Надышлі так званыя "Дні мора". У гэты час на чыгунцы прадаюць зусім танныя білеты ў Гдыню, з чаго вырашыў пакарыстаць і я. Кошт майго падарожжа ўзялося аплаціць Варшаўскае Беларускае культурнае таварыства, з той умовай, што я ў іх спынюся на некалькі дзён і выступлю на літаратурных вечарах. Неспадзявана ў вагоне сустрэў свайго друга Ёнаса Каросаса. Нам нават удалося размясціцца ў адным купэ. Не адрываючыся ад акна, я з цікавасцю глядзеў на незнаёмыя мне краявіды цэнтральнай Польшы, Памор’я. На світанні, калі цягнік наблізіўся да граніцы "вольнага горада Гданьска", кандуктар, асцерагаючыся розных эксцэсаў са стараны гітлераўцаў, папярэдзіў пасажыраў, каб не адчынялі вокны. I так мы праехалі па замініраванай тэрыторыі, па зямлі, дзе ўжо тлее вогнішча вайны. Ніхто не вымавіў уголас гэтага страшнага слова, але яго смяротны подых адчуваўся і ў нашым маўчанні.
Цягнік памалу прайшоў нейкім змрочным каньёнам. На перакінутым цераз чыгуначнае палатно мосце я ўпершыню ўбачыў двух фашыстаў са свастыкай на рукавах. Дык вось яны – сучасныя інквізітары, якія пад гул маршаў "Хорст Вессель" і "Deutshchlanlid" палілі несмяротныя творы чалавечага розуму і якія ператварылі Нямеччыну ў велізарны канцлагер. А там, дзе паляць кнігі, – калісьці перасцерагаў Гейнэ, – урэшце паляць і людзей…
Аж усе лягчэй уздыхнулі, калі Гданьск астаўся за намі і мы ўбачылі мора. На рэйдзе стаялі грузавыя, пасажырскія і ваенныя караблі. Наш цягнік спыніўся на гданьскім вакзале, мы ўсе высыпалі з вагонаў на перон.
Я ўпершыню бачыў такія светлыя, шырокія, толькі што збудаваныя новымі гмахамі вуліцы. Гдыня, як вядома, была самым маладым партовым горадам Польшчы, пабудаваным за апошнія 10–15 год на месцы невялічкага рыбацкага пасёлка. I, можа, таму ўсе гэтыя новыя дамы, партовыя краны і мачты караблёў мне здаліся дэкарацыямі да нейкага спектакля, у якім і мы ўдзельнічаем, хоць не знаем ні сваіх роляў, ні таго, чым ён закончыцца. Прызнацца, хоць я ўпершыню бачыў мора, але столькі разоў і мае папярэднікі, і мае сучаснікі, і я рыфмавалі яго ў сваіх вершах, што яно не зрабіла на мяне такога ўражання, як я спадзяваўся. Можа, яшчэ і таму, што ўсе мы часта яго малявалі бурным, грозным, а сёння яно было прыгожае, спакойнае, а хвалі на ім былі не большыя, чым на маёй Нарачы.
Наш экскурсавод – вельмі падобны да коміка Макса Ліндэра і такі ж, як той, без меры шчодры на жарты – пачаў збіраць нашу турысцкую групу, каб паказаць Гдыню і порт. Шум. Гам. Я пакінуў усіх і адзін пайшоў блукаць па горадзе, у якім нельга заблудзіцца, бо адусюль відаць мора і мачты караблёў, а вуліцы ўсе – шырокія і простыя і не такія блытаныя, як у Вільні.
29/VІ
Учора позна вярнуліся на начлег у свае вагоны. Вярнуліся, змораныя чайкамі, сонцам, ветразямі, шумам Балтыкі. Найбольшае ўражанне пакінуў паўвостраў Гэль, які падобны да жоўтага, распаленага ў сонцы нажа. Нехта аж па дзяржанне ўбіў яго ў грудзі мора, і мо таму яно стогне і днём і ноччу. У пошуках бурштыну мы далёка прайшлі па лязе гэтага нажа, то хаваючыся ў засень пагнутых штормамі сосен, то акунаючыся ў асвяжаючую кіпень хваль.
Чамусьці зусім не хацелася спаць. Гутарка зайшла аб творчасці У. Уітмена, потым аб нацыянальным характары. Дарэчы, здаецца, ніхто ў нас гэтым пытаннем не займаўся. Самі мы сябе захвальвалі аж да ташнаты, а чужыя людзі часта няслушна і абразліва чарнілі нас. А характар кожнага народа складаецца не толькі з сумы адных станоўчых рысаў, але і з адмоўных. I, напэўна, ёсць шмат супольных рысаў у характары розных народаў, асабліва – блізкіх. Але ёсць у нас адна "свая" неад’емная рыса, якой, здаецца, ні ў кога з нашых суседзяў не сустрэнеш і якая склалася ў выніку розных гістарычных працэсаў, гэта – абыякавасць да сваёй мовы і культуры…
Перад сном яшчэ паспеў прагледзець газеты. Гучныя і пустыя словы: прапаганда сілы "мацарствовасці" (вялікадзяржаўнасці), непераможнасці. На каго ўсё гэта разлічана? Праўда, гэта прапаганда нічым не падмацаванага аптымізму некаторых так засляпіла, што яны перасталі бачыць горкую і трывожную рэчаіснасць.
Ноччу наш вагон кудысьці перагналі на іншую каляю. Доўга з ражком стрэлачніка пераклікаўся манеўровы паравоз. Потым усё сціхла: толькі відаць было, як у начным небе кагосьці шукаў пражэктар.
30/VІ