Пасля кожнай сустрэчы з Ш. даведваюся, што ён адкрыў новага геніяльнага пісьменніка і мастака. Я яму сказаў, што не займаюся і баюся займацца падобнымі прароцтвамі. Помню, калі пачыналі гаварыць пра нашых дамарослых прарокаў, дзядзька Фадзей смяяўся: "Усе прарокі ў мокры год вымакаюць, а ў суш высыхаюць. Не ведаю толькі, адкуль яны бяруцца зноў".

Прачытаў зборнік "На покуці" нашага беларускага ксяндза Бакі – Янкі Быліны. Я не буду крытыкаваць аўтара, які зрабіў непасільную для яго работу, напісаўшы гэты зборнік. Мова і вобразнасць яго – вельмі прымітыўныя, будова саміх твораў нагадвае нядзельныя пропаведзі ў касцёле. Але ў байках ёсць шмат народнага гумару, а ў вершах – шчырага пачуцця.

16/VІ

Калісьці, здаецца, Поль Фор выказаў думку, што паэзіяй нельга займацца, з ёй трэба нарадзіцца. Але ў нас паэзіяй займаюцца нават тыя, каго і на гарматны стрэл не трэба б да яе падпускаць.

Наведаў сваіх літоўскіх сяброў на Антокалі. Вяртаўся ад іх увечары. Не было куды спяшацца. Я узышоў на Замкавую гару, адкуль рукой падаць да Трохкрыжовай, увянчанай арыгінальным помнікам, бачным амаль з усіх кварталаў горада. Каля магілы паўстанцаў 1863 года – група турыстаў. Пад крыжам – цярновы, зроблены з дрэва, вянок. Вячэрняя зара доўга дагарае на шпілі, званіцы кафедральнага сабора, якая, быццам узняты палец праведніка, грозіць гораду, што западае ў змрок распусты, у пякельнае полымя разнаколерных рэкламных агнёў рэстаранаў, бараў, кіно, магазінаў… На галоўнай вуліцы – Міцкевіча – конная і пешая паліцыя. Чуваць быў нейкі скандал у рэстаране "Штраль": са студэнтамі пабіліся ваенныя. Каля магазіна спыніў мяне К. Досыць непрыемны чалавек, але патрэбны, бо толькі праз яго магу амаль рэгулярна чытаць у бібліятэцы савецкую прэсу. Угаворвае мяне ўзяцца за гістарычную тэму. А ва мне сядзіць нейкі чорт, які, калі нехта нешта раіць, штурхае ўсё рабіць наадварот. Пачаў мне хваліць анемічныя вершы А. Бартуля. Паспрачаліся. Я спытаў у К., ці чытаў ён паэтаў, творы якіх, на вялікі жаль, друкуюцца толькі ў розных абвінаваўчых актах. Не. А шкада!

17/VІ

Цэлымі днямі працую над новымі вершамі, раблю нарыхтоўкі, розныя нататкі, якія некалі прыдадуцца. Стараюся сарыентавацца ў джунглях розных сучасных напрамкаў і школ. Як няверны Фама, хачу да ўсяго дакрануцца сваімі рукамі, каб знаць, што чаго варта. У нас часта гаворыцца аб вернасці традыцыям. Сапраўднай традыцыяй павінен быць бунт супроць усяго, што аджыло свой век, бунт супроць розных схем, а не наследаванне адкрыццям мінулага.

18/VІ

Запісаў залатыя радкі з народнай песні:

З’ездзіў коніка гарцуючы,

Стаптаў боцікі танцуючы,

Сцёр шапачку кланяючыся,

Змачыў хустачку ўціраючыся.

А запісаў я гэта ад музыкі, калі апошні раз гасціў у свайго задубенскага дзядзькі Ігнася. Музыка вяртаўся з нейкага вяселля і, збіўшыся з дарогі, зайшоў на хутар. Дзядзька вывеў яго на гасцінец і паказаў, куды ісці. Доўга ў вячэрняй цішыні чуўся захмялелы спеў музыкі і рып яго гармоніка.

На рынку гаварылі дзве жанчыны пра некага, што ён жыве, як у раі. Цікавая тэма для сатырычнага верша: "Направа ад раю". Трэба будзе падумаць аб ёй, а пакуль запішу яшчэ адну тэму, якая даўно мяне непакоіць. Калі багі раздавалі ўсім людзям таленты, апошняму дастаўся толькі смех, на які ніхто не звяртаў увагі. Толькі потым з жахам схамянуліся багі, што чалавек, узброены смехам, можа аказацца дужэйшым за іх…

19/VІ

Заходзіў паліцыянт праверыць, ці дома я, ці не ўцёк куды. Убачыўшы ў дамавой (мальдунковай) кнізе, што я з Мядзельскай гміны, пачаў пералічваць знаёмыя вёскі, засценкі, маёнткі, у якіх ён быў, калі служыў у Крывічах.

– Не пашанцавала, – казаў. – Пасля нападу ў 1922 годзе партызан на пастарунак панізілі ў чыне і перавялі ў Вільню.

– Цяпер у вас, напэўна, менш работы? – запытаўся я ў яго. – Газеты пішуць, што кампартыя распушчана…

– Гэта я ведаю, але камуністы астаюцца камуністамі – вось бяда, – адказаў ён і паспяшаў развітацца.

Узяўся за недакончаныя вершы, хоць адчуваю, што за плячыма стаіць непажаданы чытач і сочыць за кожным маім словам. Таму і дзённік мой падобны да нейкага схову, з якога толькі я, калі не забуду, змагу некалі дастаць прыхаванае ад ліхіх вачэй і рук.

21/VІ

Цяжка расці сярод людзей, у якіх няма чаму павучыцца, сярод людзей, якія не могуць выбрацца са сваёй заходнебеларускай засцянковасці. У кнігарні на Вастрабрамскай сустрэў некалькі дзеячаў, з якімі паспрачаўся. Папракаюць нас, маладзейшых, у адсутнасці належнай пашаны да старэйшых, да таго, што яны зрабілі, і г. д. і г. д.

I ў той жа час баліць сэрца, гледзячы, як мы, у лапцях, бяжым, задыхаючыся, каб дагнаць суседзяў. А пакуль што на шырокім свеце пра нас амаль нічога не чуваць.

Забег у Студэнцкі саюз перагледзець газеты і перачакаць навальніцу. Падышла К., якая быццам цікавіцца беларускай паэзіяй.

– Што вас натхніла пісаць вершы? Каханне?

– Перш – цікавасць, а потым – злосць на неверагодную колькасць дрэнных вершаў у нас.

22/VІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже