыж разрэзаны і сшыты грубымі ніткамі. Побач – труп жанчыны з маленькім дзіцянём. Нават смерць не змагла разарваць абдымкі маці. Калі выйшлі на дзённае святло, здалося, што мы выйшлі з таго свету.

14/VІ

Прыехаўшы дамоў, абавязкова запішу ўсе назвы пількаўскіх урочышчаў. Я толькі помню некаторыя: Жукову, Краснаўку, Пружанку, Свінарку, Барсукі, Махнатку, Клецішча, Вялікі Бор, Тарчышнік, Вярхі, Нявераўскае, Бель, Дуброву, Сінюху, Плёсы, Мохаўку… Балотныя астравы: Малышкін, Слабодскі, Высокі, Пашкаў. Акрамя назваў урочышчаў яшчэ засталіся ў нас і назвы шнуроў. Няма і пядзі неахрышчанай, безыменнай зямлі…

Мне здаецца, што няма ў нас месца, дзе не было б паэзіі. Яна вакол нас, як паветра. Я яе знаходзіў і ў турэмнай адзіночцы, дзе былі толькі голыя сцены. Праўда, былі часы, калі я яе не бачыў, але гэта былі часы мае слепаты.

Апошнія дні я начытаўся розных замежных паэтаў, і ў маіх вачах выраслі многія нашы не толькі выдатныя, але і тыя, што ходзяць у званні "сярэдніх", а ў сапраўднасці з’яўляюцца паэтамі, вартымі большай увагі.

15/VІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже