Сёння прыйшла больш дакладная вестка аб смерці Трахіма. Не веру, што ён мог пакончыць самагубствам. Ён, як жывы, стаіць перад маімі вачыма. Бачу яго, здаецца, у папяросным дыме (любіў шмат курыць), у цьмяным святле настольнай лямпы на Партовай, 9, у невялічкім пакойчыку Ніны Тарас і Зіны Еўтухоўскай, у якіх мы часта з ім сустракаліся, або на Сняговай, у Лю, куды ён заўсёды прыходзіў у змроку ночы, што зараз апусцілася над ім назаўсёды. Цяжка знайсці вінаватага ў яго арышце і смерці. Маглі за ім прасачыць, але я больш схільны думаць, што на яго след навялі тыя, з кім ён вёў перагаворы па лініі арганізацыі Народнага фронту. Сярод іх былі людзі, варожа настроеныя да нас і ад якіх усяго можна было дачакацца.
23/VI
Толькі што закончыў новую частку "Сілаша".
Пяюць і пяюць акрутні, палазы на марозе.
Над Лугам Зялёным – прозалаць дня.
Чырвоныя, сінія інею іскры маросяць,
Воўчым следам брыдзе на палях цішыня.
У вуліцы, на цёмных высокіх калках-верацёнах
Вецер снежнага кужалю туга павіў.
Дзе-нідзе чарнее гной на дарозе і гоніць
Сівер каліва сена – балотнай травы.
Льецца з вадой ля калодзежаў говар і стыне.
– А, здароў!.. На вяселле прыехаў дамоў?..
Сілаш плюшчыць вочы ад сонца, ад словаў Юстына
I ад яснай усмешкі ў ашчэры зубоў.
У хаце шумяць, як у подзе сялянскія жорны.
З бэлек капае зелень хваёвая ў дым.
Эх, белы прастор! Вераб’іны ты дзень навагодні!
Эх, аб чым, скрыпачы, граеце маладым?..
Чарадзеем сёння музыкант:
Быццам сонца выпіўшы, смяецца,
На цымбалы ападзе рука –
I заменіць струны ў белым вецер.
I шуміць той вецер каля ног,
Высака мяцелячы спадніцы,
Аж пакуль падлога і парог
Звонкім полымем не загарыцца.
А дыхне ад хмелю гарачэй, –
Адзавецца песняй зруб сасновы,
Васількі пасыплюцца з вачэй.
З-пад хусцін узорных, паркалёвых.
У прыўне цішэй. Сказы рвуцца, як ніткі, і чутна,
Як пра дальнія весткі гаворыць Сілаш.
Ужо сывараткай змрок цэдзіцца мутна
Праз аконныя шыбы. – Што ж добрага ў вас?..
I хлынуў праз вусны засмяглыя жаль перажыты,
Чырвань з ранаў, якіх не заціснеш рукой;
Устала жыццё з ніў, зімы малачаем прыкрытых,
Зашумела сівой галаўнёй, гавылой.
Падпёршы вушак, маладзіцы ў кутку гаварылі.
Перабралі пасажную скрыню, сватоў.
– Дыван адзін новы, – ўздыхнула салдатка Марыля, –
Сама бачыла, ў восем ці ў дзесяць нітоў,
I зрэб’я труба… Потым пелі і зноў уздыхалі,
Што на полкі няма тонкага палатна,
Што Зосю без даўніх варожбаў вялі, спатыкалі
I што плакала трохі замала яна.
За печ нехта лез ў кажуху скамарохам кудлатым.
Піск дзяўчат, шум, раскацісты смех за сталом;
Расставіўшы полы, з услона, на цэлую хату
Галасіста пяяў Пераброд петухом.
Адгарнуў чупрыну музыкант
З полымем вячэрняга загару
I лязом сярэбраным смыка
Перавёў па струнах, гулка ўдарыў.
Гарманіст гармонік расцягнуў,
I зайграў ён Нёманам бруістым
Пра юнацтва, маладосць-вясну,
Пра шляхі-дарогі ў полі чыстым.
I напеў той вырваўся з сяней,
Залунаў, акрылены, над Логам,
Дзе ярчэй у змроку і ярчэй
Расцвітала Млечная Дарога.
Агарак лучыны дыміць пахам бору – жывіцай,
Быццам ноч развіваецца дымам з матка.
У чалесніку тлее вуголле Мядзведзіцай, Сітцам;
Льецца месяц з кужэльных махроў ручніка.
Паўзе па іконе прусак ці мо іншая мошка.
Святы зморшчыўся, быццам сабраўся чхаць,
Ды страх разбудзіць тых, што дрэмлюць на ложках,
На падлозе і на лавах, змарыўшыся, покатам спяць.
Маўчыць цудатворац. За посцілкай чуецца голас:
– Не храпі так, Сымон, а то нельга заснуць.
Казала, не пі… ды прачніся… З каленяў голых,
Чуеш, коўдру сцягнуў… – Ціха ў цёмную муць
Словы падаюць: – Эх, баба!.. Ну, што табе трэба?..
Засынаючы, зноў храпе глуха Сымон.
А потым на вочы, здаецца, спусцілася неба,
I Сілаш не пачуў, як абняў яго сон.
Прыснілася: ляціць стада дзікае качак,
Дзед Сцяпан папраўляе вясеннюю снасць.
Нясе вецер з поля журботнае водгулле – плача
Расой слёз незасеяная цаліна…
Збудзіўся…
За посцілкай чуюцца ціхія ўсхліпы.
Зосі плач нейкім страхам праймае яго.
Мо выйсці?..
Завесы дзвярэй адклікаюцца скрыпам.
Рэдка ў шыбах замёрзлых міргае агонь.
Другі канец хаты вяселлем яшчэ ўсё буяніць.
На дварышчы мінуў Сілаш коней, вазкі.
Ляжыць у адным Пераброд, абымаючы сані,
Спіць асаднік расхрыстаны. А з-за ракі,
Світаючы, снежныя стужкі нясе вецер полем –
I прыемна іх шолах кладзецца ля ног.
Вобраз Марты чамусьці ўстае ў гэтым снежным
прыволлі.
Тут не гэта заносіць мяцельная ноч…
Далёка ўздымаецца, пунсавеючы, золак,
Плыве на пагорку круты перакат.
Тады Сілаш бачыць ля жэрдзяў гнілых
частакола
Яшчэ не замецены след адзінокі шашка.
27/VІ
Чакаю, як ля мора пагоды, лепшых дзён. Прызнацца, гэта крыху абнадзейвае. I чытаю. Чытаю розных аптымістаў і пранізаных песімізмам і катастрафізмам жагарыстаў. Баюся, што апошнія могуць аказацца большымі правідцамі будучыні, бо толькі сляпыя не бачаць набліжэння навальніцы. А што да напрамкаў у сучаснай літаратуры, дык зараз, бадай, няма нейкага аднаго універсальнага напрамку, які падабаўся б усім. Можа, гэта – часовая з’ява?
28/VІ