У чайной на Маршалкоўскай я сустрэўся з Я. Урбановічам і А. Шыдлоўскім. Запрашалі, каб я прыехаў да іх у Атвоцк, але я адмовіўся, бо яшчэ было ў мяне некалькі запланаваных сустрэч з пісьменнікамі, ды і не хацелася надаўжэй затрымлівацца ў Варшаве. Урбановіч вельмі шкадаваў, што я не магу пазнаёміцца з яго атвоцкімі сябрамі – рабочымі і студэнтамі, якія не мелі магчымасці прыехаць на мой літаратурны вечар. Казаў, што беларускія рабочыя ў Варшаве збіраюцца выдаваць сваю газету, і запытаўся, ці не згадзіўся б я быць яе літаратурным рэдактарам. Я пацікавіўся, хто будзе фінансаваць гэты орган. Урбановіч нічога канкрэтнага не змог адказаць. Спробу выдання газеты толькі за грамадскія складкі, без падтрымкі нейкай масавай арганізацыі я лічыў справай не толькі цяжкай, але і безнадзейнай. Што да майго ўдзелу ў газеце, дык мне хацелася параіцца з некаторымі маімі варшаўскімі сябрамі, і асабліва – з Кастусём (Міронам Емяльянавічам Крыштафовічам). Урбановіч нават абяцаў, калі я перабяруся ў Варшаву, падшукаць нейкую для мяне працу, каб я мог тут жыць. Прызнацца, ідэя гэта мне падабалася, бо ўжо надакучыла сядзець і нечага чакаць. Адзін час я нават збіраўся паехаць у Хожаў, дзе, як пісала Лю, яе швагер Л. Блятон можа памагчы мне знайсці працу на разборцы старых фабрычных каміноў. А потым я думаў падацца ў Чэхаславакію ці ў Літву, дзе пастараўся б паступіць ва універсітэт. З гэтых краін не так цяжка можна было б зноў вярнуцца ў Заходнюю Беларусь. За нелегальны пераход давалі ўсяго некалькі месяцаў турмы. Можна было б, папярэдне дамовіўшыся з таварышамі, паспрабаваць ажыццявіць гэты план, але я яго ўсё адкладваў і адкладваў. Як і ўсе мае таварышы, чакаў змен. I чым даўжэй зацягвалася гэта чаканне, я з большай упартасцю стаяў на сваім – можа, зусім нікому не патрэбным – пасту: вёў перапіску з былымі карэспандэнтамі і супрацоўнікамі "Нашай волі", "Беларускай старонкі", газеты "Папросту", паэтамі, якія згуртаваліся каля "Беларускага летапісу" і "Калоссяў"… Вечарам быў у Вайнтраўба. Яго дужа сімпатычная жонка – пані Ёанна – пачаставала мяне пончыкамі і чаем. Гасцінныя гаспадары запрашалі, калі буду ў Варшаве, заходзіць да іх. Развітваючыся, я паабяцаў прыслаць ім свае зборнікі, а Вайнтраўб – дамовіцца са знаёмымі рэдактарамі, каб яны рэгулярна высылалі свае газеты і часопісы. Калі я выйшаў ад Вайнтраўба, Маршалкоўская ўжо ззяла ўсімі сваімі разнаколернымі агнямі вітрын і рэклам. Зараз Варшава мне здалася вельмі прыгожай, хоць нейкая трывога і адчувалася ў яе шумным і бурлівым жыцці. На сценах дамоў віднеліся велізарныя плакаты. Я думаў, што гэта – рэклама новага фільма, але, прыгледзеўшыся, на адным з іх убачыў партрэт маршала Рыдза-Сміглага і аршыннымі літарамі напісаныя яго словы: "Не толькі вопраткі, але і гузіка ад яе нікому не аддадзім", а на другім: "Маршал, вядзі нас наперад!..". Куды вядзі? Супроць каго? Відаць, крутая заварваецца каша. Трэба хутчэй вяртацца дамоў. Да адыходу цягніка было яшчэ некалькі гадзін. Г. паказаў мне велізарны гмах варшаўскай палітэхнікі, калісьці пабудаваны архітэктарам С. Шылерам за складкі варшаўскіх мяшчан, якія збіраліся гойна сустрэць цара, ды той пабаяўся прыехаць. Гэты будынак даўно ўжо стаў гістарычным. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у ім было шмат бурлівых студэнцкіх мітынгаў, рэвалюцыйных выступленняў. Мае варшаўскія старыя і новыя знаёмыя абяцалі прыйсці на вакзал праводзіць. Не люблю я самой працэдуры нудных развітанняў, і наогул ніякіх развітанняў. Дужа шкадую, што мне не ўдалося пасля літаратурнага вечара, на якім быў Міхал Забэйда-Суміцкі, наведаць яго. Мы ўсё з ім сустракаемся на скрыжаваннях, і ні разу нам не ўдаецца пагаварыць у спакойных дамашніх абставінах, пагаварыць аб літаратуры, аб мастацтве.

А цяпер, калі на кожным кроку вісяць плакаты, якія заклікаюць да абароны, гатоўнасці змагацца, а гэта значыць, што небяспека вайны зусім наблізілася да нас, хто знае, калі зноў сыдуцца нашы крутыя шляхі-дарогі.

5/VІІ

Іржа Іржавіч Эсэрман

Калісьці атрымаў ад бацькі

У спадчыну чырвоны бант

Са светапоглядам лайдацкім.

Ёсць хлеб, соль, грошыкі ў яго,

Дыплом акадэмічны мае…

Але – для крытыка майго –

Яшчэ шмат клёпак не хапае.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже