I так, я апынуўся на радзіме кашубаў. Праўда, у Гдыні не так лёгка сустрэць гэтых спрадвечных гаспадароў Памор’я, якіх бязлітасна вынішчалі крыжакі і германізавалі прускія юнкеры. Ды і зараз да іх адносяцца, як да нейкіх дзівакоў, што трымаюцца сваіх звычаяў і нават выдаюць газету на сваёй "гвары", на мове шорсткай, як прыбярэжны жвір, з адгалоскамі хваль, што вымываюць бурштын, на мове шумнай, як гэты вецер, што свішча ў рыбацкіх сетках і прыземістых соснах. З Каменнай гары – незабыўны від на Гданьскі заліў. Ля пірса высіцца грамада пасажырскага карабля "Шлсудскі". На беразе зачарпнуў жменяй марской вады. Яна мне здалася толькі злёгку салёнай. Хвалі гайдалі некалькі медуз. Нізка кружылі чайкі. Я папрасіў фатографа зняць нас з Ё. Каросасам. Мы і не агледзеліся, як ён шчоўкнуў сваім апаратам і ўручыў мне сваю візітную картку (Гдыня, Агенцтва фатографаў-аматараў. Тэлефон 35–34), сказаўшы: "Пасля паўдня зможаце атрымаць свае здымкі".
Пацягнуўся на рынак, дзе высіліся цэлыя горы шчупакоў, вугроў, ляшчоў, нейкіх цёсаў, цэршаў, флёндраў, доршаў, макрэляў… Я пачаў запісваць назвы рыб, а потым кінуў – усё роўна ўсіх не пералічыў бы.
А на рынку, як і ў нас, адчуваецца недахоп сярэбранай дробязі. Ці не пачалі яе толькі ўсе збіраць, бо, у выпадку вайны, папяровыя грошы ў першую чаргу губляюць сваю вартасць.
1/VІІ
Раніцай прыехаў у Варшаву. Горад яшчэ спаў. Толькі адны дворнікі замяталі вуліцы, узнімаючы хмары пылу. На вакзале мяне сустрэў Г., з якім мы пайшлі на яго кватэру. Жыў ён у шматпавярховай камяніцы, у цесным і змрочным невялічкім халасцяцкім пакойчыку, заваленым кнігамі, газетамі. Адно акно і тое ўпіралася ў нейкую брудную, заплеснелую сцяну. Пасля снядання Г. пазнаёміў мяне з праграмай маіх сустрэч, і мы пайшлі яе рэалізаваць. Дні майго прабывання ў Варшаве, відаць, шчыльна будуць запоўнены рознымі сустрэчамі, а мне яшчэ хацелася б наведаць маіх літоўскіх сяброў – А. Жукаўскаса і I. Кекштаса, якія тут недзе вучацца, і абавязкова пабачыцца з Войцехам Скузам – ініцыятарам арганізацыі сялянскіх пісьменнікаў Польшчы. Гэтымі днямі я прачытаў яго цікавы зборнік вершаў "Фарнале" ("Возчыкі", ці "Фурманы"), дзе быў змешчаны і яго ўступ-маніфест:
"…Мяшчанства, пафутурыстычнае ўскладненне рыфмаў і метафар, мусіць адступіць перад беспасрэднасцю простага слова, як мусяць адступіць штучныя контуры, мёртвыя майстэрні вершапробаў, адмерваючых кожнае сваё слова параграфамі, бяздумнымі правіламі, перад абліччам песні народнай на вуліцы ў часы, калі ўздымаюцца барыкады…".
Не ўсё яшчэ мне зразумела ў гэтай "праграме", але я адчуваю, што гутарка ідзе аб рэвалюцыйнай літаратуры. А гэта – галоўнае. Вярнуўшыся дамоў, перакладу некаторыя яго вершы. Мне здаецца, радаслоўная сялянскай паэзіі Войцеха Скузы ідзе ад геніяльнага "Слова пра Якуба Шэлю" Б. Ясенскага.
На рагу Мазавецкай і Траўгута купіў "Работніка", каб крыху пазнаёміцца з падзеямі апошніх дзён.
2/VІІ
Бясконцыя вандроўкі па Варшаве. Прызнацца, упершыню нікога не асцерагаючыся, я хаджу па гэтым горадзе. Нават няма калі прысесці і занатаваць свае ўражанні. На вечары ў "Асветным таварыстве беларусаў у Варшаве" (на вул. Свентакшыскай, 9-18) сустрэўся з некаторымі сваімі старымі таварышамі – студэнтамі і рабочымі. Падарылі мне букет кветак і новы партфель, у якім я паабяцаў ім да наступнай сустрэчы прывезці новыя творы. На вечары сярод прысутных было шмат нейкіх незнаёмых людзей, сярод якіх, напэўна, былі і такія, якія прыйшлі не толькі паслухаць мае вершы. Таму ў гутарцы з імі я стараўся не выходзіць за межы спраў літаратурных.
3/VІІ