Калі сёння ішоў выступаць у Саюз польскіх пісьменнікаў (в. Перацкага, д. 16, кв. 8), прызнацца, хваляваўся больш, як заўсёды, бо не знаў, як там сустрэнуць і хто будзе прысутнічаць. Тое, што я знаў пра гэты саюз, не магло мяне асабліва радаваць. На чале арганізацыі стаялі людзі з яўнымі прафашысцкімі сімпатыямі, блізкія да ўрадавых кругоў, і беларускі паэт для іх быў, напэўна, нейкай "крэсавай" экзатычнай з’явай, чалавекам, які цудам уцалеў пасля столькіх год гаспадарання іх – паланізацыі і пацыфікацыі Заходняй Беларусі. Вечар павінен быў пачацца ў 17 г. 30 м. Прыйшоў я крыху раней. Сустрэў мяне прэзэс пан Гётэль – чалавек сярэдняга росту, з выглядам сытага купчыка, у якога інтэрас дае добры даход. Пазнаёміў ён мяне з прысутнымі польскімі пісьменнікамі. Чытаць я пачаў вершы, перакладзеныя на польскую мову (Яворскім, Путрамантам), а потым чытаў на сваёй роднай мове. Не знаю, ці разумелі мае слухачы тое, што я чытаў па-беларуску, бо нехта ў перапынку пытаўся ў мяне: "Што такое – "не варта тужыць"?" I калі я растлумачыў, Мальхіор Ваньковіч, які вырас на Беларусі (на Случчыне) і добра знаў нашу мову, дадаў жартам: "Калега правільна зразумеў – "не варта тужыць" як "не варта тут жыць". На вечар чагосьці прыцягнуўся і вядомы ўкраінскі нацыяналіст – паэт Е. Маланюк, прынёс мне свой зборнік "Персцень Палікрата". Тут жа я сустрэўся з вельмі цікавым паэтам і сціплым чалавекам К. Вайнтраўбам. Ён мне падарыў свае два зборнікі вершаў: "Варожы час" і "Спроба вяртання". Гётэль пацікавіўся (не знаю, ад каго ён даведаўся), за што быў канфіскаваны мой першы зборнік "На этапах", распытваў пра беларускіх пісьменнікаў, якія працуюць у Вільні, якія ў нас выдаюцца газеты і часопісы. Гутарка ў мяне з ім не клеілася, і я дужа быў удзячны М. Ваньковічу, калі той запрасіў мяне і яшчэ некалькі чалавек да сябе на абед.

Ноччу доўга не мог заснуць. Пачаў чытаць падораную мне М. Ваньковічам кнігу яго "Шчанячыя гады" – пра сваё маленства. Мне здаецца, што –зараз у Польшчы адчуваюць сантымент да нашай мовы, культуры. Але ад гэтага да сапраўднай зацікаўленасці беларускім пытаннем – яшчэ вельмі і вельмі далёка.

4/VІІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже